І вяртаецца нам сторыцай

Источник материала:  

Таня ўскочыла ў тралейбус у той момант, калi зачынялiся дзверы. "Уф, паспела", — прамовiла яна ўслых. Гэта быў апошнi тралейбус яе маршрута на сёння. Калi б яна не паспела, дадому прыйшлося б вяртацца пешшу.

Дзяўчына ўладкавалася на вольнае месца. Тут iх было шмат. Акрамя яе, на познiм маршруце ехалi яшчэ чатыры пасажыры. У тым лiку i я. Не, пяць. Пяты ўскочыў за Таняй i, як толькi яна прысела, сеў за ёй i пастукаў па плячы.

— Гэта ваша? — на далонi ён працягваў яе мабiльны тэлефон.

Таня ўсунула руку ў кiшэню — пуста.

— Так, мой. Адкуль ён у вас? Што яшчэ за фокусы?

— Калi вы даганялi тралейбус, тэлефон выпаў. Я заўважыў яго, падняў, але ваш ужо i след прастыў. Давялося бегчы даганяць. Думаў паспею аддаць i выскачыць. Але за намi дзверы тралейбуса зачынiлiся. Мне ў другi бок. Таму зараз выходжу. Бывайце, i больш не губляйце тэлефон — другi раз могуць не вярнуць.

Таня не паспела нi падзякаваць, нi спытаць, чаму хлопец вярнуў ёй мабiльны. Хоць пытанне, па праўдзе кажучы, дзiўнае само па сабе. Чаму? Таму што гэта не яго тэлефон, таму што яна яго згубiла, а ён гэта бачыў. Але ў наш час дзiўна, хутчэй, чуць такi адказ, чым такое пытанне. Сапраўды, iншым разам могуць i не вярнуць. Таня прыцiснула тэлефон да грудзей, усмiхнулася i стала думаць пра свой насычаны дзень.

Выхадныя Таня рэдка праводзiла дома. Сёння ранiцай яна паехала ў бiблiятэку. Пачытала матэрыялы, падрыхтавалася да заняткаў ёгай. Гэта яе новае захапленне. Далей наведала сястру з маленькiм пляменнiкам. Прайшлася па крамах у выбары падарунка для любай сяброўкi. Далей была ёга i медытацыя. А пасля — сустрэча з той самай сяброўкай i паход у кiно.

На фiльм Таня спазнiлася. Калi яна вярталася з заняткаў ёгай, у двары сустрэла нецвярозага мужчыну. Той ледзь стаяў на нагах, але спрабаваў загаварыць з дзяўчынай.

— Унук, унук! У мяне нарадзiўся ўнук! — прамармытаў мужчына i ледзь не звалiўся ў калюжыну.

Таня спазнялася на сустрэчу, пасля медытацыi ёй не хацелася дыхаць чужым перагарам, але яна хутка прыняла рашэнне.

— Дзе вы жывяце?

— У дзясятым пад'ездзе. Гэта ў наступным двары.

Таня ўзяла мужчыну пад руку i, хiстаючыся, яны пайшлi да наступнага шматпавярховiка. Яго заносiла, ён увесь час iмкнуўся завалiцца то на бок, то на спiну. Вецер у твар дапамагаў мужчыну i перашкаджаў Танi. З кожным крокам трымаць яго было ўсё цяжэй. Але яны дайшлi да дзясятага пад'езда, так нi разу i не звалiўшыся.

— Дзякуй. Гэта ўсё, чым я зараз магу выказаць сваю ўдзячнасць вам, — мужчына быццам працверазеў. — Але я абавязкова аддзячу. Пасля. Праз каго-небудзь iншага. Абавязкова.

— Добра, добра, iдзiце ўжо!

Таня прасачыла, як за мужчынам зачынiлiся дзверы i хуценька пабегла на сустрэчу. Сяброўка ўжо абрывала тэлефон.

...Зараз у тралейбусе са згубленым i знойдзеным тэлефонам Таня ўзгадала таго мужчыну. I яна зразумела, што яшчэ зможа аддзячыць хлопцу, якi вярнуў ёй мабiльны. Пасля. Праз каго-небудзь iншага.

I не меў рацыi той, хто сказаў, што ад дабрынi дабрынi не чакаюць. Бо дабрыня прыйдзе да цябе неабавязкова ад таго, каму ты прынёс радасць. I гэта нават лепш: ты зробiш добра зусiм не дзеля таго, каб атрымаць тое ж у адказ. Зрабi добра хлопцу, што вярнуў Танi тэлефон. Для таго каб не перарваць ланцужок. А да цябе дабрыня прыйдзе ад зусiм незнаёмага чалавека, якi не паспеў у той вечар на апошнi тралейбус. I ў наступны раз вадзiцель абавязкова пачакае яго.

I меў рацыю той, хто сказаў, што вяртаецца нам сторыцай. Кожнае наступнае звяно ланцужка дабрынi абавязкова большае за папярэдняе. З кожным учынкам дабрыня павялiчваецца, i вяртаецца нам абавязкова больш, чым мы выдаткавалi.

Я правярала. Праверце i вы. Праз каго-небудзь iншага.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

←Температура снижается

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика