Дзякуй табе, вёсачка…
Прыгожая i святая, яна з сялянскага выйшла роду
У якую нашу вёску не прыеду, а такiя невялiкiя падарожжы заўсёды прыносяць мне душэўныя прасвятленнi i шчырае хваляванне, абавязкова ўбачу клапатлiва дагледжаныя падворкi. Тут усё да ладу: зграбныя гаспадарчыя пабудовы, дбайна апрацаваны кожны лапiк агарода. А хата акуратная звонку, утульная ўнутры, у ёй пануе вечны сялянскi дух. Ды яшчэ калi шмат кветак навакол — вачэй не адвесцi.
Аднойчы прыехаў да мяне ў Мiнск высокi госць з Масквы — шырокавядомы ў Расii i за рубяжом журналiст. Нашай сталiцай яго нельга было здзiвiць, бо амаль 30 гадоў ён працаваў i жыў у розных краiнах свету, у тым лiку i ў ЗША. I я быў заклапочаны: што паказаць масквiчу? А ён, чалавек выключна iнтэлiгентны, на дзiва сцiплы i непатрабавальны, раптам папрасiў: «Мiхаiл, давай паедзем у беларускую вёску. Хачу паглядзець, як i чым жывуць твае землякi i самыя блiзкiя нам, расiянам, людзi. Можна арганiзаваць такую паездку?!» — «Чаму ж не, — адказаў я. — Гэта зусiм проста, i паедзем мы ў маю родную вёску Пешкi, якая ў Бярозаўскiм раёне на Брэстчыне».
Мы гасцявалi ў маёй роднай сястры Марыi i яе мужа Мiхаiла. Сястра шмат гадоў працавала загадчыцай жывёлаводчай фермы, муж — калгасным будаўнiком. Прафесii, як бачым, у вёсцы самыя запатрабаваныя, прычым у любы час. Стаяла чароўная восень. Маскоўскi госць перш за ўсё быў уражаны мноствам кветак у двары маёй сястры. «Ды ў нас па ўсёй вёсцы iх шмат, — гаварыла яна. — Так здаўна павялося. I калi iх няма ля якой-небудзь хаты, дык гаспадара проста засмяюць».
Мы хадзiлi па прыгожай вёсцы, i я расказваў госцю, што ў час вайны фашысцкiя акупанты знiшчылi яе ўсю. На ўскрайку засталася толькi адна абгарэлая хата, якую людзi неяк выратавалi ад агню.
Селi за стол. Ён увесь быў застаўлены мiскамi, талеркамi, смачнай вясковай ежай. Сястра толькi прысядзе ля стала i тут жа да печы, дастае новыя стравы — то смажаную па старым рэцэпце сваю ж каўбасу, то бульбяныя аладкi ў гаршчочку. А то iшла ў пограб i прыносiла адтуль марынаваныя грыбочкi, агуркi, якiя засалiлi на зiму, або яшчэ каўбасу, «пальцам пiханую» з рознымi прыправамi, такой смачнай я больш нiдзе не каштаваў. Цi ставiла на стол вялiкi жбанок кiслага малака, настолькi густога, хоць рэж яго нажом.
Нездарма ж той мой госць, калi я сустракаўся з iм у Маскве, гаварыў з глыбокiм фiласофскiм роздумам:
— Мiхаiл, не забываю i тваю родную вёску, i кветкi ля сестрынай хаты, i такiя смачныя стравы, i дабрыню тваiх землякоў. Вы, беларусы, малайцы, што жывяце на сваёй роднай зямлi дастойна, прыгожа, з кветкамi i багатым сталом. Я тады адчуў i вельмi ўзрадаваўся, што iмкненне да прыгожага — нацыянальная адметнасць беларусаў. Беражыце такi дар, бо гэта — ад вашай унутранай культуры i ад Бога.
Мы ствараем прыгожае сваiмi рукамi. Штосьцi вельмi маштабнае, важнае для ўсёй рэспублiкi. Зусiм маленькае, нават прыватнае, скажам, тая ж прыгожа аздобленая вясковая хата, кветнiкi ля яе. Але ўсё, што зробiм, яшчэ больш узбагацiць родную Беларусь, яна гожа i прывабна паўстане i перад намi, i перад нашымi гасцямi. Таму зусiм натуральна, што мерапрыемствы ў рамках Года роднай зямлi сталi сёлета адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палiтыкi. Многiя раёны тут ужо набылi пэўны станоўчы вопыт. Паглядзiм, да прыкладу, як гэта робiцца на Капыльшчыне.
— За стан, добраўпарадкаванне i развiццё тэрыторый адказваюць нашы сельсаветы, — расказвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. — Самы актыўны ўдзел у гэтай шматграннай рабоце прымае раённая арганiзацыя «Белая Русь». Мерапрыемствамi па навядзеннi парадку на зямлi ахоплены i аб’яднаны ўсе службы раёна, грамадскiя арганiзацыi i насельнiцтва. Сiстэма ўзаемадзеяння з жыхарамi мае самыя розныя формы. Праводзяцца аб’езды двароў, абвяшчаюцца ўмовы аглядаў-конкурсаў на лепшы падворак, населены пункт, вулiцу. Праводзяцца масавыя суботнiкi, выяўляюцца лепшыя сядзiбы па кветкавым афармленнi, праходзяць святы вёсак, на якiх вызначаюцца пераможцы. Добраўпарадкоўваюцца могiлкi, ва ўсiх вёсках выяўляюцца пустуючыя землi, старыя пабудовы, якiя не выкарыстоўваюцца, уключаюцца ў севазварот нават маленькiя ўчасткi зямлi. Летась сельсаветы перадалi ў арэнду сельгаспрадпрыемствам 130, сёлета дабавiм яшчэ 152 гектары зямлi, якiя раней не выкарыстоўвалiся. У канцы года падводзiм вынiкi раённага спаборнiцтва, вызначаем пераможцаў ва ўсiх намiнацыях. Нас асаблiва радуе тое, што найбольшую актыўнасць маюць конкурсы «Лепшы ветэранскi падворак». Ён праводзiцца па iнiцыятыве раённай ветэранскай арганiзацыi, якую ўзначальвае Казiмiра Ганчар.
— I хто ж сёлета найлепш тут вызначыўся?
— На першым месцы падворак Нiны Iвановай з вёскi Праснякi. Ёй ужо 72 гады, мужа няма, але, дзякуй Богу, ёсць тры сыны. Трымае i хатнюю жывёлу, i 10 вулляў пчалiных, на агародзе цяплiца, добра родзiць усё, што трэба на сялянскiм стале. I яшчэ ўся сядзiба ў кветках, ну проста вачэй не адарваць.
Другое месца мы аддалi пенсiянерцы Нiне Калевiч з вёскi Лясное. На яе падворку не толькi сапраўдны кветкавы рай, тут б’ецца нават фантанчык. А пра кожную культуру ў Нiны Яраславаўны свае ўспамiны: як тут з’явiлася, расце, як трэба яе даглядаць. I столькi ў гэтай жанчыны запалу, энергii, любовi i пачуцця гонару за сваё тварэнне, што адразу разумееш: без прыгожага яна не можа жыць. Вось вам i простая сялянка. Да таго ж тут i ладныя гаспадарчыя пабудовы, бо жанчына трымае карову, парсючкоў, курэй. Яшчэ i малако здае дзяржаве. На ўсё хапае ў яе часу, руплiвасцi, дабрынi, хаця жыве без мужа, а на руках яшчэ 90-гадовая хворая мацi, якой неабходны пастаянны догляд i падтрымка. Трэцяе месца заняла Соф’я Равiнская з вёскi Ракiнi. Яна ажно 45 гадоў працавала ў калгасе даяркай. Цяпер на заслужаным адпачынку, свой падворак трымае ўзорна.
Надзвычай цiкава i змястоўна праходзяць конкурсы на званне «Лепшы ветэранскi падворак» у Гомельскай вобласцi. Нават з суседняй Украiны прыязджаюць сюды паглядзець, што ды як. У Добрушскiм раёне дзейнiчае клуб кветкаводаў. Многiя ветэраны, апантаныя любоўю да кветак у лепшым сэнсе слова, ствараюць прыгажосць i каля сваiх дамоў, i наогул у паселiшчах.