Такiм станком выкручвалi бялiзну сто гадоў таму
Слонiмец Сяргей Сыч нядаўна знайшоў вось такую драўляную старую рэч. Гэтай рэччу аказалася не што iншае, як станок для выцiскання вады з мытай уручную ў балеi бялiзны. Людзi ў мiнулым i пазамiнулым стагоддзях яго называлi выцiскальнiк, па-польску — выжымачка.
Пасля таго, як бялiзна была вымыта ў балеi, яе клалi мiж драўляных валiкаў i круцiлi за ручку. Вада выцiскалася i бялiзна з другога боку выжымачкi выходзiла амаль сухой. Пасля бялiзну бралi i развешвалi на вяроўку дасушвацца.
Не кожны меў падобны станок у сваёй хатняй гаспадарцы, бо ён дорага каштаваў. Асаблiва такi, якi знайшоў слонiмец. На iм стаiць фiрмовы знак i дата: Anchor Brand 1896. Як трапiў выцiскальнiк на Слонiмшчыну i хто яго быў гаспадаром — застанецца загадкай. Уладальнiк старой знаходкi мяркуе гэты станок перадаць у мясцовы музей альбо прадаць.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фота аўтара.