Аферысты прадавалi чужыя Аўдзі
Незвычайным чынам назбiраць грошай на адкрыццё ўласнага бiзнэсу вырашылi два прайдзiсветы: яны бралi на пракат "тачкi", якiя пасля прадавалi даверлiвым пакупнiкам.
Як распавёў карэспандэнту "Звязды" прэс-афiцэр Кастрычнiцкага РУУС сталiцы Сяргей Чабатароў, у аферу з пракатнымi аўтамабiлямi кiнулiся 20-гадовы праграмiст Белдзяржфiлармонii разам са сваiм 22-гадовым сябрам. Напрыканцы лiстапада хлопцы ажыццявiлi першую ўдалую "аперацыю": яны ўзялi напракат на суткi "Аўдзi" 1997 года выпуску, якую адразу ж прапанавалi ў iх купiць зацiкаўленаму аўтааматару. А каб здзелка адбылася, паведамiлi пакупнiку, што машына належыць бацьку праграмiста, якi зараз знаходзiцца ў Германii. І дадалi, маўляў, калi гаспадар праз месяц прыедзе дадому, машыну можна будзе аформiць на перакупшчыка. Назвалi i смешную цану, па якой прадавалi машыну — усяго за 2500 долараў ЗША, таму што грошы патрэбныя тэрмiнова. Карацей, падкуплены такой шчырай прапановай пакупнiк выклаў патрэбную суму. Што ж датычыцца прадаўцоў, то яны, каб засцерагчыся ад хуткiх непрыемнасцяў, аплацiлi за месяц арэнду "Аўдзi", а багацце, якое "зарабiлi" лiтаральна на паветры, пачалi трацiць у барах i клубах ды ўзялi напракат па аўтамабiлi на кожнага.
У снежнi хлопцаў зноў пацягнула на прыгоды — узялi напракат у iндывiдуальнага прадпрымальнiка "Аўдзi" 2008 года выпуску, якую планавалi збыць. Пазбавiлiся ад аўтамабiля за тыдзень: за машыну коштам 30 тысяч долараў ЗША яны запрасiлi ўсяго 11 500 долараў. Як i ў папярэднiм выпадку, пакупнiку махляры распавялi пра бацьку ў Германii. Аднак пракалолiся на "дробязi" — пакiнулi ў машыне дагавор аб тым, што машына ўзятая напракат, якi i знайшоў пакупнiк. Падмануты чалавек патэлефанаваў прайдзiсветам i, спаслаўшыся на тое, што "Аўдзi" не заводзiцца, папрасiў пад'ехаць да сябе. Калi ж адзiн з прадаўцоў з'явiўся перад пацярпелым, апошнi не стаў асаблiва цырымонiцца i запатрабаваў вярнуць грошы. Iнакш, папярэдзiла ахвяра махлярства, пытанне давядзецца вырашаць праз мiлiцыю. Зразумела, аферысты перапалохалiся i вярнулi ўсю суму: мiж iншым, яны мусiлi ўзяць для гэтага ў доўг у сяброў 600 долараў, нават заклалi залаты ланцужок.
Праўда, гэтым непрыемнасцi для махляроў не абмежавалiся: падмануты клiент патэлефанаваў яшчэ i прадпрымальнiку, у якога "дуэт" узяў напракат "жалезнага каня". А той адразу выклiкаў мiлiцыю, супрацоўнiкi якой i паставiлi кропку на злачыннай дзейнасцi сяброў. Дарэчы, як тлумачылi пасля затрымання самi аферысты, яны мелi намер атрыманыя грошы ўкласцi ў бiзнэс, а пасля атрымання прыбытку аплацiць усе даўгi. Цiкава, навошта тады было трацiць грошы на паходы ў бары i клубы?.. Як бы там нi было, але ў дачыненнi да затрыманых узбуджаная крымiнальная справа, i iм пагражае пазбаўленне волi на тэрмiн ад трох да дзесяцi гадоў з канфiскацыяй маёмасцi.
Акрамя таго, паведамiў Сяргей Чабатароў, у Мiнску праваахоўнiкi ўзялi на месцы злачынства двух (17- i 18-гадовага) юнакоў, якiя ўчынiлi серыю выкраданняў аўтамабiляў. На гэты раз яны, папярэдне залiўшы за каўнер, таксама вырашылi ўзяць "напракат" чужое аўто. Спачатку залезлi ў "Форд Мандэа" без сiгналiзацыi — на гэта iм хапiла ўсяго 10 хвiлiн. Аднак завесцi машыну не змаглi i пайшлi шукаць iншую. Ля суседняга дома ўскрылi "Мерседэс", i вось няўдача — зноў не ўдалося запусцiць рухавiк. Тады ўключылi аўтамагнiтолу i сядзелi, слухалi музыку. Уладальнiк "мерса", якi ўбачыў, што ў машыне нехта гаспадарнiчае, выклiкаў мiлiцыю. Як выявiлася, у лiстападзе—пачатку снежня затрыманыя ўдзельнiчалi мiнiмум у васьмi выкраданнях аўто: яны ўскрывалi машыны, заводзiлi i каталiся на iх, а пасля кiдалi.
Iгар ГРЫШЫН.