Чытаць Звязду i глядзець новы тэлевiзар

Источник материала:  

Будуць Марына Гiль са Смаргонi i Алена Пажога з вёскi Абруб Глыбоцкага раёна. Традыцыйна пад Новы год "Звязда" ўручае прызы падпiсчыкам, якiя ўдзельнiчаюць у розыгрышы падарункаў ад любiмай газеты. І на гэты раз традыцыя не была парушана. Два новенькiя "Вiцязi" адправiлiся да сваiх гаспадароў.

Марозным снежным днём мы завiталi на Смаргонскую пошту. Менавiта сюды павiнна прыехаць наша пераможнiца. Неўзабаве у дзверы ўвайшла невысокая ружавашчокая жанчына i сцiпла стала каля дзвярэй. Так яна прастаяла хвiлiн пятнаццаць, пакуль да яе не звярнулiся супрацоўнiкi пошты. Як высветлiлася, гэта i была Марына Гiль.

— Яна вельмi хвалюецца, — папярэдзiла нас дачка Наталля. — Нiколi нiчога не выйгравала. I не выступала перад публiкай

— Жыву я зараз у вёсцы, — збiваючыся, расказвае Марына Уладзiмiраўна. — Адпрацавала 36 гадоў на сiлiкатным заводзе i выйшла на пенсiю. Вырасцiла дзвюх дачок. Старэйшая працуе на заводзе. Ёсць i ўнукi. "Звязду" выпiсваю ўсё жыццё. Калi была маладая, чытала "Знамя Юности", а пасля неяк перайшла на "Звязду". Мне тут усё падабаецца. Вунь i пра здароўе гляджу, бо ногi пабольваюць, пра сад i агарод таксама. Чытаю рубрыку, дзе Янка Крук парады дае. А ўвогуле, уся газета падабаецца. Квiтанцыi дасылаю пастаянна i на гэты месяц таксама даслала. Першы раз выйграла. Там, праўда, пыталiся, цi ў добрыя рукi патрапiць тэлевiзар. Дык вы не хвалюйцеся, у добрыя. Унукам аддам, хай глядзяць.

— Мама вельмi хацела выйграць, — расказвае Наталля. — Газету атрымала пазнавата, не глянулi адразу. Пасля глядзiм — i праўда, ёсць наша прозвiшча.

Чытаць Звязду i глядзець новы тэлевiзарПавiншаваць Марыну Гiль прыйшоў начальнiк iдэалагiчнага аддзела райвыканкама Аляксей Пановiч, а таксама ўсе супрацоўнiкi пошты.

Убачыўшы, што "Звязда" разыгрывае такiя падарункi, падпiску аформiлi Тамара Іванаўна i Анатоль Iванавiч Залескiя. Нашы новыя чытачы атрымалi бейсболкi i нататнiкi з лагатыпамi "Звязды".

— Мы даўно хацелi паспрабаваць вашу газету выпiсаць, — расказвае Тамара Iванаўна. — А тут такая падзея. Якраз нагода. Паглядзiм, пачытаем што за вы.

Тэлевiзар уручылi, i зноў у дарогу праз заснежаны застылы лес. Па дарозе мы паспелi заехаць i перадаць сувенiры для сваiх чытачоў у Маладзечне, Валожыне, Вiлейцы i iншых раёнах. Так што, паважаныя чытачы, заходзьце на пошту, афармляйце падпiску i атрымоўвайце падарункi ад нас!

У вёсцы Абруб "Звязду" чакалi ў школе. Маленькi аднапавярховы будынак з печкамi ў кожным класе i вялiкай колькасцю карцiн, зробленых рукамi вучняў i настаўнiкаў. Старшыня Абрубскага сельвыканкама Васiль Арлоўскi, вучнi, суседзi i калегi настаўнiцы беларускай мовы Алены Пажога сабралiся тут, каб павiншаваць пераможнiцу.

— "Звязду" я выпiсваю больш за 20 гадоў, — расказвае Алена Пажога. — Мне яе параiла выпiсаць Альдона Пятроўна. Я тады яшчэ загадчыцай дзiцячага садка працавала. Я, помню, спытала, што за газета такая? А яна мне ўсё падпiшыся i падпiшыся. Наша сям'я падпiсалася i мы нi кропелькi не шкадуем. А я пасля падбiла падпiсацца сваю суседку Антанiну Чэславаўну. Дарэчы, пра тое, што я выйграла тэлевiзар, мне сказала менавiта яна. Праўда, я нацэльвалася на халадзiльнiк. Але залiшнiм i тэлевiзар не будзе. У нас сям'я пераважна мужчынская, i часам густы не супадаюць. I я ўжо сказала, што адзiн тэлевiзар будзе ў маiм пакоi, i буду глядзець, што захачу.

Дарэчы, наша пераможнiца Алена Станiславаўна мае траiх дзяцей i пiша вершы. Iх неаднаразова можна было ўбачыць на старонках "Звязды". А нядаўна яна стала прыёмнай мамай. У сям'i Пажогаў з'явiўся хлопчык Арцём.

— Мы без "Звязды" нiкуды, — расказвае наша даўняя падпiсчыца з Абруба Антанiна Чэславаўна. — Бывае, пераблытае паштальёнка, укладзе газету ў iншую скрыню. Дык муж мой бунтаваць пачынае, маўляў, як гэта мы сёння без "Звязды". Газета на ўсе пытаннi адказвае. Люблю чытаць "Простую мову" Доўнар. А таксама разглядаю фотаздымкi Клешчука. Ён, напэўна, не есць i не спiць. Усё толькi здымае. (Смяецца). У нас у чацвёртым класе чатыры хлопчыкi — iх таксама прывучаем да "Звязды"...

За ўтульнай амаль хатняй размовай, розыгрышамi маек, кепак i нататнiкаў ад "Звязды" час прайшоў iмгненна. Памахаўшы нам рукой, Алена Станiславаўна i яе памагатыя панеслi скрыню з тэлевiзарам дамоў. А мы iзноў у дарозе. Да новага розыгрышу!

Настасся Занько.

Фота Уладзiмiра Здановiча.

←Мимо кассы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика