І пайшлi пакупнiкi на гудок...
Маляўнiчыя абвесткi пра хуткае закрыццё ў сталiцы абутковай крамы i звязаныя з гэтым знiжкi на ўвесь тавар ажно да 70 працэнтаў доўгi час прыцягвалi ўвагу пасажыраў сталiчнага метрапалiтэна. На распродаж абутку адводзiлiся шэсць дзён — з 15 па 20 снежня. Карэспандэнту "Звязды", якi хацеў сумясцiць прыемнае з карысным (падрыхтаваць матэрыял на тэму знiжак, а, калi пашанцуе, то i прыдбаць нешта для сябе) на "месца дзеяння" ўдалося патрапiць на другi дзень распродажу. Якiм жа было маё здзiўленне, калi яшчэ на выхадзе з метро (у 10.20) я ўперлася ў хвост чаргi — прыкладна з сотню чалавек тупалi нага аб нагу побач з крамай, каб у яе патрапiць. Мiж iншым, пакупнiкоў запускалi ў будынак маленькiмi партыямi. На вулiцы было 20 градусаў марозу, але энтузiязму ахвотных набыць абутак па смешных цэнах можна было пазайздросцiць. Тыя, хто прыйшоў на "шопiнг" парамi, па чарзе грэлiся на прыступках увахода ў метро, хоць, шчыра кажучы, там было нiколькi не цяплей, чым на вулiцы. Усiх цiкавiла, цi сапраўды крама знiзiла цэны на 70 працэнтаў? Асаблiва нецярплiвыя спрабавалi зазiрнуць у вокны, разгледзець цэннiкi. "Хутчэй за ўсё, падмануць. Знiзяць цэны на абяцаныя 70 працэнтаў на нейкiя кеды, якiя нiкому не патрэбныя, — разважалi пад вокнамi крамы дзве маладыя жанчыны. — Паглядзi, усе бяруць боты ў рукi i ставяць iх на месца. Напэўна, скiнулi цэны на 10, максiмум — на 20 працэнтаў". Зразумела, што часу стаяць у чарзе, нават выконваючы рэдакцыйнае заданне, у мяне не было, а тым больш не было жадання атрымаць абмаражэнне. Таму патрапiць унутр гандлёвага пункта так i не ўдалося. Затое вярнуўшыся ў рэдакцыю i зазiрнуўшы ў iнтэрнэт, я даведалася аб тым, што рабiлася ў першы дзень акцыi. Калi верыць вiдавочцам, то пакупнiкi сабралiся задоўга да адкрыцця крамы, каб аказацца сярод першых шчаслiўцаў. I як толькi крама адчынiла свае дзверы, натоўп хлынуў у памяшканне. Але выйсцi назад людзi не маглi на працягу гадзiны, паколькi вялiкая чарга падпiрала ўваход з вулiцы. Праз пэўны час iзаляваных у краме людзей пачалi выпускаць праз чорны ўваход, аднак i там хутка ўтварылася чарга. Кажуць, што хтосьцi нават выклiкаў мiлiцыю...
...У гэтай сiтуацыi, падаецца, самы час задацца пытаннем, хацелася б спадзявацца, далёка не рытарычным. Знiжкi — гэта, безумоўна, добра i прыемна. Але цi сапраўды вартыя танныя боты тых ахвяраў, на якiя мы гатовыя пайсцi, прынамсi, не толькi ў фiзiчным, але i ў маральным плане... А калi б арганiзатары абвясцiлi, як гэта было нядаўна ў Расii, каб пакупнiкi прыйшлi па бясплатны тавар у нiжняй бялiзне? Маўляў, дазволяць вынесцi тавару столькi, колькi людзi змогуць вынесцi у руках. Ну не ў дэфiцытныя ж савецкiя часы жывём, цi я не маю рацыi?
Надзея НIКАЛАЕВА.