Капiтан БАТЭ Дзмiтрый Лiхтаровiч: Пасля матчу не магу заснуць да 2-3 гадзiн ночы
— Дзмiтрый, зараз вас прызналi самым лепшым паўабаронцам нацыянальнага першынства. Як самi думаеце — за што?
— Я не ведаю, для мяне гэта было ў нейкай ступенi нечаканасцю. Магчыма, былi футбалiсты гэтай пазiцыi, якiя правялi сезон лепш, чым я. Але ж ацэньвалi спецыялiсты, балельшчыкi па сваiх крытэрыях.
— У чым роля капiтана ў клубе за межамi поля? Магчыма, уладжваеце нейкiя канфлiкты ў камандзе?
— У нас яны хоць i рэдка, але здараюцца, як i ў любым калектыве, хоць нельга сказаць, што гэта нейкiя вялiкiя скандалы. Канец сезона, гульцы стамiлiся, i рознагалоссi непазбежныя. Стараюся, па магчымасцi, уладзiць. Калi атрымлiваецца, вядома.
— Вас можна параўнаць з гульцом нацыянальнай каманды Аляксандрам Кульчыем, пра якога вядома гiсторыя, калi ў перапынку матчу памiж нацыянальнымi зборнымi Казахстана i Беларусi ён растлумачыў нашай моладзi, як трэба гуляць, i каманда ў другiм тайме забiла 5 галоў?
— Абсалютна не. Я так нiколi не рабiў. Ды i параўноўваць мяне з Кульчыем складана — ён i больш сталы, i вопытны. Я не ўмею размаўляць жорстка.
— Асiстэнт Штанге, Харальд Iрмшар, казаў, што беларускiя футбалiсты такiя мяккiя, што ён бы хацеў, каб адзiн з iх быў яго зяцем. Вы — увасабленне гэтай характарыстыкi?
— Хутчэй за ўсё.
— Наколькi ў клубе адчуваецца выхад у групавую стадыю еўракубкаў?
— Зразумела, гульня на больш высокiм узроўнi адбiваецца i на клубе, i на футбалiстах. У нас стала больш упэўненасцi ў сваiх сiлах.
— Магчыма, футбалiсты сталi ездзiць на больш дарагiх аўтамабiлях?
— Некаторыя — так.
— На якiм аўтамабiлi, калi не сакрэт, ездзiце вы?
— У мяне "Мерседэс" 2000-га года. Ужо старэнькi, таму хвалiцца няма чым. Але я задаволены. Для мяне галоўнае — каб машына ездзiла i не ламалася.
— Вiктар Ганчарэнка параўнаў выхад у Лiгу чэмпiёнаў з палётам у космас. Якiя адчуваннi былi ў вас?
— Гэта было завоблачнай марай, якая збылася. Было вялiкае жаданне згуляць. Лiга чэмпiёнаў пакiне адбiтак на ўсё жыццё.
— Сёння якi з тых матчаў для вас самы яркi?
— Хатнi з "Ювентусам". I падтрымка балельшчыкаў была неверагодная, i вялi 2:0. Крыўдна, праўда, што не змаглi выйграць.
— Уражаннi ад сёлетняй Лiгi Еўропы больш будзённыя?
— Лiга Еўропы адрознiвалася перш за ўсё наведвальнасцю матчаў. Калi шчыра, я нават не чакаў, што турнiр не выклiча сярод нашых балельшчыкаў цiкавасцi. Гэта пакiнула непрыемны асадак. Лiга Еўропы больш сцiплы турнiр, але гэта таксама вялiкi гонар — выступiць у групавым этапе. I жаданне гуляць у нас было надзвычайнае.
— Вы аўтар першага гола БАТЭ ў Лiзе Еўропы. Той мяч у вароты "Эвертана" стаў падыходнай падзеяй, каб яе адзначыць?
— Не, вядома ж. Каманда прайграла. Хоць гол застанецца ў памяцi, прыемна, што забiў, але гэта не дапамагло камандзе.
— Дзмiтрый, у вас выдатная сям'я — жонка i двое дзяцей. Як сустракаюць вас дома пасля матчу? Гатуюць вячэру?
— Дома мяне заўсёды чакае вячэра. Толькi пасля матчу я не ем — я фiзiчна стомлены, i апетыт чамусьцi прападае. Пасля гульнi раней, чым у 2-3 гадзiны ночы, заснуць я не магу.
— I ўсё ж якая ваша любiмая страва, якую гатуе жонка?
— Я ем абсалютна ўсё. Адна з любiмых страў — курыца, якую Вольга запякае ў духоўцы.
— Хто з блiзкiх прыходзiць падтрымаць вас падчас матчу на стадыёне?
— Як правiла, Вольга прыходзiць на стадыён на ўсе хатнiя матчы — цi то ў Мiнску, цi ў Барысаве. Сын, яму цяпер 13 гадоў, таксама пастаянна прыходзiць. На апошняй гульнi супраць "Бенфiкi" якраз i былi Вольга з Андрэем.
— Жонка, напэўна, ужо добра разбiраецца ў футболе. Магчыма, робiць вам нейкiя заўвагi?
— Як мне здаецца, разбiраецца, i даволi нядрэнна. I што самае карыснае — нiколi не лiслiвiць мне. Я i сам ведаю, калi згуляў горш, i нашы меркаваннi супадаюць. Таму крытыку я заўсёды ўспрымаю адэкватна.
— Дзецi займаюцца спортам?
— Не, нi Андрэй, нi Алiна не займаюцца.
— У сям'i вы таксама капiтан, лiдар?
— Не, напэўна, лiдар усё-такi Вольга.
— Хто вырашае, што набываць, як адпачываць, на што патрацiць грошы?
— Вырашаем сумесна, але iнiцыятыва часта iдзе ад жонкi.
— З Вольгай вы пазнаёмiлiся ў вашым родным Магiлёве?
— Так, мы жылi ў адным доме, праз пад'езд.
— Чым яна вас уразiла?
— Сцiпласцю. А ўвогуле яна вельмi прыгожая i разумная жанчына.
— Чым яна займаецца?
— Яна вырашыла атрымаць другую адукацыю. Яна дзiцячы псiхолаг. А на каго вучыцца цяпер, я дакладна не памятаю, штосьцi звязанае з падборам персаналу.
— Якi для вас лепшы спосаб адпачыць ад футбола?
— Добра выспацца на наступны дзень. Бывае, што дзяцей пакiдаем дома, а з Вольгай кудысьцi выходзiм. Але найчасцей стараемся выбрацца кудысьцi ўсе разам — дзецям таксама цiкава.
Алена АЎЧЫННIКАВА.