РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Стаўка рэфiнансавання знiзiцца на 0,5   Ужо з 1 снежня гэтага года стаўка рэфiнансавання складзе 13,5 працэнта гадавых, паведамiў карэспандэнту "Звязды" намеснiк начальнiка Упраўлення iнфармацыi Нацыянальнага банка Беларусi Мiхаiл Журавовiч. Ён праiнфармаваў, што праўленнем галоўнага банка адпаведнае рашэнне прынятае.

У галоўным банку патлумачылi, што падставай для змяншэння стаўкi сталi знiжэнне ўзроўню iнфляцыi, рост дэпазiтаў насельнiцтва, стабiльная сiтуацыя на ўнутраным валютным рынку i шэраг iншых пазiтыўных тэндэнцый у эканомiцы краiны. Акрамя таго, паспрыяла гэтаму працэнтная i курсавая палiтыка, што праводзiцца ў рэспублiцы. "Побач з iншымi манетарнымi iнструментамi яна станоўча паўплывала на павышэнне прывабнасцi рублёвых зберажэнняў грамадзян i захаванне даверу насельнiцтва да нацыянальнай валюты", — зазначаюць у Нацбанку. Таксама ў Нацбанку падкрэслiваюць, што i надалей галоўная банкаўская ўстанова краiны будзе падтрымлiваць высокую прывабнасць укладаў у нацыянальнай валюце i забяспечваць даступнасць крэдытаў для насельнiцтва i прадпрыемстваў.

Ігар ГРЫШЫН.

Незапланаваная цеплыня плюс сур'ёзныя дажджы

Ужо на працягу двух тыдняў запар у Беларусi назiраецца анамальна цёплае дажджлiвае надвор'е, калi сярэднясутачная тэмпература прыкладна на 4—8 градусаў перавышае клiматычную норму. I на гэтым тыднi пад уплывам мяккiх паветраных мас з боку Атлантыкi ў нашай краiне будзе дажджлiва i цёпла, паведамiла рэдакцыi галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Мiнпрыроды Вольга Фядотава.

Сур'ёзныя дажджы па ўсёй тэрыторыi краiны прагназуюцца сiноптыкамi менавiта сёння ўдзень i ўначы на сераду. У сераду ўдзень, а таксама ў чацвер i пятнiцу невялiкiя дажджы чакаюцца толькi месцамi па рэспублiцы. Аднак ужо ў выхадныя дажджы зноў узмацняцца i пройдуць паўсюдна па краiне. Часам чакаюцца моцныя туманы.

Тэмпература паветра ўначы на працягу тыдня 1—7, удзень — 4—11 цяпла, а ў паўднёвых раёнах у чацвер да плюс 13 градусаў. Сiноптыкi адзначаюць, што анамальная цеплыня ў другой палове лiстапада выклiкала невялiкую паўторную вегетацыю раслiн.

Сяргей КУРКАЧ.

У Мiнгарвыканкаме распрацавалi новыя прапановы па стымуляваннi нараджальнасцi

У беларускай дэмаграфiчнай палiтыцы новы акцэнт: дзяржава лiчыць неабходнымi дадатковыя меры падтрымкi не толькi шматдзетных, але i маладзетных сем'яў, а таксама маладых сем'яў. На практыцы гэта азначае цэлы шэраг змяненняў у выплаце дзiцячых дапамог, падатковыя, жыллёвыя i iншыя прэферэнцыi.

Камiтэт па адукацыi разам з Камiтэтам па працы i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама ўжо распрацавалi першыя прапановы такога роду. Як расказала начальнiк аддзела аховы дзяцiнства Камiтэта па адукацыi Зiнаiда Вараб'ёва, перш за ўсё гаворка iдзе аб зусiм новай норме — выплаце маладажонам ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў 200 базавых велiчыняў (цяпер гэта 7 мiльёнаў рублёў). Праўда, у выпадку скасавання шлюбу гэта сума павiнна быць з iх спагнаная, прычым з улiкам iнфляцыi.

Акрамя таго, унесеная прапанова выдаваць маладым сем'ям пазыкi на будаўнiцтва жылля на 25 i 40 гадоў пад невысокую плату за карыстанне — 5 i 7,5 % гадавых, зразумела, калi яны знаходзяцца на ўлiку асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў.

Нiна ЯНОВIЧ, "Мiнск—Навiны".

Выратавальнiкi дапамаглi выбрацца на бераг пенсiянеру, якi захрас у глеiстых адкладаннях на Камсамольскiм возеры

Як паведамiў прэс-сакратар Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Лапанiк, мужчына сам выклiкаў выратавальнiкаў. Ён патэлефанаваў на пульт дзяжурнага МНС вечарам у суботу i сказаў, што захрас у возеры.

Выратавальнiкi аператыўна прыбылi на названае месца, дзе i знайшлi 55-гадовага мужчыну па пояс у вадзе. Яго выцягнулi на бераг двое супрацоўнiкаў сталiчнага МНС. Мiнчанiн расказаў, што раней быў вадалазам, але як апынуўся вечарам у вадзе — дакладна патлумачыць не змог.

Уладзiмiр ЖДАНОВIЧ, "Мiнск—Навiны".

Бацька i сын загiнулi на пажары

У Чашнiцкiм раёне, у вёсцы Осава, у вынiку пажару загiнулi 87-гадовы бацька i яго 50-гадовы сын.

Як паведамiлi "Звяздзе" у Вiцебскiм абласным упраўленнi па надзвычайных сiтуацыях, меркаваная прычына пажару — парушэнне правiлаў эксплуатацыi печы (вугаль выпаў з печы).

Пажарныя лiквiдавалi пажар. Агнём былi знiшчаны дах, столевае перакрыццё, сцены дома, дзве гаспадарчыя забудовы. Агульная страта — 5 мiльёнаў рублёў. Па словах суседзяў, загiнулыя злоўжывалi спiртнымi напоямi, выпiвалi яны i незадоўга да трагедыi.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

←Слышен звон бубенцов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика