Пацук
У народнай свядомасцi пацук заўсёды быў звязаны з нячыстай сiлай, чарадзеямi i ведзьмакамi. У некаторых рэгiёнах лiчылi, што дамавiк мог з'явiцца ў выглядзе пацука, i такога пацука кранаць нельга. У шматлiкiх выпадках пацук атаясамлiваўся з душой чалавека — ён знiкае так хутка i непрыкметна, як душа ў момант смерцi. Нярэдка ў выглядзе пацука ўяўлялiся душы памерлых. Таму былi пэўныя днi, калi ўсёй вёскай "змагалiся" супраць нашэсця пацукоў i ўсiм светам "выганялi" iх з хатаў.
З паводзiнамi пацукоў народ звязваў шэраг прыкмет i прадказанняў:
нельга граць на музычным iнструменце ўначы — у хаце з'явяцца пацукi;
калi пацукi сышлi з хаты — у ёй здарыцца пажар або якое-небудзь iншае няшчасце;
калi пацукоў з'яўлялася вельмi шмат i яны знiшчалi хлеб, якi захоўваўся ў засеках, гэта прадказвала голад i няўрод;
калi пацук згрызе верх каравая (хлеба), то хлеб у гэтым годзе будзе дарагiм, калi нiз — танным;
цяжарнай жанчыне нельга адмаўляць у якой-небудзь просьбе, iнакш гаспадарку таго, хто адмовiў, апануюць пацукi;
той, каму пацукi пагрызуць адзенне цi абутак, хутка сканае;
жанчынам катэгарычна забаранялася браць у рукi пацука цi забiваць яго — хлеб ад "такiх" рук нiколi не ўстане i будзе нясмачным;
калi пацуковыя гнёзды знаходзiлi побач з жытнёвымi палеткамi, гэта прадказвала сырое, дажджлiвае надвор'е;
калi пацуковых гнёздаў было шмат на льняным полi, чакалi зiму з вялiкiм снегам;
калi пацукi з'ядуць шмат ежы, якую пакiнула без увагi гаспадыня, то ў членаў сям'i будуць балець зубы.
Існаваў шэраг абрадаў i магiчных дзеянняў, якiя перасцерагалi (ахоўвалi) гаспадарку ад гэтых дробных шкоднiкаў:
для пазбаўлення ад iх хату абыходзiлi з велiкоднай ежай, а па кутах клалi шалупiнне ад асвячоных яек цi маленькiя кавалачкi асвячонай прасвiры;
нiколi не ўзгадвалi пацукоў за ежай;
пад снапы як абярэг ад пацукоў падкладвалi "калядны" венiк, альховыя галiнкi цi галiнкi бузiны;
у тых месцах, дзе захоўвалi збожжа ( у гумне, свiрне) абавязкова падвешвалi забiтую сароку.
Акрамя таго, знахары шырока выкарыстоўвалi смажанае мяса пацукоў для пазбаўлення ад коклюшу, адру, начнога нетрымання, эпiлепсii, а свежая кроў пацука дапамагала зводзiць бародаўкi.
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.