Назарбаеў прыляцеў
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў 25 лістапада прыбыў у Мінск з афіцыйным двухдзённым візітам.
Чакаецца, што сёння ўвечары Назарбаеў сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле інфармацыі пасольства Казахстана ў Мінску, 26 лістапада Назарбаеў плануе сустрэцца з Лукашэнкам ў вузкім фармаце. Затым перамовы будуць працягвацца ў пашыраным складзе. Паводле вынікаў пасяджэння чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў, у тым ліку сумеснай заявы кіраўнікоў дзяржаў аб супрацоўніцтве, пагаднення аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі, пагаднення паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін аб фінансавым узаемадзеянні.
Акрамя таго, плануецца падпісаць план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве Беларусі і Казахстана на 2010—2011 гады.
Як паведамляе казахстанскае дзяржаўнае агенцтва Казінформ, Назарбаеў ускладзе кветкі да манумента Перамогі ў Мінску, сустрэнецца з кіраўніцтвам БелАЗа, «Лідсельмаша». Увечары 26 лістапада ён возьме ўдзел у працы саміта інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій «Злучым прастору СНД». Акрамя прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана ў саміце возьмуць удзел кіраўнікі Арменіі, Кыргызстана і Таджыкістана.
24 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай візіту Назарбаева, пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў заявіў: «Казахстан і Беларусь — стратэгічныя партнёры. Дзяржавы звязваюць цесныя адносіны як у межах міжнародных структур, так і ў двухбаковым супрацоўніцтве». Паводле слоў дыпламата, візіт Нурсултана Назарбаева надасць новы імпульс развіццю двухбаковых адносін ва ўсіх сферах.
27 лістапада Назарбаеў возьме ўдзел у саміце ЕўрАзЭС (Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан), краін мытнага саюза (Беларусь, Казахстан, Расія).
Як паведамлялася раней, лідэры трох краін маюць намер абмеркаваць пытанні фарміравання мытнага саюза і ў перспектыве — адзінай эканамічнай прасторы. Паводле вынікаў сустрэчы плануецца падпісанне дакументаў, якія павінны пакласці пачатак функцыянаванню мытнага саюза трох дзяржаў.