Дзiця маё залатое

Источник материала:  

<І>...У той, апошні дзень перад водпускам, тупанiны ў яе было шмат: штось памыць, купiць, усё папрасаваць, прыгатаваць, прыбраць, злажыць.

Блiжэй да вечара заставалася адно — змену адпрацаваць i ўжо тады...

З вясны Лена спала i бачыла, як тады разам з дзецьмi яна ўкулiцца ў машыну, за шырокую мужаву спiну, як яны будуць ехаць i па дарозе ўсё разглядаць, час ад часу спыняцца, каб "параўняць ножкi", перакусiць i "сфоткацца", як нарэшце, прыехаўшы ў знаёмы двор, пакiнуць машыну, а самi подбегам кiнуцца да мора i ўбачаць, што яно — вялiкае, магутнае, цёплае — гэтаксама... бяжыць, спяшаецца да iх.

Так ужо было — летась i пазалетась. Так будзе зноў, бо яны, нягледзячы нi на што, едуць. Заўтра.

 

Таму сёння, пераапранаючыся ў сястрынскiм, яна нiчога амаль не чула: думкi вiлiся то над сонечным пляжам, то над прыгожай доўгай дарогай, а часцей — над сумкамi-пакетамi. Рэальнасць — не iснавала. "Эй, адпачывальнiца, ты яшчэ тут цi дзе?" — строга спытала ў яе Казiмiраўна, акушэрка, што здавала змену, i пераканаўшыся, што як быццам тут, стала расказваць, хто ў якой палаце ляжыць, што з кiм дзеецца. Лена слухала i не слухала, бо запомнiла...

Ну, хiба тое, што ноч чакаецца адносна лёгкай (роды, калi нiкога не падвязуць, толькi адны, i тыя ў лепшым выпадку ранiцай). Значыць, позна ўвечары, пасля ўсiх абавязковых работ, яна зможа разняволiцца — перавесцi дух, яшчэ раз перадумаць, цi ўсё злажыла-ўзяла.

Але гэта — потым. Цяпер — заўсёднае: разам з доктарам яна iшла на абход, разносiла малых на вячэрняе кармленне, на аўтапiлоце, можна сказаць, рабiла ўколы, раздавала лекi, нешта раiла, падбадзёрвала-жартавала — у першай палаце, у другой...

У пятай левы ложак быў пусты, на правым доўгай трубой ляжала коўдра. Яе быццам заткнуў хто памiж сцяной i ложкам. Лена падышла блiжэй, нахiлiлася — "коўдра" ледзь чутна дыхала, мусiць, спала. Ну i няхай, рашыла — хай адпачывае, набiраецца сiл, яны ж яшчэ спатрэбяцца: схваткi, паводле запiсаў Казiмiраўны, пачалiся толькi апоўднi, дзiця — першае, значыць, намэнчыцца яшчэ, накрычыцца.

Лена цiха выйшла з палаты, прычынiла дзверы, каб потым, праходзячы мiма, раз-пораз пазiраць на ложак i ўвесь час прыслухоўвацца.

Дзiця маё залатоеШто здзiвiла — нi праз гадзiну, нi праз дзве ў палаце нiчога не змянiлася, "коўдра" па-ранейшаму ляжала ля сцяны i маўчала. Яшчэ раз глянуўшы ў картку, Лена здагадалася, здаецца, чаму: пад прозвiшчам парадзiхi значылася "колькасць поўных гадоў" — 18, у графе "муж" красаваўся роўны, тлусты прочырк.

Лена падышла да ложка, паклала руку на коўдру ў тым месцы, дзе ў парадзiхi магло быць плячо, спагадлiва спытала:

— Уляцела ад Казiмiраўны? (з пад коўдры данёсся перарывiсты ўздых). Накрычала?.. То ты не крыўдуй... Яна акушэрка — ад Бога i жанчына — проста цудоўная. А што не ў гуморы падчас... У яе, ведаеш, таксама каханне было. Вiдаць, сапраўднае — прысягнулi адно аднаму. I напэўна ж разам былi б, шчаслiвыя, каб яго ў войска не забралi, каб адтуль не прывезлi ў цынкавай труне за тыдзень да вываду войскаў. Афганiстан... Чула пра такую вайну? Маўчыш? Значыць, чула... А яна з-за яе i з-за клятвы той адна засталася: бацькi памерлi, нi сына, нi дачкi няма... Вы ў свае 18 смялейшыя: у цябе ж во будзе...

— Не будзе! — злосна кiнула "коўдра".

На што Лена толькi ўсмiхнулася: многiя жанчыны (ды што там, яна i сама) панiкавалi падчас цяжарнасцi, баялiся нарадзiць нежывое, баялiся памерцi самi.

— А табе i хвалявацца не варта, — сказала Лена, гладзячы коўдру ў тым месцы, дзе ў парадзiхi мелася быць галава. — Дзiцятка даношанае, паталогii няма, да таго ж на змене сёння найлепшы доктар — профi, маiх абодвух прымаў!

Але "коўдра" яе як быццам "не чула" — працягвала зацята, пакрыўджана маўчаць. Таму праз доўгую паўзу (хто ведае, чаго там нагаварыла Казiмiраўна?) Алена дадала, што, мiж iншым, першынца свайго таксама незамужняй чакала...

— Праўда, — успомнiла, — мне 23 было. Я тут на Дошцы гонару ўжо вiсела... А закахалася, як у 17 — проста без памяцi! Ведала, што вось гэтак — першы i апошнi раз! А ён старэйшы за мяне, разумнейшы, як потым высветлiлася — з дыпломам, з кватэрай. Нават бiзнэс свой... Не тое, што я... Разлюбiць, думаю, як пiць даць, а ў мяне ад яго нават дзiцяткi не будзе! Чаго нi рабiла, каб зацяжараць... Ён не супраць быў... А калi тое сталася, дактары сказалi, што шанцаў вынасiць у мяне лiчы, што няма. Значыць, трэба выбiраць — альбо аборт, альбо дзевяць месяцаў у бальнiцы... Я ў той жа дзень i лягла... Яму па тэлефоне сказала, што прэтэнзiй нiякiх не маю, што ён вольны... Амаль месяц маўчаў (вiдаць, думаў, што трэба рабiць?): я яму не званiла, ён мне. А потым прыходзiць стаў... Як на працу — кожны дзянёк. Аднойчы, цi паверыш, шахматы прынёс. Кажа: "Хочаш, гуляць навучу?" Дзiвак, ён яшчэ i пытаўся! Мне ж абы з iм — я тады хоць кiтайскую грамату выўчу! Месяцы праз два першы раз абыграла яго. Такое свята было!.. Там жа, у бальнiцы, ён з мамай маёй пазнаёмiўся, з бацькам, з братам... I ведаеш, што дзiўна? Бачыла, што любiць, што кахае, што добра яму са мной. Нават у бальнiцы... А пра загс маўчыць — нi паўслова! Толькi на восьмым месяцы сказаў, што трэба, каб па-людску ўсё было, што ён дамовiўся, i калi я не супраць... Мяне тады на суткi з бальнiцы адпусцiлi, мама святочны стол зрабiла на восем чалавек. Распiсалiся, пасядзелi — вось i ўсё вяселле. А потым — шлюбная ноч. У яго акварыум дома на ўсю сцяну i музыка... Не, не такая, дзе ты "зараза отказала мне два раза", а харошая, спакойная — скрыпка, арган, саксафон... Ён спецыяльна падбiраў. Позна сядзелi... Слухалi... Глядзелi на рыб... Ведаеш, я тады самая шчаслiвая была!.. Ну, як жа — у мяне ад найлепшага з мужчын будзе хлопчык, а ў хлопчыка майго — бацька... А ты? Ты, вiдаць, дзяўчынку чакаеш? — спытала Алена ў "коўдры".

— Нiкога не чакаю! — агрызнулася яна i заскрыпела зубамi: пачалiся схваткi.

— На спiну, на спiну ляж! — загадала Лена i адцягнула яе ад сцяны. — Ногi пад сябе! Рукамi за матрац. I крычы, крычы, не глытай гэты боль, ён табе не патрэбны! Вось так! Маладзец!

Цяпер яна ўжо бачыла хай зусiм не маладзецкi (перакошаны пакутамi), але ж прыгожанькi твар парадзiхi, бачыла маленькiя рукi i ногi. Памер 35-ы, не болей. Дзiця яшчэ. Ёй бы з кнiжкамi недзе сядзець, дык не! "Кiнаў" сучасных нагледзяцца — i ў прыгожае жыццё, у любошчы, як у вiр галавой...

Схваткi скончылiся. Лена схiлiлася над парадзiхай, звычна выцерла ўзмакрэлы ад поту твар, паправiла валасы, сказала (проста так, каб нешта сказаць...):

— А ў цябе, вiдаць, прыгожая дачушка будзе. Камандзiрачка... Адкуль ведаю? Ды прыкмета ёсць: у асобаў, у лiдарак другi палец на назе вышэйшы за першы. У цябе такi... Можа, i ёй перадасца... Ведаеш, у нашым жаночым жыццi гэта найлепшыя моманты, калi вынасiш, народзiш i ўбачыш сваё дзiцятка, адчуеш яго цеплыню... А потым, калi кармiць прынясуць, ты глянеш у яго маленечкi тварык i адразу ўбачыш, што носiк на iм — твой, а вочкi — не...

— Я не буду гэтага бачыць! — закрычала парадзiха i злосна скiнула коўдру. — Я не буду кармiць! I забiраць малое не буду, ясна?!

— Дык вось у чым справа?! — агаломшана падумала Лена. Хацела сказаць "геройцы" гэтай, што яна тут такая не першая i, вiдаць, не апошняя — шалахвостак хапае, хацела пашкадаваць, што адкрылася ёй — пусцiла ў сваё асабiстае жыццё, хацела сысцi адсюль падалей, каб не бачыць i каб нарэшце хоць трохi адпачыць (ноч за поўнач!), але ў дзвярах чамусьцi спынiлася, азiрнулася на ложак i ў прыцемку ўбачыла вочы — не, не дзявочыя, не жаночыя — вочы... сабакi, якога, збiваючы палкамi, толькi што загналi ў пастку. I ён не зразумеў яшчэ, для чаго — каб бiць далей, цi каб даць адляжацца, залiзаць сабе раны.

— Кахала? — спытала Лена, вярнуўшыся назад, да ложка.

"Коўдра" згодна маўчала.

— Ён першым мужчынам быў?

З ложка данёсся цiхi ўсхлiп.

— А потым? Што потым? Скажы. Ты зацяжарала? А ён? Даў грошы на аборт? Не?.. Горай?!.. Мiлая, што можа быць горай?

— Ён спытаў, ад каго! — прастагнала дзяўчына i зноў "закацiлася" ў кут памiж ложкам i сцяной.

— Во дурань! Во пустадомак! — завохкала Лена. — Гэтак пакрыўдзiць!... А ты? Што ты?

"Коўдра" зноў заскрыпела зубамi — ад болю. Але цяпер, ужо навучаная, адразу лягла на спiну, падцягнула ногi i застагнала. Схваткi былi куды цяжэйшыя, чым папярэднiя: больш працяглыя. I балючыя.

— Адпачнi цяпер, — загадала Лена i цяжка ўздыхнула: ёй самой адпачынак, вiдаць, не свяцiў (прынамсi, у гэтую ноч): спусцiлася да немаўлят, потым да дзяўчат у прыёмны пакой, паглядзела, як у крэсле перад тэлевiзарам смешна задрамаў доктар, як хораша паснулi жанчыны — у кожнай з палат, апроч гэтай, пятай: "коўдра" па-ранейшаму не знаходзiла сабе месца. I не давала спакою ёй.

— Прыгожы быў? — папыталася Лена, стоячы ля акна.

— Ы-гы, — захлюпала носам дзяўчына.

— Ведае, што ты ў раддоме?

— Не-е, — заматала галавою яна.

— А мама? У цябе ж ёсць мама? Яна — ведае?

— Не, — закусiла губу парадзiха.

— Тады хто — нехта з сябровак?.. Што — нiхто?! Божа каханы! З такой ношай... Адна?! Як жа ты вынесла? — не паверыла вушам Алёна. — Дзе ты жыла?

— У Польшчы, — ужо смела прамовiла "коўдра", — я туды ў заробкi ездзiла.

— У гэтакiм стане?!

— Спачатку не вiдаць было. А потым... Пану што — абы працавала...

— Ну ты ж званiла дамоў?

— Званiла.

— А хлопцу свайму?

— Не!

