Стары Ольса сабраў лепшае. І вырашыў не пiсаць свайго

Источник материала:  

Яшчэ адзiн музычны юбiлей будзе адзначаны днямi канцэртам. Гурт "Стары Ольса" 28 лiстапада запрашае прыхiльнiкаў у КЗ "Мiнск" на праграму "Лепшае", прысвечаную 10-годдзю калектыву.

Днi нараджэння гурты адзначаюць па-рознаму — адны збiраюцца вузкiм колам, iншыя запрашаюць усiх, з кiм працавалi ў мiнулыя гады. "Стары Ольса" якраз з гэтай другой катэгорыi. Паводле словаў лiдара калектыву Змiцера Сасноўскага, з усiмi былымi ўдзельнiкамi ў гурта захавалiся добрыя стасункi, таму ўсе яны запрошаныя на юбiлей. Напрыклад, разам з барабаншчыкам "Ольсы" Сяргеем Тапчэўскiм, якi цяпер служыць у 120-й танкавай брыгадзе пад Мiнскам, на канцэрт прыйдуць саслужыўцы i камандаванне вайсковай часці. З iншых жа музыкаў шмат хто цяпер жыве ў iншых гарадах i нават краiнах, таму iм складана будзе прыехаць — а тым больш выйсцi на сцэну з гуртам без папярэднiх рэпетыцый. I ўсё ж такая iмправiзацыя не выключаная.

Парадаваць жа слухачоў гурт абяцае лепшым i выбраным, тым больш, выбiраць ёсць з чаго — за 10 гадоў запiсаныя 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя i адзiн музычна-лiтаратурны праект. "Мы спачатку думалi зрабiць канцэрт па заяўках, але звычайна атрымлiваем спiс адных i тых жа кампазiцый, таму вырашылi разнастаiць выступленне — акрамя ўлюбёных людзьмi кампазiцый, абавязкова выканаем творы з "Полацкага сшытка", — анансаваў праграму Змiцер Сасноўскi. Гурт абяцае таксама наладзiць iнтэрактыў — шчыра адказаць на пытаннi залы, часткова падчас канцэрту, часткова пазней на сваiм афiцыйным сайце.

Праз некалькi дзён убачыць свет альбом "Лепшае", якi музыкi складалi па вельмi простым прынцыпе — як часта той цi iншы хiт замаўляла выканаць публiка.

— Але я быў супраць назвы "Лепшае", — прызнаўся лiдар гурта. — Гурт, якi выпускае альбом з такой назвай, далей будзе рабiць толькi горшае, цi што?

Каб не страцiць марку, надалей "Стары Ольса" вырашыў адмовiцца ад напiсання ўласных твораў i займацца толькi адраджэннем беларускай музычнай спадчыны — тым больш, што яе, перакананыя музыкi, усiм беларускiм медыяваль-гуртам да канца жыцця хопiць.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

←Температура снижается

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика