Бiзнэсмен з Турцыi наладжваў сэкс-туры
У Беларусi падазроны замежнiк арганiзоўваў клiентам сустрэчы з "начнымi матылькамi"
У панядзелак на вулiцы Старажоўскай у Мiнску супрацоўнiкi падраздзяленняў па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi ГУУС, Цэнтральнага РУУС i МУС Беларусi затрымалi 42-гадовага грамадзянiна Турцыi.
Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленнi iнфармацыi i грамадскiх сувязяў ГУУС Мiнгарвыканкама, замежнiк быў звязаны з фiрмай, якая займаецца турыстычным бiзнэсам. Апошняе ён i скарыстаў, каб арганiзаваць для турыстаў, што прыязджаюць у краiну, пiкантную праграму, у якую ўваходзiлi i паслугi беларускiх путан. Сустрэчы з гандляркамi целам праходзiлi на здымных кватэрах, а таксама ў нумарах фешэнебельных гасцiнiц, у прыватнасцi, такiх, як "Краун-плаза". Прычым, "сеансы кахання" каштавалi клiентам нятанна: цана паслугi складала каля 150 долараў у гадзiну. З гэтых грошай, мiж iншым, падазронаму жанчыны "адсцёгвалi" ад 50 да 80 долараў ЗША. Цяпер дакладна ўжо вядома, што пераважна клiентамi затрыманага былi грамадзяне Турцыi. Аднак следства не выключае i таго, што падобныя паслугi згаданы турак мог рабiць i грамадзянам iншых краiн, iнфармацыя на гэты конт правяраецца. Што ж датычыцца падазронага, то ён змешчаны ў iзалятар часовага ўтрымання.
Iгар ГРЫШЫН.