— Ну, ты хоць думала, чаму ён так сказаў? Не?.. А вось гэта — дарэмна! Ведаеш, я ў свайго неяк раз папыталася, чаму ён так доўга цягнуў, чаму не жанiўся. Ён аджартаваўся — нiчога мне не сказаў. Але ж я даведалася. Яго перад самай маёй цяжарнасцю на грошы кiнулi. Прычым — лепшы сябар: у садок яшчэ разам хадзiлi! Вось ён i апёкся. На ваду потым дзьмуў. А яшчэ... Не ведаю, цi зразумееш ты, — задумалася Лена, — але ж ўсё роўна не спiм, раскажу. Мне тады гадоў 15 было. Прыбягаю неяк дамоў i давай перад мамай выхваляцца, што мяне, мiж iншым, хлопец адзiн праводзiў — дарослы. А яго былая дзяўчына за намi следам iшла. Ну як сабачка... Мне так смешна гэта было — расказваю i аж заходжуся. А мама села насупраць i кажа: "Слухай i запамiнай: смяяцца з гэтага нельга, гэта горай, чым з хворага"... А потым пытае, цi ў памяцi, як мы неяк з мастацкай школы вярталiся — праз магазiн "Золата"... Ну, i нагадвае, як ехалi, як па дарозе ў нас забаўка была — шукаць прыгожае i паказваць адна адной: твары ў аўтобусе, вопратку, нейкiя рэчы, жывёл. Дык вось у той раз яна штось гаворыць, а я — маўчу. "Што з табой?" — пытаецца мама, а я i адказаць не магу: жывот як нажом хто рэжа. I ў туалет хачу — атруцiлася, мусiць. Мама тады аўтобус спынiла, мяне за руку — i выскачылi. А куды далей, калi побач горад i ў iм — ну нiчога... Такога... Апроч ювелiрнага. Прыбеглi туды. Хлопец нейкi насустрач — вышкалены. Пытае: "Што вам прапанаваць?". Мама: "Дзе ў вас туалет?". Ён у крыўду, у капрыз: як можна, маўляў, у нас тут золата!.. Мама яго адпiхнула i кажа: "Гэта ў мяне во золата — дзiця маё, а ў вас..." I ў службовыя дзверы... Са мной... Нагадвае мне гэта, а я сувязi нiякай не бачу: я ж ёй пра хлопца, пра дзяўчыну, што за намi следам iшла? А мама тады i гаворыць, што ў 15-16-17 усе мы — хлопцы, дзяўчаты — птушкi вольныя: можам вучыцца, працаваць, нечым захапляцца, некуды ездзiць, бегаць на дыскатэкi. Але патрапiць у сiло — гэта ў момант! Варта пачаць курыць, што яшчэ палова бяды, альбо выпiваць цi, крый Божа, калоцца, варта з некiм, прабач, пераспаць, уступiць у блiзкасць. I тады ўсё — ты залежны, ты, як я ў тым аўтобусе, нiчога прыгожага ўжо не бачыш: у пэўны час ты хочаш (ды што там — табе неадкладна трэба!) закурыць, выпiць, укалоцца альбо задаволiць жарсцi, i гэтая патрэба куды страшнейшая, чым панос... Ад яго ж хоць парашок нейкi ёсць цi таблеткi. А тут — нiякiх лекаў. I лячыцца не хочацца — ад алкагалiзму, ад наркотыкаў, ад страсцi...

З ёй, праўда, варыянты ёсць: адзiнкi (вось такiя, як ты... Дагэтуль...) могуць справiцца з сабой, завязацца ў вузел, а вось большасць... Тут адно з двух: альбо з усiх людзей на зямлi патрэбен толькi адзiн — вось гэты, i ты будзеш хвосцiкам, сабачкам бегаць за iм, прынiжацца, чакаць увагi, альбо (што яшчэ горш), пойдзеш па руках: калi не з iм, то хоць з кiм, хоць дзе, хай нават пад плотам... "Займацца любоўю" — во якiя словы прыдумалi. Мужчыны... Я чамусьцi ўпэўнена ў гэтым... Вось i займаюцца — з адной, з другой, з пятай... А потым, сустрэўшы шостую, раптам бачаць, што яна не такая i што трымацца з ёй трэба зусiм не так. А як? Нi навыкаў, нi досведу... Бо высвятляецца, што займацца любоўю — гэта адно, а вось любiць, кахаць — зусiм iншае: памiж працэсам i пачуццём дыстанцыя страшэннага памеру. I пакуль гэта дойдзе...

Я вось у мужа не першай была. Крыўдна... Ты, мусiць, таксама? Вось ён i ляпнуў... Не падумаўшы, не разабраўшыся... А ты — ходу, i з канцамi. Нават апраўдацца яму не дала. А ён, можа, усё зразумеў? Мо вар'яцее, цябе шукаючы? Можа, дапяў, што любiць, i гатовы прабачэння малiць... Хоць на каленях?

— Я ўсё роўна яму не дарую, — цвёрда заявiла "коўдра".

— Добра, не даруеш, — згадзiлася Лена, — бо лiчыш, што ён вiнаваты. А дзiця ваша ў чым?.. Яно ж такая пацешка, такая крынiчка радасцi!

— Я не веру ў гэта! — прастагнала парадзiха. — Я не ведаю, што з iм рабiць... Я нiчога не ўмею...

— Дык яно ж само ўсё "скажа" табе i ўсяму навучыць! Яно, вось убачыш, зменiць тваё жыццё! Цяпер дзеля каго табе нешта рабiць — вучыцца, зарабляць, старацца? А тады...

— Я не хачу пра гэта ўсё чуць! — закрычала "коўдра".

— Добра, ты пакiнеш малое ў нас — згадзiлася Лена. — А што далей? Як ты будзеш жыць?

— Неяк буду! — кiнула дзеўка.

— Гэта не адказ... Ведаеш, я ўсiх дзяцей у школе вучыла б гуляць у шахматы. Вось ён, твой ход — ты кiдаеш дзiця. Думай, што будзе далей. Ты выпiсваешся з раддома, адпачываеш, як нiчога нiякага, вяртаешся ў ранейшае жыццё. Ты сустракаеш свайго бойфрэнда, вы мiрыцеся, жэнiцеся i прыходзiце сюды, каб забраць дзiця. А яго ўжо няма... Цi ты будзеш хлусiць яму (усё жыццё!), што малое памерла? Усё будзе не так? Ты не хочаш з iм сустракацца, ты не хочаш мiрыцца? Тады — хай не цяпер, хай некалi, але ж ты прыгожая — у цябе з'явiцца iншы... Муж i, дасць Бог, дзiцёнак. Але — павер мне (перасадку галавы навучацца рабiць не хутка) — ты пастаянна будзеш помнiць вось гэтага: будзеш зазiраць у чужыя вазкi i лiчыць, твой большы цяпер цi меншы, будзеш непакоiцца, цi здаровы ён, цi дагледжаны, будзеш думаць, каму, якой цётцы цi няньцы ён паказаў свой першы зубок i першы крок, першую дзясятку ў сшытку. Ты будзеш уяўляць, якi ён i чым захапляецца... Ад няведання, ад пастаяннай трывогi ты пачнеш зазiраць у чарку, да часу ссiвееш... Ты не сустрэнеш iншага? Не выйдзеш замуж? Не народзiш? Тады тым больш... Гэта тваё жыццё, твая партыя. Ты можаш выйграць яе, а можаш прайграць. Думай...

— Не буду!

За вокнамi займаўся дзень. "Коўдру" час было везцi ў радзалу.

Лена паклiкала доктара, пабудзiла сястрычку.

Роды былi цяжкiмi. Малое, быццам адчуваючы штось нядобрае, з усiх сiл трымалася за мацi. Доктар "не падганяў" яго — ён умеў чакаць, умеў далiкатна памагаць, падбадзёрваць i потым незвычайна неяк казаць: "Вiншую, мамаша, у вас...".

Лена не памылiлася: сапраўды дзяўчынка, сапраўды харошая-харошая (дзеля такой яна згадзiлася б яшчэ раз дзевяць месяцаў праляжаць у бальнiцы).

А яшчэ яна кiнула вокам на ножкi — другiя пальчыкi ў малой былi вышэйшыя, даўжэйшыя за першыя — якраз як у мацi.

Над ёй — ледзь жывой, распластанай — яна (i таксама ледзьве жывая — ад стомы) патрымала дзяўчынку, палажыла тварыкам на жывот: яны абедзве соладка заснулi.

...З працы Лену забiраў муж — на машыне. Заклапочана паглядзеў у вочы, спытаў: "Цяжкая ноч? Стамiлася? Такое ўражанне, што сама нарадзiла".

Лена ў адказ пацiснула плячыма — на размовы сiлы не было.

...З водпуску (захварэў малы, давялося ўзяць бальнiчны) яна вярнулася на тыдзень пазней. I першае, што ўбачыла, была... сметнiца. Ружовая, старэнькая, поўная высозных жоўтых хрызантэм, яна стаяла ў сястрынскiм, у цэнтры стала. Алена не стрымалася — падышла, усунула ў кветкi нос, пацягнула паветра.

— Нюхай-нюхай, не бойся! — дазволiла з-за спiны Казiмiраўна. — Гэта твой букецiк.

— Мой? Адкуль? — здзiвiлася Лена. — Хто прынёс?

— Ды прыгажунчык нейкi. Хацеў пабачыць цябе, прасiў падзякаваць.

— Але за што? Мяне ж тут месяц не было.

— А хто вас разбярэ — за камандзiра нейкага? Цi камандарма?

— За камандзiрачку?! — выгукнула Лена. — Яе забралi?!

— Ну, ты, вiдаць, зусiм на сонцы перагрэлася: забылася — тут кожны дзень некага прывозяць, некага забiраюць. Хiба ўсiх запомнiш?

"Усiх — не, — падумала Лена, хаваючы ў хрызантэмах слёзы. — Асобных — на ўсё жыццё".

Валянцiна Доўнар.

 

←Город под роспись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика