Дык чый жа самалёт
У Грузіі заяўляюць, што не маюць дачынення да затрыманага ў Тайландзе самалёта з грузам зброі. «Гэты інцыдэнт ніякага дачынення не мае да грузінскага боку»,
— заявіў РІА Новости 14 снежня кіраўнік Адзінай транспартнай адміністрацыі Грузіі Георгій Бучукуры.
Паводле яго слоў, «гэты Іл‑76 належыць адной з грузінскіх авіякампаній Air West, якая перадала самалёт у лізінг украінскай кампаніі SP Trading». Дагавор аб лізінгу быў заключаны 5 лістапада, сказаў Бучукуры.
Як паведамлялася раней, самалёт Іл‑76 (бартавы нумар 4L‑AWA) амаль з 40 тонамі зброі быў затрыманы 12 снежня пасля агляду ў аэрапорце Дон Мыанг у Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі.
Раней старшыня камітэта грамадзянскай авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Казахстана Радыльбек Адзімолда заявіў, што самалёт, затрыманы ў аэрапорце Бангкока са зброяй на борце, належыць адной з грузінскіх авіякампаній.
«Мы па сваёй лініі праверылі: самалёт належыць Грузіі, раней быў у рэестры Казахстана, але 7 кастрычніка 2009 года быў прададзены грузінскай авіякампаніі і выведзены з рэестру Казахстана», — паведаміў Адзімолда. Паводле яго даных, члены экіпажа затрыманага судна маюць казахстанскае грамадзянства. «Яны (затрыманыя лётчыкі) залічаны ў штат казахстанскай прыватнай авіякампаніі East Wing і знаходзяцца ў адпачынку без утрымання. Якім чынам яны былі нанятыя на працу грузінскай авіякампаніяй, пакуль высвятляецца», — удакладніў Адзімолда.
Як паведаміў МЗС Беларусі, адзін з членаў экіпажу — беларус.
Членам экіпажа самалёта прад’яўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі, распаўсюджванні несапраўднай інфармацыі аб характары грузу і спробе нелегальна правезці зброю праз тэрыторыю Тайланда.
Згодна з рашэннем крымінальнага суда Бангкока яны затрыманы яшчэ на 12 сутак і ўтрымліваюцца ў турме Клонг Прэм. Адвакат затрыманых падаў апеляцыю з мэтай вызвалення пад залог.