Беларускi яўрэй стаў чэмпiёнам свету па боксе

Источник материала:  

Юрый Форман, якi адабраў чэмпiёнскi пояс WBA ў Данiэля Сантаса, да дзевяцi гадоў жыў у Гомелi. Баец, якi днямi стаў у ЗША суперзоркай, узгадвае родны горад у сваiх iнтэрв'ю.

Тытул чэмпiёна свету 29-гадовы Юрый выйграў прыгожа i пераканаўча. У 12-раўндавым паядынку, якi прайшоў у Лас-Вегасе, беларускi яўрэй два разы паклаў на канвас рынга дзейнага чэмпiёна пуэртарыканца Данiэля Сантаса. Юрый паказаў цудоўны тактычны бой, не кiдаўся стрымгалоў, квалiфiкавана падводзiў камбiнацыi левай рукой i выкiдаў iмклiвыя нестандартныя серыi. Ад правай рукi Формана Сантас i патрапляў у накдаўны.

Беларускi яўрэй стаў чэмпiёнам свету па боксе— Мне падабаецца гук чэмпiёнства. Сёння гэта стала рэальнасцю. Дзякуй Усявышняму, якi даў мне сiлы, — выказваўся Юрый Форман на прэс-канферэнцыi пасля чэмпiёнскага двубоя. — Я буду трэнiравацца далей i буду па-ранейшаму адчуваць голад перамог. Гэта была мая мара з самага дзяцiнства.

А тое самае дзяцiнства Юрыя Формана праходзiла ў беларускiм Гомелi. Тут хлопчык пачаў хадзiць у басейн, а потым займацца боксам. Калi Юру было дзевяць, сям'я пераехала жыць у iзраiльскую Хайфу. А ў 19-гадовым узросце Форман выправiўся ў Нью-Ёрк, дзе зрабiўся прафесiйным спартоўцам.

"У Нью-Ёрку дзесяць гадоў таму яшчэ бедны юнак Юрый Форман прыйшоў у знакамiтую залу Gleason's Gym i расказаў трэнеру Сiльвергэйду, што вандраваў з роднай Беларусi ў Хайфу, а потым прыехаў у Нью-Ёрк, каб ажыццявiць мару дзяцiнства — стаць прафесiйным баксёрам, — пiша журналiст Роберт Младзiнiч у выданнi The Sweet Science. — Уначы Юрый працаваў афiцыянтам, днём трэнiраваўся. Трэнеры адразу заўважылi, што ён вельмi нестандартны баец. Сiльвергрэйд казаў, што Форман самы матываваны баксёр, якога ён сустракаў у жыццi, што нiхто не працуе гэтак жа сумленна. Сiльверглэйд здзiвiўся яўрэйскаму паходжанню Формана. Для таго часу яўрэй у боксе — гэта быў анахранiзм. Форман быў салодкiм хлопчыкам, але цудоўным байцом i нагадваў бессмяротную байцоўскую легенду Вiлi Пэпа".

Юрый Форман выходзiць у рынг пад iзраiльскiм сцягам. Аднак у яго прафайлах на баксёрскiх сайтах амерыканцы дагэтуль ставяць нацыянальнасць — беларус. Як бы там нi было, i яўрэi, i беларусы адназначна могуць ганарыцца байцом i лiчыць яго сваiм. Сам Юрый Форман таксама ўзгадвае ў сваiх iнтэрв'ю i пра Гомель, i пра Беларусь.

— Форман звязваўся са мной па электроннай пошце i прасiў, каб мы ўключылi яго ў беларускi рэйтынг баксёраў-прафесiяналаў. Было гэта некалькi гадоў таму, пра Формана мы яшчэ нiчога не ведалi, — кажа старшыня Беларускай федэрацыi прафесiйнага бокса Эдуард Дубоўскi.

Цiкава тое, што Форман стаў першым яўрэем, якi здабыў пояс чэмпiёна свету па боксе. Юрый надзвычай рэлiгiйная асоба, i пяць гадоў таму пайшоў вучыцца на яўрэйскага святара равiна. Да рэлiгii баксёра схiлiла яго жонка — ураджэнка Венгрыi Лэйла Лэйдэкер.

Паспеў Юрый зрабiць i якую-нiякую кар'еру ў галiвудскiм кiно — зняўся ў стужцы "Баец". А жыве баксёр сёння ў нью-ёркскiм раёне Бруклiн.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Здоровенькi були!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика