У назвах вуліц Мінск застаецца савецкім горадам
![У назвах вуліц Мінск застаецца савецкім горадам](http://www.21.by/pub/news/2009/11/1259481242836888.jpg)
Кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальная акадэміі навук Аляксей Ластоўскі расказаў на прэзентацыі даследвання, што для параўнальнага аналізу гарадскога ландшафту трох сталіц было прааналізавана 875 назваў вуліц Вільнюса, 1372 — Кіева і 780 — Мінска.
Аляксей Ластоўскі падкрэсліў, што асаблівая ўвага звярталася на аналіз складу і прасторавага размеркавання ў гарадскім ландшафце пласту "Другая сусветная вайна". Сюды ўваходзілі назвы ў гонар герояў вайны, партызанаў, падпольшчыкаў і г.д. У пласт "Нацыянальная культура" ўвайшлі назвы ў гонар дзеячаў гісторыі ды культуры дасавецкага і савецкага перыяду. Быў яшчэ і "Каланіяльны пласт", куды даследчыкі ўключылі вуліцы, названыя ў гонар дзеячаў рускай і савецкай культуры.
Мінск, Кіеў і Вільнюс маюць агульнае савецкае мінулае і зараз з’яўляюцца сталіцамі самастойных дзяржаваў. Пры гэтым, падкрэсліў Аляксей Ластоўскі, Вільнюс ўсё ж такі меў значна меншы вопыт савецкай гісторыі ў параўнанні са сталіцамі Беларусі і Украіны.
Аўтары даследавання падкрэсліваюць — менавіта сталіцы для разумення змен у тапаніміке набываюць асаблівае занчэнне. Яны выступаюць як маніфестацыі палітычнай улады. "Сталіцы — гэта не толькі месцы канцэнтрацыі рознага роду капіталаў (палітычнага, эканамічнага, рэлігійнага, культурнага), — кажа галоўны рэдактар часопіса "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч. — Яны выконваюць таксама важную функцыю сімвалічнай рэпрэзентацыі народу і краіны. Адпаведна, вобраз сталіцы кладзецца ў цэнтр сімвалічнай канфігурацыі нацыянальнай ідэнтычнасці, якая фарміруеццца ўладай".
Такім чынам, пра што кажуць нам вуліцы сталіцы? Мы паважаем памяць пра Вялікую айчынную вайну і забываемся пра іншыя перыяды беларускай гісторыі. У самым цэнтры ў Мінску — праспекты Партызанскі і Пераможцаў. Пры гэтым праспект Скарыны ўжо не існуе, затое ёсць вуліца Скарыны, вуліца Каліноўскага. І ўсё бы нічога, але ў назвах вуліц сталіцы дамінуюць руская гісторыя і культура.
канец 2008 г. | асобы | абстр. | усяго | % |
Другая сусветная вайна | 113 | 7 | 120 | 15,1 |
міжнародны камунізм | 9 | 10 | 19 | 2,4 |
савецкі камунізм | 44 | 8 | 52 | 6,5 |
беларускі камунізм (да WWII) | 19 | - | 19 | 2,4 |
беларускі камунізм (пасля WWII) | 9 | - | 9 | 1,1 |
беларуская культура і гісторыя (савецкі перыяд) | 36 | - | 36 | 4,5 |
беларуская культура і гісторыя (дасавецкі перыяд) | 24 | 1 | 25 | 3,1 |
руская гісторыя і культура | 68 | 2 | 70 | 8,8 |
савецкая гісторыя і культура | 10 | 1 | 11 | 1,4 |
геаграфічныя назвы (Беларусь) | - | 50 | 50 | 6,3 |
геаграфічныя назвы (Расія) | - | 25 | 25 | 3,1 |
геаграфічныя назвы (іншыя) | - | 17 | 17 | 2,1 |
прафесійныя групы | - | 40 | 40 | 5,0 |
фізічныя характарыстыкі | - | 64 | 64 | 8,1 |
адсылкі да мясцовых аб’ектаў | - | 121 | 121 | 15,2 |
дасавецкія назвы | 1 | 47 | 48 | 6,0 |
іншыя | 29 | 12 | 41 | 5,2 |
Калі звярнуцца да вуліц, названых імёнамі гістарычнх асобаў, высвятляецца, што асобы, датычныя да Другой сусветнай вайны, увекавечаны ў назвах 113 вуліц, да рускай культуры — 68, савецкага перыяду — 44. Беларуская культура выглядае больш сціпла: культура савецкага перыяду прадстаўлена ў 36 назвах, а дасавецкага перыяду — у 24.
Па звестках Андрэя Казакевіча, з 1990 года адбылося 121 перайменаванне мінскіх вуліц: "Шмат з іх былі звязаныя з тым, што вуліцы ў вёсках надбалі новую назву, бо ўвайшлі ў межы сталіцы. Гэта было вымушанае перайменаванне. Калі не ўлічваць такія выпадкі, то за гэты час гаворка можа ісці пра, літаральна, не больш дзесяці перайменаванняў у год. Напрыклад, у 1990 годзе новыя назвы атрымалі 5 вуліц, у 1997 — каля дзесяці".
Як імкненне да нацыянальнага можна ўспомніць, напрыклад, перайменаванне вуліцы Горкага ў вуліцу Багдановіча.
Безумоўна, лідарам апошняга дзесяцігоддзя па сапраўднаму перайменаванню з’яўляецца 2005 год, калі указам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 7 мая 2005 былі зменены назвы галоўных мінскіх праспектаў — Францыска Скарыны і Пятра Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў.
Чым жа адрозніваюцца ад нас суседзі? Дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Каунас, Літва) Раса Балачкайтэ падкрэслівае — назвы вуліц Вільнюса ніколі не былі так прасякнуты савецкім духам, як мінскія. Вільнюс увайшоў у склад СССР значна пазней сталіц Беларусі і Украіны, да таго ж перад самай вайной. У гэтым горадзе, дзе большасць назваў вуліц — гэта адлюстраванне літоўскай гісторыі, культуры, ёсць больш, чым у Мінску і Кіеве, назваў накштал вуліца Зорак, вуліца Ветра. Літоўцы пазбягалі палітыкі ў назвах, як маглі.
Што да Кіева, па ім савецкая гісторы прайшлася не менш, чым па Мінску. Прэ гэтым, там усё ж такі больш заўважны след нацыянальнай гісторыі. Магчыма, калісьці і мы навучымся паважаць сваю гісторыю, як літоўцы і украінцы.