Сёння ў Маскве пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) cаюзнай дзяржавы
На разгляд прэзідэнтаў выносіцца 17 пытанняў.
Сярод тэм абмеркавання — сумесныя дзеянні па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансава‑эканамічнага крызісу, балансы па паліўна‑энергетычных рэсурсах і іншых найважнейшых відах прадукцыі, праграма супрацоўніцта ў ваенна‑тэхнічнай сферы, фарміраванне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана і інш.
Папярэдняе пасяджэнне ВДС адбылося 3 лютага гэтага года ў Маскве. Тады было падпісана 11 дакументаў, у тым ліку аб стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА і аб мерах па пераадоленні ўплыву сусветнага крызісу на эканомікі Расіі і Беларусі.
Цяперашняе пасяджэнне першапачаткова планавалася на 8 снежня — у гэты дзень адзначалася 10‑годдзе з часу падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
На сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным 3 снежня ў Мінску прэзідэнт Беларусі выказаў неразуменне наконт пераносу пасяджэння ВДС. «Чаму расіяне не хочуць восьмага праводзіць, а дзесятага? Але для нас гэта не прынцыпова, калі там няма якіх‑небудзь падводных цячэнняў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, «акрамя ўрачыстасці», пасяджэнне ВДС «павінна мець канкрэтны практычны характар».
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на зацвярджэнне прэзідэнтаў будзе прадстаўлены праект сумеснай праграмы супрацоўніцтва ў паліўна‑энергетычным комплексе. Ён прадугледжвае падрыхтоўку міжурадавага пагаднення аб удзеле расійскіх кампаній у капітале ААТ «Нафтан».
Нагадаем, выступаючы 2 снежня ў Дзярждуме, міністр энергетыкі Расіі Сяргей Шматко ўвязаў удзел расійскіх кампаній у працы беларускага паліўна‑энергетычнага комплексу з умовамі паставак у Беларусь нафты ў 2010 годзе. «У нас распрацавана галіновая прапанова беларускім нафтавікам, звязаная з тым, што працяг ільготнага рэжыму паставак нафты будзе звязаны з уваходжаннем расійскай кампаніі ў нафтавую інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі», — сказаў кіраўнік Мінэнерга.