БХД зноў адмовілі ў рэгістрацыі
9 снежня Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Мін’юст пабачыў недакладнасці ў звестках аб рэгіянальных сходах заснавальнікаў партыі. «Выбарачнае апытанне асоб, названых у спісе заснавальнікаў партыі БХД, сведчыць, што многія з апытаных грамадзян на сходах па вылучэньні дэлегатаў на Устаноўчы з’езд партыі БХД не прысутнічалі і заснавальнікамі дадзенай палітычнай партыі не з’яўляюцца», — гаворыцца ў заяве Міністэрства.
Прыводзяцца прыклады з Гарадка, Полацку, Быхаве і іншых гарадоў, калі людзі нібыта не з’яўляюцца заснавальнікамі БХД. «Гэтыя факты сведчаць, што шэраг прадстаўленых у Міністэрства юстыцыі пратаколаў з’яўляюцца сфальсіфікаванымі», — піша ў адмове Мін’юст.
У віну хрысціянскім дэмакратам таксама закідаецца няправільна ўказаныя прозвішчы, імёны, месца жыхарства.
«З 70 заснавальнікаў, выбарачна апытаных работнікамі Міністэрства юстыцыі, устаноўлена, што ў дачыненні больш за палову апытаных звесткі пра іх альбо не адпавядаюць рэчаіснасці, альбо яны не прымалі ўдзел у стварэнні партыі, альбо па дадзеных органаў унутраных спраў такія асобы ў Рэспубліцы Беларусь не пражываюць», — зазнчаюць у Міністэрстве.
Гэта ўжо другая сёлета адмова БХД у рэгістрацыі. Першая адбылася ў красавіку. Прычыны — тыя самыя, толькі названыя людзі іншыя. Кіраўніцтва хадэкаў абяцае даць каментар заўтра раніцай.
Апошні раз палітычная партыя ў Беларусі была зарэгістраваная ў 1999 годзе.