Звычайнае прадпрыемства будзе плаціць толькі 5 падаткаў
Падатковая сістэма Беларусі пасля ўступлення ў сілу Асаблівай часткі Падатковага кодэкса будзе ўключаць 30 стандартных плацяжоў. Пры гэтым звычайны падаткаплацельшчык будзе выплачваць толькі 5 з іх - ПДВ, падатак на прыбытак, падатак на нерухомую маёмасць, зямельны і экалагічны падаткі. Аб гэтым паведаміў міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, прадстаўляючы дэпутатам праект Асаблівай часткі Падатковага кодэкса.
Палата прадстаўнікоў прыняла дакумент у першым чытанні.
Праект Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Беларусі вызначае парадак прымянення кожнага з рэспубліканскіх і мясцовых падаткаў, збораў, а таксама асаблівых рэжымаў падаткаабкладання. Па кожнаму падатковаму плацяжу ўстанаўліваецца склад плацельшчыкаў, аб"ект падаткаабкладання, падатковая база, памеры падатковых ставак, пералікі падатковых ільгот, а таксама парадак вылічэння падаткаў, тэрміны іх выплаты і прадастаўлення дэкларацый.
Паводле слоў Андрэя Харкаўца, прыняцце Асаблівай часткі Падатковага кодэкса будзе садзейнічаць лібералізацыі ўмоў гаспадарчай дзейнасці, удасканаленню падатковага заканадаўства, спрашчэнню падатковай сістэмы ў Беларусі. Да гэтага часу адменены 17 малаэфектыўных, а таксама аказваючых негатыўны ўплыў на эканоміку падаткаў і збораў, аб"яднаны плацяжы, якія маюць падобныя падатковыя базы. У 2010 годзе ў мэтах удасканалення падатковай сістэмы Беларусі плануецца адмяніць збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчавання і аграрнай навукі, падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажаў тавараў рознічнага гандлю, мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку. Акрамя таго, з 24 працэнтаў да 12 працэнтаў будзе зніжана стаўка падатку на прыбытак па дывідэндах замежных арганізацый, пэўныя змяненні закрануць і падаходны падатак. Так, стандартны падатковы вылік будзе прадастаўляцца не толькі па месцы асноўнай работы, з 24 да 48 базавых велічынь плануецца павялічыць памер падатковага выліку ў частцы страхавых узносаў грамадзян па дагаворах страхавання жыцця, прадугледжаны і іншыя новаўвядзенні.
У мэтах кампенсацыі выпадаючых даходаў бюджэту ў сувязі са спрашчэннем падатковай сістэмы і скарачэннем колькасці падаткаў прадугледжваецца павелічэнне стаўкі ПДВ з 18 да 20 працэнтаў.
Акрамя таго, для малых прадпрыемстваў з невялікімі аб"ёмамі даходаў у праекце дакумента закладзена магчымасць выбару тэрмінаў выплаты падаткаў - кожны квартал або кожны месяц.
Прапануецца таксама адмяніць дзеючы механізм нармавання расходаў на аплату працы, а таксама на рэкламу, інфармацыйныя, кансультацыйныя, маркетынгавыя і іншыя паслугі.
У цэлым з прыняццем Асаблівай часткі Падатковага кодэкса падатковая сістэма Беларусі будзе прыведзена ў адпаведнасць з аналагічнымі сістэмамі дзяржаў - асноўных партнёраў Беларусі, палепшыць імідж краіны па ўмовах вядзення бізнесу.