Правае i левае — дабро i зло

Источник материала:  

У старажытнай славянскай традыцыi ўсё, што знаходзiлася справа ад чалавека, наперадзе яго i над iм, было "прамаркiравана" знакам дабра, i наадварот — усё тое, што знаходзiлася злева ад яго, ззаду i пад нагамi, мела негатыўную адзнаку. Лiчыцца, што на правым плячы "знаходзiцца" наш анёл-ахоўнiк, а на левым — сатана-спакуснiк. Таму, адпраўляючыся ў далёкi шлях цi пачынаючы адказную справу, мы звяртаемся да малiтоўнай дапамогi ў адрас Анёла-ахоўнiка: "Анёл мой, пойдзем са мной, ты — наперадзе, а я за табой".

   Для таго, каб засцерагчыся ад наступства нячыстай сiлы, у народзе раiлi тройчы плюнуць праз левае плячо. Менавiта таму пры сустрэчы каля парога роднай хаты маладыя тройчы вылiваюць гарэлку з прапанаваных iм чарак праз левае плячо.

   Разумная гаспадыня, каб пазбегнуць непрыемнасцяў i сварак з-за таго, што прасыпалi соль, павiнна была кiнуць некалькi крышталiкаў солi праз левае плячо.

   У казачным эпасе славянаў нямала сюжэтаў, у развiццi якiх прысутнiчае матыў выбару галоўным героем кiрунку руху. Ён прыйшоў на ростань i бачыць камень, на якiм шматзначны надпiс: "Направа пойдзеш, каня страцiш (цi: жывым застанешся), налева пойдзеш — самому мёртвым быць". Гэты незвычайны дарожны паказальнiк-вяшчун сведчыў пра тое, што той — "iншы" — свет, свет продкаў знаходзiцца па левую руку ад маршруту героя. Цi не таму падчас пахаванняў мы па старажытнай традыцыi нашых продкаў абавязкова закрыем тканiнай белага колеру ўсе прадметы, якiя даюць адлюстраванне. Свет "за люстэркам" — той, куды можна зазiрнуць на некалькi iмгненняў (адлюстраванне), кардынальна змяняе наш свет: правае i левае мяняюцца месцамi.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Здоровенькi були!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика