Колькасць новых жыллёвых чаргавiкоў сталiцы ў наступным годзе паменшыцца прыкладна на 30 працэнтаў
Пра гэта журналiстам учора паведамiў начальнiк упраўлення жыллёвай палiтыкi Мiнскага гарвыканкама Мiкалай Ком.
Кiраўнiк упраўлення нагадаў, што 16 лiстапада Прэзiдэнтам Беларусi быў падпiсаны Указ № 543, згодна з якiм у нашай краiне змяняюцца ўмовы прыняцця грамадзян на ўлiк асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў, забеспячэння жылымi памяшканнямi дзяржаўнага жыллёвага фонду, а гэта павiнна прывесцi да скарачэння чарговасцi ўжо ў наступным годзе. Такiм чынам, на ўлiк асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў не прымаюцца грамадзяне, забяспечаныя агульнай жылой плошчай больш як 15 кв. м на чалавека. Трэба заўважыць, што цяпер будзе ўлiчвацца сума плошчаў усiх жылых памяшканняў, якiя знаходзяцца ва ўласнасцi або ў карыстаннi грамадзянiна i членаў яго сям'i.
Асобна адзначаецца, што асобы, якiя ўпершыню ўзялi ў шлюб i жывуць разам з бацькамi, цяпер будуць прымацца на жыллёвы ўлiк на агульных падставах з улiкам забяспечанасцi жыллём на кожнага жыхара менш як 15 кв. м агульнай плошчы. Гэтая пазiцыя была адрэдактавана сталiчнымi чыноўнiкамi не беспадстаўна. У апошнiя гады ў жыллёвую чаргу былi ўключаны ў якасцi тых, хто ўпершыню ўзяў шлюб i не мае асобнай кватэры, 114 тысяч сем'яў. Разам з тым, вялiкая частка такiх маладых сем'яў жыве разам з бацькамi цi iншымi членамi сям'i часам у даволi вялiкiх па плошчы кватэрах. Мiж iншым, як адзначыў Мiкалай Ком, сёння ў Мiнску ў чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля стаiць 1200 сем'яў i грамадзян. Па лiнii пазачарговага будаўнiцтва з магчымасцю атрымання льготнага жыллёвага крэдыту на ўлiку стаiць 8,5 тысячы сем'яў, з якiх сёння 3 тысячы сем'яў ужо будуюць сабе жыллё. Мiкалай Ком лiчыць, што для больш хуткага скарачэння жыллёвай чаргi, у сталiцы трэба мацней прапагандаваць насельнiцтву сiстэму будзберажэнняў, развiваць iпатэчнае крэдытаванне i механiзм выкарыстання жыллёвых аблiгацый. Не апошнюю ролю ў развiццi жыллёвага сектара адыгрывае долевае будаўнiцтва. Кiраўнiк упраўлення паведамiў, што сёння па лiнii долевага будаўнiцтва льготныя крэдыты на 20 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых у Мiнску атрымалi ўжо каля 1,5 тысячы забудоўшчыкаў.
Гэты ўказ кiраўнiка дзяржавы ўваходзiць у сiлу з 19 лютага наступнага года.
Сяргей КУРКАЧ.