БУКЕТ З ПАДТЭКСТАМ

Источник материала:  

Дзяўчына з кветкамi ў тралейбусе. Усмiхаецца кветкам. Цi таму, хто iх падарыў. Упiваецца водарам. Цi тым, хто яго прынёс.

На яе глядзяць пасажыры. Хто з радасцю, хто з зайздрасцю. Хто шчыра любуецца, хто зыркае цiшком. Дзяўчына з кветкамi — гэта загадкава, гэта незвычайна, гэта цудоўна.

У наш час мала i рэдка хто дорыць кветкi. Практычныя лiчаць гэта бессэнсоўнай тратай грошай, а рамантыкi — дарагiм задавальненнем.

— У вас сёння дзень нараджэння? — пытаюцца ў дзяўчыны ў тралейбусе.

— Не, з чаго вы ўзялi?

— Дык сёння ж не восьмага сакавiка.

Кветкi цяпер прынята дарыць толькi са стандартнай нагоды. У Мiжнародны жаночы дзень вулiцы напаўняюць мужчыны з букетамi. Кветкамi вiншуюць усiх: калег, аднакласнiц, мацi, жонак, дочак, цешчаў. І хоць бы адзiн падарыў кветачку назаўтра, не ў дзень свята. Усё стандартна, прадказальна i запланавана.

— Значыць, у вас толькi што нарадзiлася каханне, — працягваецца размова ў тралейбусе.— Гэты час так i завецца "цукеркава-букетны перыяд".

— Я ўжо два гады замужам, — дэманструе пярсцёнак дзяўчына з букетам.

— Дык што, дагэтуль кветкi дорыць? Цi здраджваеце мужу?!

Немаладая пасажырка, вiдаць, сама даўно атрымлiвала кветкi ў падарунак. Яна не верыць у шчырасць намераў, не верыць, што букеты могуць падносiць не толькi каханым i без нагоды.

— Я атрымала кветкi з кур'ерам, — здзiўляе сваiм расповедам дзяўчына. — Мой добры сябра нечакана з'ехаў у Маскву i, здаецца, збiраецца там застацца. Мы даўно не бачылiся, i вось кветкi — знак таго, што ў яго там усё добра. Iнтэрнэт цяпер дазваляе i з Масквы ў Мiнску такiя паслугi заказаць. А для мяне гэтыя намаганнi яшчэ больш каштоўныя.

Жанчына адступае, кiдае свой недавер i настальгiчна распавядае.

— Гэта цяпер можна што хочаш выдумаць, абы грошы былi. А ў маю маладосць — нi грошай, нi магчымасцяў не было. Памятаю, бывала, нацярушыць Ванька валошак у жыце, ды з рамонкамi як прынясе! Вой, любiла я палявыя кветкi! I руж тых не трэба. Абы ад душы. Замуж я выходзiла з астрамi. Дачку першую нарадзiла ўвесну. Дык ён мне ў раддом цэлае бярэмя цюльпанаў прынёс. Так i запомнiлiся самыя важныя моманты жыцця па кветках. А пасля Ванька перастаў iх дарыць. Я немаладая ўжо, а так бы прыемна было атрымаць...

— ... кактус у гаршку, — у размову ўклiньваецца малады чалавек, гадоў трыццацi на выгляд. — Гэта я разумею: карысны падарунак. I дома паставiць можна, i не завяне, i палiваць часта не трэба, i каштуе нядорага.

Абгрунтаваў думку. I паспрачацца складана. I пярэчыць цяжка. А глупства поўнае!

Мы, жанчыны, абавязкова чытаем падтэкст. Ва ўсiм. I ў кветках таксама. I калi б мне падарылi кактус у гаршку, я прачытала б у гэтым: "Вось табе кветка, толькi адчапiся. А не падабаецца, буду калоцца — я спецыяльна кактус выбраў". Ружы ў мяне выклiкаюць такiя ж асацыяцыi. Не люблю каралеву кветак. Праўда, аднойчы малады чалавек паўночы абламваў шыпы на ружах, каб паднесцi мне. Той букет крануў i запомнiўся назаўсёды. I не важна, што я не люблю ружы. Каштоўная сама матывацыя.

Хлопец маёй сяброўкi нiколi не дарыў ёй кветак. I калi аднойчы ўбачыў зайздрослiвы позiрк дзяўчыны, праходзячы ля кветкавай крамы, спытаў: "Ты хочаш, каб я дарыў табе кветкi?" Пачуўшы радаснае "ага", хлопец стаў кансультавацца: якiя кветкi ёй лепш дарыць, якога колеру, як запакаваныя. Дзiва, што не спытаў, на якую суму. Атрымаўшы доўгачаканы букет, дзяўчына не атрымала задавальнення. "Я быццам сама сабе яго купiла, — дзялiлася са мной сяброўка. — I не важна цяпер, што гэта мае любiмыя кветкi". Ёй таксама каштоўная матывацыя.

Неяк на дзень нараджэння сябар падарыў мне букет бэзу. "Не раскашэлiўся", — прашаптала знаёмая матэрыялiстка. А для мяне гэта быў самы лепшы падарунак. У Беларусi тады яшчэ была ранняя халодная вясна. I толькi ў паўднёвым Брэсце пачалi квiтнець дрэвы. Бэз быў спецыяльна прывезены з Брэста, каб у мяне раней пачалася вясна. Якая матывацыя!

Адна бiзнэс-лэдзi, спешчаная ўвагай прыхiльнiкаў i, безумоўна, самымi шыкоўнымi букетамi, аднойчы расплакалася над кветачкамi, набытымi ў бабулькi ў пераходзе. Ёй iх падарыў студэнт са словамi: "Пакуль я не магу дазволiць сабе большага. Але выказваю сваё захапленне вамi. I я абавязкова дасягну вышынь. Таму што ў мяне ёсць ваш прыклад працаздольнасцi i мэтанакiраванасцi". Яна зразумела i ацанiла матывацыю.

...Дзяўчына з букетам у тралейбусе засумавала.

— Муж таксама даўно не дарыў мне кветкi. Вось я i вязу гэты букет дадому, каб нагадаць яму, схамянуць яго памяць, растурбаваць успамiны.

— Растурбавалi i мае, — адгукнуўся пажылы мужчына. — Выйду раней. На гэтым прыпынку кветкавая крама?

Таццяна САЛДАЦЕНКА. Фота аўтара.

←Здоровенькi були!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика