Відавочнае-неверагоднае Мiр-гары

Источник материала:  

Колiшняе радзiвiлаўскае ўрочышча вабiць сваiмi таямнiцамi

А даводзiлася вам калi-небудзь бываць на Мiр-гары? Не, гэта не ў швейцарскiх Альпах i нават не ў добра вядомым усiм паўднёвым узбярэжжы Крыма. Гэта ў малавядомай (на вялiкi жаль) беларускай глыбiнцы. Мiр-гара — найвышэйшы пункт зусiм не гарыстай Случчыны. Адшукаць "пiк" не так проста: узвышэнне знаходзiцца ў лесе практычна на мяжы трох раёнаў — Слуцкага, Старадарожскага i Любанскага. Пра гэтыя мясцiны даводзiлася чуць шмат загадкавага, яны быццам ахiнутыя вэлюмам легендаў. А таму — мне туды дарога...

 

"Слядок" дапамог

Старшыня Сорагскага сельвыканкама Анатоль Кавальчук нарадзiўся на Старадарожчыне, а ў гэты край разам з бацькамi пераехаў у 1948-м. Атрымлiваецца, што Анатоль Іванавiч можа правамерна лiчыць сябе насамрэч тутэйшым — усё ж такi больш чым 60 гадоў тут пражыў. Ажанiўся, выгадаваў дзяцей, гадуе ўнукаў — гэта яго родная зямля. Таму i iмкнецца пра яе даведацца як мага больш. Бо мясцiны сапраўды з вельмi багатай мiнуўшчынай.

— Вось, пабачце, — паказвае Анатоль Кавальчук, як толькi мы выязджаем з Сорагаў, — вунь, быццам востраў, тая самая Мiр-гара i ёсць (шчыра кажучы, у той момант я нiчога не ўбачыў акрамя лясных "хваляў" удалечынi. Але прыгледзеўся — сапраўды зялёны "востраў". — Аўт.). — Я лiчу, што яна ўтварылася ў той час, калi рухаўся ледавiк. Месца стратэгiчнае (быццам схаванае ад лiшнiх вачэй), нездарма спрадвеку прываблiвала людзей, якiя, напэўна, i сялiлiся тут. Гэта прыроднае гарадзiшча. Я яшчэ сам памятаю, якi вакол лес быў i рэчкi.

Відавочнае-неверагоднае Мiр-гарыПаколькi куток такi патаемны, то i выдаваць iнфармацыю пра яго людзi не спяшалiся. Добрае сховiшча падчас лiхалецця, а таксама з даўнiх часоў — святое месца. Спярша як паганскае капiшча, дзе нашы продкi здзяйснялi абрады ў гонар сваiх багоў. Магчыма, напамiн пра тыя гады — таямнiчы камень, якi месцiчы называюць не iнакш, як "божы слядок". Ляжыць ён прама на полi памiж вёскамi Сорагi i Волашава. Не сказаць, што валун, аднак валодае цудадзейнымi якасцямi. Нездарма ва ўсе часы iшлi да яго людзi. На камянi насамрэч вiдаць паглыбленнi, падобныя на след чалавека, сабакi i ката (прынамсi, тутэйшыя жыхары кажуць менавiта так).

Да "божага слядка" заўжды прыходзiлi падчас засухi, каб вымалiць дождж. I гэта, мабыць, зусiм не прымхi, паколькi вядомы канкрэтны выпадак. Камень замiнаў падчас правядзення сельскагаспадарчых работ на гэтым полi — трактарысты скардзiлiся кiраўнiцтву: трэба зварочваць, што вельмi нязручна. I было прынятае рашэнне: "слядок" адсюль прыбраць i пакласцi каля дарогi. Вернiкi былi супраць i ўгаворвалi не чапаць святы камень. Аднак да iх меркавання не прыслухалiся... I, як вынiк, — тым летам здарылася страшэнная сухмень. Камень адразу вярнулi на месца i ў той жа вечар пайшоў моцны дождж. "Слядок" дапамог", — кажуць мясцовыя бабулькi. Напэўна, яны маюць рацыю, бо калi глядзiш на гэты камень, то быццам адчуваеш нейкую сiлу, якая ад яго струменiцца.

Там, дзе князi мiрацца

Камень, старажытнае гарадзiшча, а яшчэ, кажуць, вялiкая колькасць курганных могiльнiкаў побач. Усё гэта ўтварае нейкую даволi гарманiчную старажытную супольнасць, нагадвае пра той асяродак, у якiм жылi нашы продкi. Пад'язджаем блiжэй i паўстае слушнае пытанне: а чаму ж менавiта Мiр-гара?

— Такiмi камянямi, адзiн з якiх мы пабачылi, акрамя ўсяго iншага раней пазначалi межы асобных уладанняў, — ахвотна тлумачыць Анатоль Кавальчук. — Вось так, напэўна, можна вызначыць, што раён цяперашнiх Сорагаў у даўнiя часы быў памежным. Таму лагiчна ўявiць: тут нярэдка здаралiся i ваенныя канфлiкты. Адзiн з такiх, па паданнях, скончыўся на Мiр-гары, дзе два князi, якiя дасюль ваявалi памiж сабой, прыйшлi да паразумення. Адсюль i такая назва.

У мясцовым школьным музеi захоўваецца сведчанне, што гэтыя землi калiсьцi называлi ўрочышчам "Мiр-гара". I належалi яны Радзiвiлам. Мясцiны адметныя яшчэ i тым, што тут калiсьцi на верхавiне сасны людзi назiралi з'яўленне Багародзiцы. Менавiта таму Сафiя Слуцкая вырашыла пабудаваць на таямнiчай гары храм. Жаданне княгiнi было здзейснена — з'явiлася Пакроўская царква (у гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзiцы). Так што месца намоленае з даўнiх часоў. I заўжды прыцягвала да сябе. Тут праводзiлiся восеньскiя пакроўскiя кiрмашы, якiя сталi традыцыйнымi i збiралi вялiкую колькасць людзей. Прычым не толькi з навакольных вёсак — прыязджалi сюды i здалёк. Набыць сёе-тое цi прадаць, а таксама абавязкова наведаць царкву, пастаяць у паўзмроку са свечкай, памалiцца i адчуць палёгку на душы.

Відавочнае-неверагоднае Мiр-гарыСасна, вядома, не захавалася, але доўгi час заставаўся "божы пянёк" (месцiчы казалi, што менавiта ад таго дрэва). Да яго прыходзiла шмат вернiкаў. Таму Пакроўская царква не пуставала. Аднак з цягам часу храм пачаў прыходзiць у заняпад i зусiм разбурыўся. Тутэйшыя жыхары, паводле расповедаў сваiх дзядоў, узгадваюць: маўляў, гэта адбылося яшчэ да рэвалюцыi 1917 года. Пасля таго як царква разбурылася, месцiчы пачалi знаходзiць на схiлах Мiр-гары абразы. Казалi, што гэта нездарма, i людзi не пакiнулi па-за ўвагай гэты знак. Усёй талакой сабралi грошы i пабудавалi новую царкву.

Але гэты храм прастаяў нядоўга. Захавалася дакладнае сведчанне аб тым, што 7 лiстапада 1933 года ў гэтых мясцiнах забiлi мясцовага хлопца. Злодзея не злавiлi, але чамусьцi жыхары вырашылi, што ён мог хавацца ў царкве на Мiр-гары. Часы былi атэiстычныя i, нядоўга думаючы, храм папросту разабралi. I... перавезлi ў Сорагi, дзе будынак пераабсталявалi пад збожжасховiшча. Рашэнне па тым часе "тыповае" — з храма зрабiць сховiшча. Пасля тут быў клуб, а калi з'явiўся новы Дом культуры, то памяшканнi зноў адвялi пад сховiшча (на гэты раз — для райспажыўтаварыства). Толькi ў 1990-м будынак аддалi вернiкам. Зноў збiралiся ўсёй талакой, каб аднавiць зняважаны храм. Нарэшце пачала дзейнiчаць Свята-Мiхайлаўская царква, якая быццам нябеснымi далонямi ахiнае старую вёску i аберагае тутэйшых жыхароў.

