Ярмошына: Апазіцыя не праявіла ініцыятывы падчас распрацоўкі паправак у выбарчае заканадаўства
Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына 11 снежня ў Мінску ў размове з журналістамі.
Трэба адзначыць, што падчас разгляду паправак у выбарчае заканадаўства ў другім чытанні старшыня камісіі па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Васіль Байкоў паведаміў: «У нашу камісію паступілі звароты грамадзян, няўрадавых арганізацый, у прыватнасці Беларускага Хельсінкскага камітэта, Беларускага таварыства інвалідаў.
Прапановы былі намі вывучаны, большасць з іх — у рамках прапанаваных законапраектам навацый».
Сёння Лідзія Ярмошына заявіла, што «нічога афіцыйна ад Беларускага Хельсінкскага камітэта не паступала».
«Нават падчас маёй анлайн‑канферэнцыі такіх прапаноў не прагучала, — падкрэсліла кіраўнік ЦВК. — Як вядома, у такіх канферэнцыях удзельнічаюць грамадзяне адпаведных, галоўным чынам апазіцыйных поглядаў. Усе пытанні зводзіліся пераважна да абразаў. Ніводнай канструктыўнай прапановы наконт бачання і змены выбарчага заканадаўства не паступала».