Радзiна

Источник материала:  

Самымi старажытнымi i разам з тым самымi жыццяздольнымi адносiнамi аказалiся адносiны памiж мужчынам i жанчынай, якiя з цягам часу разраслiся ў магутнае дрэва Сям'i — Роду — Суполкi — Племенi — На-роду.

  Сям'я аб'ядноўвае ў сабе прадстаўнiкоў двух Родаў — па матчынай i бацькавай лiнii. Паспрабуем выбудаваць сiстэму ўзаемаадносiнаў у сям'i i памiж двума родамi.

  Зяць — муж дачкi. У народзе пра гэта "набытае" сваяку гаварылi так: "Адно дзiця народжанае (дачка), а другое наканаванае (зяць)"; "Адно дзiця раджона, а другое суджона"; Калi зяць прыходзiў жыць у хату да цешчы, то ў вёсцы яго называлi прымаком: "Прымачы хлеб — сабачы"; "Хто ў прымах не бывае, той i гора не знае"; "Прымак пятнаццаць гадоў цешчынага ката на "вы" называе"; "Прымак адным вядром восем гадоў ваду носiць".

  Нявестка (ятроўка) — жонка сына. Неадназначнае стаўленне было i да нявесткi ў чужой сям'i: "Сяннiк не падушка, нявестка не дачушка"; "Кукушка — не птушка, нявестка — не дачушка".

  Свёкар — бацька мужа. Свякроў ("свекруха", "свякрова") — мацi мужа. <І>"У хвацкiм свёкру праўды няма". "У маго татка даўно спяць, а ў свякратка сядзяць". "Як добра свякроў, то добра i нявестка", "Блудлiвая свякроў i нявестцы не верыць".

  Дзевер — брат мужа.

  Залвiца (залоўка) — сястра мужа. У народзе шырока iснуе паданне, што нявестка лягчэй наладжвае адносiны з мужчынскай паловай сваякоў мужа, i горш складаюцца адносiны з жаночай паловай, асаблiва з яго сёстрамi. Народная прыказка безапеляцыйна канстатуе: "Лепей дзевяроў чатыры, чым заловачка адна", "Залоўка злая, як свякроўка лiхая"; "Залоўка — змяiная галоўка".

  Цесць — бацька жонкi. Цешча — мацi жонкi. "Цесць любiць чэсць, а зяць любiць узяць"; "Зяць любiць жонку здаровую, а цешчу багатую"; "Жонка люба для савету, а цешча — для заезду", "Быў у цешчы, рады ўцекшы".

  Швагер — а) брат жонкi; б) муж сястры в) муж сястры жонкi. Швагерка (сваячнiца) — сястра жонкi.

  Брацiха (братовая) — жонка брата.

  Цётка — сястра мацi (бацькi). Дзядзька — брат мацi (бацькi).

  Сваты — бацькi мужа i жонкi ў дачыненнi адно да аднаго. У традыцыйнай народнай культуры iснавала нямала пажаданняў, якiх неабходна было прытрымлiвацца ў адносiнах памiж сватамi. Так, каб новыя сваякi не пасварылiся памiж сабою i не сапсавалi добрасуседскiя адносiны, iснаваў звычай, якi загадваў сватам па чарзе наведваць адно аднаго ў вялiкiя гадавыя святы — такiя, як Масленiца, Вялiкдзень i iнш.

  Хросныя бацькi — з прыняццем хрысцiянства i ўводзiнамi абавязковага хрышчэння немаўляцi з'явiлася яшчэ адно кола роднасных узаемаадносiнаў: хросны бацька — малады чалавек або мужчына, якi пахрысцiў дзiця; хросная мацi — маладзiца або замужняя жанчына, якая разам з хросным бацькам хрысцiла нованароджанага; хрэснiк (хрэснiца), хросны сын (дачка) — хлопчык або дзяўчынка, якiх хрысцiла гэтая пара хросных бацькоў. Кум i кума — хросныя бацька i мацi ў дачыненнi да родных бацькi i мацi хрэснiка ў народных традыцыях: "Кумачка-кума, схрэсцi маё дзiцё, ды i не ведай майго двара"; "Добрая кума дадасць розуму"; "Кума ды кум наставяць на розум". "Кум да кумы з мылам, а кума да кума з пернiкам".

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Одноклассники без одноклассниц

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика