Разведка без бою: Злавiць — яшчэ не пакараць

Источник материала:  

Працаваць хутка i якасна, прытрымлiвацца ўнутранага распарадку, захоўваць камерцыйную тайну, выкарыстоўваць тэхнiку i абсталяванне строга па прызначэннi — спiс патрабаванняў да любога работнiка дастаткова вялiкi. I варта заўважыць адразу, што усе гэтыя ўмовы з'яўляюцца цалкам лагiчнымi. Iншая рэч, што раз-пораз наймальнiкi лiчаць неабходным адвольна пашырыць уласныя правы. Прычым у тым лiку — насуперак законам.

Не сакрэт, што праслухоўванне любых тэлефонных размоў i "праверка" электроннай пошты супрацоўнiкаў па сутнасцi стала "нормай жыцця" ў многiх, i перш-наперш прыватных арганiзацыях. І сама па сабе падобная з'ява выглядае даволi не адназначнай. З аднаго боку, паводле Канстытуцыi, кожны мае права на абарону ад умяшання ў яго асабiстае жыццё, i ў тым лiку ад замахаў на тайну карэспандэнцыi, тэлефонных i iншых паведамленняў. За грэбаванне гэтым правам прадугледжваецца крымiнальная адказнасць, варыянтаў якой некалькi — грамадскiя работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмiн да года або арышт на тэрмiн да 3 месяцаў.   А гэтае ж парушэнне, але здзейсненае з выкарыстаннем спецыяльных тэхнiчных сродкаў або з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, можа пацягнуць яшчэ больш жорсткае пакаранне — штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады, арышт на тэрмiн да шасцi месяцаў або пазбаўленне волi на тэрмiн да двух гадоў.

Але ў дадзеным выпадку ёсць адзiн пiкантны момант: тэлефон цi камп'ютар — службовыя. І карыстаюцца iмi для прыватных мэтаў зноў жа ў працоўны час.

— Наймальнiк можа забаранiць супрацоўнiку выкарыстоўваць службовыя тэлефоны i камп'ютары ў асабiстых мэтах, — кажа загадчык юрыдычнай кансультацыi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiр Шэлковiч. — Прычым парушэнне такой забароны павiнна расцэньвацца як невыкананне або неналежнае выкананне працоўных абавязкаў, у вынiку чаго магчымае прыцягненне да дысцыплiнарнай адказнасцi. У некаторых выпадках з работнiка можна нават запатрабаваць кампенсацыю матэрыяльнага ўрону. У той жа час гэта не дае права кiраўнiцтву атрымлiваць звесткi аб прыватным жыццi падначаленых без iх згоды, даведвацца аб iх асабiстых або сямейных тайнах. А выключыць атрыманне такiх звестак у выпадку праслухоўвання тэлефона цi прагляду электроннай пошты амаль нерэальна.

Такiм чынам, калi няма згоды работнiка — наймальнiк наўмысна або ненаўмысна iдзе на парушэнне закона, i спасылка на iмкненне абаранiць матэрыяльныя iнтарэсы арганiзацыi — тут не апраўданне. Абмежаванне права на тайну тэлефонных i iншых паведамленняў магчымае толькi падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Тайны ж кантроль за працоўнай дысцыплiнай цi рэжымам канфiдэнцыйнасцi камерцыйнай iнфармацыi да такiх мерапрыемстваў не адносiцца. Атрымлiваецца, што занадта "пiльныя" наймальнiкi проста падводзяць сябе пад Крымiнальны кодэкс. Прычым у дадзеным выпадку рызыка не апраўдваецца нiчым. Нават калi дзякуючы схаванай "праслухоўцы" наймальнiк i высветлiць якiя-небудзь парушэннi сваiх iнтарэсаў, то прыцягнуць работнiка да адказнасцi ён усё адно не зможа — доказы, якiя атрымлiваюцца з парушэннем закона, юрыдычнай сiлы не маюць.

— Iншая рэч, калi ў некаторых арганiзацыях вядзецца "адкрыты" запiс тэлефонных размоў i "адкрытае" вiдэаназiранне — у чымсьцi гэта нават адпавядае iнтарэсам самiх работнiкаў, напрыклад, у выпадках, калi трэба даказаць неабгрунтаванасць абвiнавачвання з боку клiента, — заўважае Уладзiмiр Шэлковiч. — У прынцыпе, такая практыка дапушчальная. Аднак, па-першае, зноў-такi: запiс размоў i вiдэаназiранне павiнны рабiцца публiчна, з папярэднiм азнаямленнем з падобным "нюансам" працоўнай дзейнасцi кожнага "пад подпiс". Па-другое, сам змест аўдыё- або вiдэазапiсу павiнен быць даступнымi выключна для абмежаванага кола асобаў. I па-трэцяе. Тое ж абмежаванае кола асобаў (скажам, у яго можа ўваходзiць кiраўнiцтва арганiзацыi цi супрацоўнiкi службы ўласнай бяспекi) могуць выкарыстоўваць толькi iнфармацыю, якая мае непасрэднае дачыненне да працы. А вось iнфармацыю асабiстую — нi ў якiм разе.

За плёткi можа заплацiць

Прынцып "падзяляй i ўладар" вядомы яшчэ з часоў Старажытнага Рыма. Але, нягледзячы на "паважны ўзрост", ён не састарэў i па сёння. У некаторых арганiзацыях прынята лiчыць, што канкурэнцыя памiж работнiкамi — лепшы шлях да дасягнення добрых вытворчых вынiкаў. А каб "стымуляваць" канкурэнтны асяродак, прымальныя любыя сродкi. Аж да плётак.

— Распаўсюджваць звесткi аб несумленнасцi, дрэнным выкананнi працоўных абавязкаў, аб непрыстойных паводзiнах у калектыве або сям'i можа як шараговы калега, так i кiраўнiк, — заўважае Уладзiмiр Шэлковiч. — Аднак плеткары павiнны памятаць: яны робяць замах на гонар, годнасць i дзелавую рэпутацыю чалавека. Калi друкаваны, пiсьмовы, аўдыёвiзуальны цi вусны (тут дастаткова паведамлення, прынамсi, адной "пабочнай" асобе) "кампрамат" не адпавядае рэчаiснасцi, ахвяра "iнфармацыйнай атакi" мае поўнае права звярнуцца ў суд.

У сваю чаргу ў судзе магчыма запатрабаваць кампенсацыi маральнага ўрону. I, зразумела, — абвяржэння плётак. Прычым тут дзейнiчае прынцып: несапраўдная iнфармацыя павiнна абвяргацца спосабам, найбольш блiзкiм да спосабу яе распаўсюджвання. Словам, гэта можа быць публiкацыя ў друкаваных СМI, паведамленне на радыё або тэлебачаннi, замена таго або iншага дакумента, урэшце — выступленне на сходзе працоўнага калектыву. Адно, што трэба заўважыць: замахам на гонар, годнасць i дзелавую рэпутацыю не будзе лiчыцца абгрунтаваная крытыка.

Кулак — не аргумент

Аб стылях, як вядома, не спрачаюцца, аб стылях кiраўнiцтва — таксама. За выключэннем выпадкаў, калi той жа кiраўнiк пераходзiць усе межы. I ў якасцi апошняга аргумента пачынае выкарыстоўваць... фiзiчныя "меры ўздзеяння".

— Фiзiчная недатыкальнасць — права кожнага чалавека, — падкрэслiвае Уладзiмiр Шэлковiч. — Таму калi кiраўнiк ударыў цi кiнуў якую-небудзь цяжкую рэч, неабходна без сумненняў звяртацца ў праваахоўныя органы. I тое ж можна зрабiць у выпадку, калi работнiк пачуў у свой бок недвухсэнсоўныя пагрозы.

Iнтым з наступствамi

Запярэчыць што-небудзь супраць "службовых раманаў" немагчыма. Галоўнае, каб яны былi па ўзаемнай згодзе. Аднак калi ж iнiцыятыву i жаданне праяўляе толькi адзiн з бакоў, сiтуацыя ўжо можа ацэньвацца па-iншаму — як сэксуальнае дамаганне на працоўным месцы. Прычым, насуперак распаўсюджанай думцы, аб'ектамi тут могуць быць не толькi жанчыны.

На жаль, спецыяльнага заканадаўства на гэты конт у Беларусi няма — iснуе толькi рэкамендацыя па яго распрацоўцы з боку мiжпарламенцкай асамблеi дзяржаў — удзельнiц СНД. Тым не менш абаранiцца ад "непрыстойных паводзiнаў" можна. Дастаткова ўзгадаць, што падобныя выпадкi могуць "стасавацца" адразу з некалькiмi артыкуламi Крымiнальнага кодэкса. Адно, пажадана, каб зварот у мiлiцыю быў усё ж падмацаваны доказамi, прыкладам, паказаннямi сведак або запiсамi на дыктафон.

Правярай, але не абражай

Крадзяжы маёмасцi — з'ява, на жаль, папулярная. "Несуны" былi i, пэўна, будуць заўсёды, вось толькi ўзнiкае пытанне: цi можна лiчыць гэту акалiчнасць падставай для... вобыскаў супрацоўнiкаў "на выхадзе"?

— Варта заўважыць, што асабiсты агляд i агляд рэчаў могуць выкарыстоўваць значная частка суб'ектаў гаспадарання — у прыватнасцi, гэта дапускаецца на прадпрыемствах прамысловасцi i сельскай гаспадаркi, у арганiзацыях кандытарскай, цукровай, мукамольнай i хлебапякарнай, мясаперапрацоўчай, пiваварнай прамысловасцi, арганiзацыях, якiя займаюцца вытворчасцю пладова-агароднiнных кансерваў i безалкагольных напояў i гэтак далей, — зазначае Уладзiмiр Шэлковiч. — Таму галоўнае — не сам факт праверкi, а тое, як ён праводзiцца — пытанняў не ўзнiкае там, дзе службы бяспекi паводзяць сябе максiмальна карэктна. Дарэчы, не сакрэт, што часта ўважлiвы агляд правакуюць самi работнiкi — у прыватнасцi, тыя, хто карыстаецца вялiкiмi сумкамi.

Характарыстыка пад забаронай

I ўсё ж цi не самае шырокае поле "эксперыментаў" для наймальнiкаў — сiтуацыя працаўладкавання. Нехта, насуперак заканадаўству, патрабуе прынесцi характарыстыку з ранейшага месца працы. Другiя нiчым не матывавана скрупулёзна збiраюць поўную iнфармацыю аб асабiстым жыццi прэтэндэнта i прапануюць запаўняць шматстаронкавыя анкеты — з пытаннямi аб намерах узяць шлюб, адносiнах з дзецьмi, "сяброўстве" з тытунём цi нават аб сэксуальнай арыентацыi. А трэцiя надаюць залiшнюю ўвагу фiзiчным дадзеным. Раз-пораз даходзiць амаль да абсурду савецкiх часоў. Некалi Саюз кiнематаграфiстаў СССР прыняў сумнавядомую пастанову аб недапушчальнасцi з'яўлення на экранах асобаў з фiзiчнымi недахопамi. У вынiку сярод пацярпелых аказаўся... Савелiй Крамараў. На кар'еры таленавiтага камедыйнага акцёра па сутнасцi быў пастаўлены крыж.

— Законнай перашкодай для прыёму на працу стан здароўя можа стаць толькi тады, калi дазволу на ўладкаванне на канкрэтнае месца не даюць урачы, — адзначае Уладзiмiр Шэлковiч. — Калi ж дазвол ёсць, то iнвалiднасць, а тым больш знешнiя асаблiвасцi прымацца ў разлiк не могуць. Шкада толькi, што даказаць, што прычынай адмовы сталiся менавiта "група" або знешнi выгляд, вельмi цяжка. Працоўны кодэкс вызначае, што пры выбары не на карысць прэтэндэнта наймальнiк абавязаны даваць пiсьмовыя тлумачэннi толькi ў вельмi рэдкiх выпадках.

Сяргей ГРЫБ.

 

←Дом или призрак?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика