На белым цеплаходзе да сабора-велiкана
Самы вялiкi праваслаўны храм Вiцебска Свята-Успенскi сабор, што стаiць на гары ў самым цэнтры горада, цалкам адновяць восенню наступнага года. Вышыня сабора разам з крыжам — 51 метр, перыметр — 52 на 33 метры. Яго аднаўленне пачалося летам 2000 года. Як адзначыў губернатар Прыдзвiнскага края Аляксандр Косiнец, адраджэнне храма вядзецца пры падтрымцы кiраўнiка нашай дзяржавы.
З мясцовага бюджэту на аднаўленне сабора патрацяць каля 11 мiльярдаў рублёў. З берага Заходняй Дзвiны, на якую сабор выходзiць, да яго пабудуюць шырокую лесвiцу. Задумана, што да сабора можна будзе прыплыць на цеплаходзе па Заходняй Дзвiне. Берагi Дзвiны i Вiцьбы добраўпарадкуюць. Раку, што дала назву гораду, недалёка ад месцазнаходжання храма перакрыюць плацiнай, якая адначасова стане мостам для пешаходаў. Па Вiцьбе ля сабора можна будзе пакатацца на лодках i катамаранах. Ужо да пачатку чарговага "Славянскага базару ў Вiцебску" ўсе будаўнiча-мантажныя работы будуць завершаныя. Добраўпарадкуюць тэрыторыi ля сабора. Сабор будзе такiм жа, як i ў ХІХ стагоддзi. А першую царкву на гэтым месцы (на Лысай гары) пабудавалi яшчэ ў пачатку ХV стагоддзя. 11 разоў храмы на Лысай гары спальвалi, разбуралi, зноў аднаўлялi. Цяпер ужо ў 12-ы раз адбудуюць прыгожы храм — велiкан на стагоддзi.
Аляксандр ПУКШАНСКI.