Дамхана пры дарозе
26.11.2009
—
Новости Общества

У казахстанскага прадпрымальніка Яўгена Дашкевіча — карані ў Беларусі
«А вы з саміх Ляхавіч?» — перапытваю мужчыну і сам не магу паверыць. Бо і я з Ляхавіччыны, што ў Брэсцкай вобласці. А сустрэліся мы ў Паўночным Казахстане, у стэпе пры дарозе, за тры тысячы кіламетраў ад гістарычнай радзімы Яўгена Дашкевіча.
Мы, журналісты, едучы ў невялічкім аўтобусе з Астаны ў Петрапаўлаўск, усё выглядвалі там “сляды беларускай прысутнасці”. Даводзілася з МАЗамі размінацца. І трактар “Беларус” бачылі. Праўда, стары, з падношанымі пратэктарамі вялікіх калёс, па якіх заключылі: мусіць, ён савецкі па тэхпашпарце. А “Гомсельмашаўскія” жаткі везлі новыя! Аказваецца, казахстанская пшаніца, тых самых цвёрдых сартоў, дае сама больш 15-20 цэнтнераў з гектара. І таму яе выгадней скошваць у валкі шырокімі жаткамі, а потым пускаць камбайны толькі на абмалот. Намагаліся дзе сустрэць і дарожную тэхніку “Амкадора”. Аднак пры шасціпалосным аўтабане Астана-Петрапаўлаўск, які бурна будуецца, бачылі хіба яго канкурэнтаў з іншых краін…
І калі справа ў акне мільганула шыльда “Сябры”, гэта была падзея! Па дарозе назад завіталі да гаспадара прыдарожнай дамханы. У невялікім,
адзін паверх, крытым шыферам будынку ва ўсю ішла рэканструкцыя. “Дарогу новую робяць — больш гасцей будзе. І пляцоўку для стаянкі фур зробім, і пра летні матэль, бо зімой руху мала, пара падумаць…” — разважаў Яўген Дашкевіч, высокі, плячысты мужчына. Ён займаўся з напарнікам бетоннымі работамі. І знешне спакойна адрэагаваў на візіт суайчыннікаў. Толькі потым, як выйшаў на вуліцу, прыабняў па нашай просьбе “для кадра” вялікі куст валошак на кветніку пры сваёй дамхане, было бачна: хвалюецца!
Бацькі, расказваў, прыехалі асвойваць цаліну ў 60-м годзе. Жылі тут, недалёка ад трасы, у сяле Крамянчуг (пэўна, заснавана ўкраінскімі перасяленцамі) Тайыншынскага раёна. На цаліне ж нара-дзіліся іх дзеці. Яўген з 67-га года, адслужыў у войску, закончыў у Какшэтау аўтамеханічны тэхнікум. Яго невялікі бізнес развіваецца тут, на 372-м кіламетры трасы Астана-Петрапаўлаўск, і сяло недалёка: раней было вялікім, “а цяпер раз’ехаліся людзі”. Родавыя карані ў прадпрымальніка беларускія: і бацька, і маці з Ляхавіцкага раёна — Яўген называў вёскі Востраў, Цыгань. У сярэдзіне 90-х, калі ўсім цяжка жылося ў стэпе, брат і сястра Дашкевічы разам з бацькам, які ўжо цяжка хварэў і жадаў вярнуцца на радзіму, рашыліся на пераезд. Яўген застаўся, бо ў яго “была свая справа”, з ім і цяпер жыве маці, якой за 70. У хуткім часе пасля вяртання ў Беларусь галавы сямейства не стала. Яўген, дарэчы, наведваў родных на новым месцы, быў на магіле бацькі ля вёскі Малышы.
Чаму, аднак, дамхана “Сябры”? Бо назва, казаў гаспадар, прыгожая. Яўген узяў яе, калі ранейшая, “Алёнушка”, перастала падабацца. Жанчыны з нашай дэлегацыі тым часам запыталі, ці нацыянальная ў яго кухня? “Не, змешаная, — усміхнуўся Яўген. — Людзі розныя нас наведваюць, ва ўсе густы трэба патрап-
ляць. І дранікі іншым часам робім. Іх, дарэчы, цудоўна гатуе і мая мама”.
Нядоўгай была гутарка. Нават ад кавы, прапанаванай гаспадаром “у знак удзячнасці за тое, што заехалі”, прыйшлося адмовіцца: падціскалі іншыя сустрэчы. Потым, аднак, мы не раз згадвалі і Яўгена, і яго кветкі-валошкі, сімвал Беларусі, у кветніку ля казахстанскай дамханы…
Вярнуўшыся з камандзіроўкі, я неяк гартаў блакнот і рашыў даведацца, ці шмат Дашкевічаў у Ляхавіцкім раёне. У даведцы далі два тэлефоны. Па першым адказаў дваюрадны брат Яўгена, Аляксандр — ён працуе аўтаслесарам. Я перадаў яму прывітанне з цаліны, а ён у адказ: “Я ж таксама цаліннік!” Жыў з бацькамі ў Цалінаградзе (цяпер Астана) і вярнуўся ў Беларусь яшчэ ў 1977-м, адразу пасля школы. Ад Аляксандра стала вядома, што на цаліну ў свой час паехалі ажно чацвёра дзяцей яго дзеда, Мацвея Дашкевіча: браты Вячаслаў і Яўген, а таксама сёстры Вольга і Марыя. “А родны брат Яўгена, што пераехаў, — мой цёзка, ён жыве з сям’ёй у Дараве, даю тэлефон …” І прадыктаваў тыя ж лічбы, што ўжо дала даведка.
Карацей, атрымалася так: адна частка роду Дашкевічаў цяпер жыве ў Казахстане, другая — у Беларусі. Яўгенава пляменніца Наталля, якая ў 1997 годзе пераехала з бацькамі ў нашу краіну, цяпер студэнтка Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, будзе настаўніцай англійскай і нямецкай моваў. У вёсцы Востраў пусціла карані і “казахстанка цётка Ларыса”. На маё ж “правакацыйнае” пытанне, дзе лепш жыць, дзяўчына з роздумам адказала: “Ну Казахстан, сяло Крамянчуг — мая радзіма, і гэтым усё сказана… Паехаць туды вельмі хацела б, аднак гэта для нас пакуль дарагавата. З часам, аднак, абавязкова туды яшчэ выберамся”.
Іван Ждановіч
На здымку: Каля дамханы-кафэ Яўгена Дашкевіча цвітуць валошкі