НЛА не бачылi?

Па пакручастай сцежцы разам з Анатолем Кавальчуком уздымаемся на Мiр-гару. Вакол — практычна непарушаная чалавекам прыгажосць. Побач з узвышанасцю ў свой час iнтэнсiўна секлi лес, але сюды амаль не дабралiся. Па адной простай прычыне — праблематычна вывозiць драўнiну. У асобных месцах схiл вялiкi, на транспарце не ўзбярэшся. Хiба што толькi пехам цi ўзiмку на лыжах. Ды i тое трэба асцярожна, паколькi на спуску можна лёгка галаву зламаць.

— Адчуваеце, якое паветра, — звяртае ўвагу Анатоль Кавальчук (паветра i сапраўды больш чыстае, нават нейкае празрыстае, здаецца, больш халоднае, чым унiзе, дзе мы пакiнулi машыну. — Аўт.). — Хоць i не Джамалунгма, аднак для Беларусi — сапраўдная адметнасць. Ды i лес тут у натуральным стане, як i павiнен быць. Я заўжды ўзгадваю словы акадэмiка Дзмiтрыя Лiхачова: ён казаў, што прыродныя комплексы толькi тады маюць асаблiвую цiкавасць, калi там не праводзiлася i не праводзiцца нiякiх гаспадарчых работ. Дарэчы, такi прынцып распаўсюджваецца на асаблiва ахоўных тэрыторыях. А для звычайнага лесу гэта рэдкасць — можна лiчыць, што Мiр-гары ў нечым пашанцавала.

На месцы колiшняй Пакроўскай царквы напрыканцы 1990-х гадоў вернiкi ўсталявалi металiчны крыж. Як успамiн аб былых часах, ды i не забывайце, што гэтае месца сапраўды святое i намоленае. I людзi iдуць сюды, каб адчуць усё гэта. Пяць гадоў таму да крыжа на Мiр-гары прыязджаў пакланiцца i адслужыў тут малебен мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы экзарх усяе Беларусi Фiларэт. Усё гэта, вядома ж, нездарма. Шкада толькi, што няма той царквы, якую ўзвяла калiсьцi Сафiя Слуцкая, а пасля адбудавалi тутэйшыя вернiкi.

Многiя прыязджаюць на Мiр-гару, каб адпачыць. Непадалёк зроблены лаўкi i сталы. Аднак нейкага пастаяннага маршруту няма. Мiж тым, тут можна абуладкаваць проста шыкоўны аб'ект, якiм, упэўнены, зацiкавiцца шмат турыстаў. Не трэба нiчога i прыдумляць — такая прыгажосць наўкола i столькi ўсяго цiкавага можна даведацца! Схiлы Мiр-гары парослыя лесам i, блукаючы па маляўнiчых сцяжынках, быццам набiраешся моцы. Нават за некалькi гадзiн, праведзеных тут, зараджаешся душэўнай энергiяй i аптымiзмам.

А ўфолагi нават лiчаць Мiр-гару анамальнай зонай. У сэнсе: у гэтых мясцiнах, верагодна, схаваны рэшткi старажытных... пiрамiд. Засталiся нават сведчаннi аб НЛА: быццам бы непадалёк бачылi тры аранжавыя шары, якiя свяцiлiся. Таксама кажуць, што адшукалi незвычайныя па геалагiчным складзе камянi. Хутчэй за ўсё, гэта рэшткi акамянелых слядоў марскiх жывёл i датуюцца яны некалькiмi сотнямi мiльёнаў гадоў...

Так што з Мiр-гарой усё вельмi няпроста (як казаў некалькi адзiн з герояў Булгакава) i гэтыя таямнiцы не варта хаваць. Наадварот — трэба, каб як мага больш людзей прыехала да Мiр-гары. Каб адчуць вiдавочнае i неверагоднае гэтых выдатных мясцiн.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Фота аўтара.

Слуцкi раён. 

 

←Иностранный легион

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика