Уральскія сустрэчы

Источник материала:  
Уральскія сустрэчыДырэктар Тэатра юнага гледача ў Екацярынбургу Яніна Кадачнікава лічыць Расію сваёй другой радзімай. Першай — Беларусь.
Не так даўно ў Екацярынбургу пабываў прадстаўнічы культурны дэсант з Беларусі. Некалькі сот жыхароў горада, што запаланілі залу мясцовага Тэатра юнага гледача, успрынялі двухгадзінную канцэртную праграму на адным дыханні і апладысментамі доўга не адпускалі са сцэны спевакоў і танцораў. І гэта не гледзячы на тое, што многія творы гучалі на беларускай мове. Але ж, як вядома, мова мастацтва не патрабуе перакладу.
— Асабліва, калі ўзаемнае культурнае ўзбагачэнне ідзе так інтэнсіўна, як між нашымі народамі, — удакладняе Яніна Кадачнікава. — Між іншым, знакаміты спявак і кампазітар, стваральнік беларускага ансамбля “Песняры” Уладзімір Мулявін быў родам з Екацярынбурга, па ініцыятыве міністэрства культуры Беларусі на доме, дзе ён нарадзіўся і вырас, умацавана мемарыяльная дошка. А папулярны сёння расійскі артыст Барыс Маісееў, наадварот, родам з Магілёва. Драматычны тэатр з гэтага горада традыцыйна з поспехам гастралюе ў Екацярынбургу, а наш Тэатр юнага гледача — у Беларусі. Мы падтрымліваем цесныя творчыя сувязі і з такім жа мінскім тэатрам. Гэты пералік можна працягваць бясконца…
Аднак канцэрт, пра які ідзе гаворка, прайшоў менавіта ў екацярынбургскім Тэатры юнага гледача яшчэ па адной прычыне. Яніна Іванаўна не толькі сама карэнная беларуска, але і з’яўляецца намеснікам кіраўніка нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Урала”. Яна ўкладвае ва ўмацаванне сяброўскіх адносін Свярдлоўскай вобласці і сваёй радзімы шмат душы, энергіі, прафесійных навыкаў. За гэта яе часам жартуючы называюць галоўнай беларускай Урала. Тэатр жа дзякуючы ёй стаў своеасаблівым цэнтрам, дзе выхадцы з Беларусі і расіяне адзначаюць і нацыянальныя святы, проста расказваюць адзін аднаму пра сваё жыццё. Вось і перад канцэртам тут прайшло цікавае мерапрыемства — жыхарам вобласці, што ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, былі ўручаны юбілейныя медалі да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
Сёння ў Свярдлоўскай вобласці пражывае некалькі дзесяткаў тысяч перасяленцаў з Беларусі. Першыя пасяленні беларусаў з’явіліся на Сярэднім Урале яшчэ на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў, у час Сталыпінскай рэформы. Маламаёмасныя жыхары Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай губерній тагачаснай Расійскай імперыі адпраўляліся сюды ў пошуках зямлі, іншы раз пешшу. Тады дарога займала некалькі год. Так за беларусамі захавалася назва “самаходы”. Сяліліся яны кампактна, не губляючы свае звычаі і мову. Можа, таму і шлюбы па першым часе ўтвараліся між землякамі. Чарговая хваля перасяленцаў прыйшлася на гады Другой сусветнай вайны, калі на Урал былі эвакуяваны многія беларускія прамысловыя прадпрыемствы і навучальныя ўстановы. Потым беларускія хлопцы і дзяўчаты ехалі на Урал працаваць на буйныя будоўлі, вучыцца ў інстытуты, а многіх далёка ад дома паклікала… каханне!
— Вось як я з’явілася на Урале? — успамінае Яніна Кадачнікава. — Нарадзілася ў Мастах, што на Гродзеншчыне, заканчвала Мінскі педагагічны інстытут. І аднойчы сустрэла маладога афіцэра. Ён узяў мяне за руку, прывёў да бацькі і кажа: аддайце мне дачку. Так у 1965 годзе я і пераехала сюды.
Цяжка назваць такую сферу дзейнасці, у якой бы ў Свярдлоўскай вобласці выхадцы з Беларусі не зарэкамендавалі сябе. Кіраўнік нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Урала” Васілій Азаронак узначальвае Уральскі дзяржаўны лесатэхнічны універсітэт. Генерал-лейтэнант Іван Падабед быў намеснікам камандуючага Уральскай ваеннай акругі. Юрый Левін стаў вядомым пісьменнікам. Многія працуюць у тэатральнай галіне, а Яніна Кадачнікава да таго ж мае званне заслужанага работніка культуры Расіі…
— Тут, на Сівым Урале, мы сустрэлі сваю другую радзіму, — гаворыць яна. — Аднак і родны дом, родную мову не забываем. Гэта тычыцца не толькі людзей сталага ўзросту, але і моладзі. Распад СССР выклікаў у маладых моцнае жаданне вызначыць, дзе іх нацыянальныя вытокі. Я кожны год наведваю Беларусь, дзе пахаваны родныя, дзе шмат сяброў. Там мае карані. Але я люблю абедзве свае радзімы, і гэта робіць мяне духоўна яшчэ больш багатай.

Уладзімір Бібікаў

←Задержан сутенер «плечевых» на трассе М1

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика