У навагоднія святы харчовыя крамы краіны будуць працаваць без выхадных
Суб’екты гандлю Беларусі гатовы да навагодніх свят. Пра гэта паведаміў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг міністэрства гандлю Беларусі Артур Карповіч.
«Распрацавана 56 відаў навагодніх падарункаў розных памераў і форм. Кандытарскія фабрыкі краіны паставілі ў гандлёвую сетку звыш за 1 мільён падарункавых набораў. Гэта на 230 тысяч штук больш, чым у мінулым годзе», — сказаў Карповіч.
Паводле яго інфармацыі, у Беларусі ў пераднавагоднія дні будзе працаваць больш за 670 ёлачных кірмашоў. «Продаж натуральных ялін пачнецца з 19 снежня. Паводле інфармацыі лясгасаў, яны маюць каля 220 тыс. навагодніх дрэваў, годных да рэалізацыі», — удакладніў ён. Плануецца, што рознічныя цэны на навагоднія ялінкі, у залежнасці ад іх вышыні, складуць ад 9.700 да 33 тысяч рублёў.
Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Беларусі Вольга Скурко паведаміла, што 25 снежня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы плануецца правядзенне вялікага святочнага кірмашу, дзе будзе прадстаўлены ўвесь асартымент навагодніх тавараў. З 5 снежня па выхадных днях ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Мінска ўжо праводзяцца падобныя кірмашы. Такія ж мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны.
Паводле яе слоў, 25 і 31 снежня харчовыя магазіны краіны падоўжаць час працы. Буйныя нехарчовыя магазіны ў сталіцы таксама будуць працаваць.