Пры пагрозе перасялення ў iншую кватэру неплацельшчыкi, як правiла, з даўгамi разлiчваюцца
За апошнiя паўгода УЖРЭП Ленiнскага раёна г. Гродна ўдалося значна скарацiць запазычанасць насельнiцтва па кватэрнай плаце, якая ў цэлым складала каля 400 мiльёнаў рублёў. Па раёне цяпер штомесяц спаганяецца мiнiмум 102, а то i 104—106 працэнтаў ад налiчанай сумы, гэта значыць, што акрамя бягучых плацяжоў за камунальныя паслугi, вяртаюцца i даўгi.
Якiя ж меры былi задзейнiчаны? Перш чым адказаць на гэта пытанне, дырэктар УЖРЭП Ленiнскага раёна г. Гродна Анатоль Лiтвiн прапанаваў карэспандэнту "Звязды" пабываць на пасяджэннi камiсii пры райвыканкаме, куды кожную пятнiцу запрашаюцца неплацельшчыкi.
Першай тлумачэннi дае жанчына, чый доўг з улiкам пенi складае больш за 1 мiльён рублёў. У Гродне, кажа, цяпер не пражывае, аднак спецыяльна прыехала, каб пагасiць запазычанасць: "Я сама вiнаватая ў гэтым доўгу, мама, iнвалiд першай групы, тут нi пры чым. Абавязкова знайду грошы, каб на працягу двух тыдняў разлiчыцца".
Першай тлумачэннi дае жанчына, чый доўг з улiкам пенi складае больш за 1 мiльён рублёў. У Гродне, кажа, цяпер не пражывае, аднак спецыяльна прыехала, каб пагасiць запазычанасць: "Я сама вiнаватая ў гэтым доўгу, мама, iнвалiд першай групы, тут нi пры чым. Абавязкова знайду грошы, каб на працягу двух тыдняў разлiчыцца".Члены камiсii прапануюць Вользе даць адпаведную распiску (яна будзе мець юрыдычную сiлу, калi справа ўсё ж дойдзе да суда) i выказваюць надзею, што сустракацца па гэтым пытаннi больш не давядзецца. Жанчына абяцае, што так i будзе, i, трэба спадзявацца, слова сваё стрымае.
А вось у наступнай сiтуацыi (у кабiнет зайшлi дзве сястры, маладыя жанчыны, адна з якiх — з малым дзiцем на руках) у пагашэнне запазычанасцi, якая ўжо перавысiла паўтара мiльёна рублёў, пакуль верыцца слаба. Шматдзетная сям'я, тры сястры i брат засталiся без мацi (памерла) i бацькi (у турме).
"Пойдуць дзецi ў дзiцячы садок — выйдзем на працу", — абяцаюць сёстры, мацi-адзiночкi, у якасцi перспектывы выплаты кватэрнага доўгу. Пакуль жа частку гэтай сумы ўтрымалi з зарплаты iх брата, аднак запазычанасць ўсё адно працягвае заставацца вялiкай.
— Мы гатовыя вам дапамагчы, — зазначае Анатоль Лiтвiн. — Можна аформiць субсiдыю па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугi (на сёння ў кватэрах з усiмi камунальнымi выгодамi дзяржаўная безнаяўная субсiдыя прадастаўляецца тады, калi сума супольнага даходу сям'i меншая за 277 тысяч 910 рублёў на чалавека. — Б.П.). Акрамя таго, звярнiцеся ў ЖЭС i вам можа быць прапанавана праца дворнiкам, прычым з заробкам не 150 тысяч рублёў, як вы гаворыце, а мiнiмум 400 тысяч. А некаторыя сёння i 800—900 тысяч зарабляюць. Паўтаруся, будзем дапамагаць, але i вы самi павiнны не сядзець склаўшы рукi, а iмкнуцца палепшыць сваё матэрыяльнае становiшча i акуратна плацiць за кватэру.
Цi скарыстаюцца парадай? На жаль, зазначае Анатоль Лiтвiн, прапанова працаўладкавацца i тым самым атрымаць рэальную магчымасць скарачэння i пагашэння жыллёва-камунальнай запазычанасцi за ўвесь час зацiкавiла ўсяго чатырох чалавек. Некаторыя, пабываўшы на пасяджэннi камiсii, потым наогул не даходзяць да ЖЭСа. А адна жанчына прыйшла, ёй сказалi прынесцi пашпарт — "нясе" па сёння...
...Наступны суразмоўца членаў камiсii па жыллёва-камунальных неплацяжах — Iван, якi пражывае ў адным з iнтэрнатаў i завiнавацiўся за ложак-месца, разам з пеняй, каля 140 тысяч рублёў. Здавалася б, у параўнаннi з вышэйзгаданымi выпадкамi сума невялiкая, аднак навошта чакаць, калi яна павялiчыцца? Лепш, так бы мовiць, вылечыць хваробу ў самым пачатку. У гэтым выпадку, калi верыць тлумачэнню мужчыны, яго фiнансавыя цяжкасцi звязаныя з тым, што з iм нiяк не разлiчацца па ранейшым месцы працы. Калi так, то трэба звярнуцца ў абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы, раяць Iвану на пасяджэннi камiсii.
А вось знайсцi нейкае паразуменне з яшчэ адной неплацельшчыцай, нягледзячы на ўсе спробы членаў камiсii, так i не ўдалося. Людмiла таксама пражывае ў iнтэрнаце, у адным пакоi са сваiм дваццацiгадовым сынам. Яна, кажа, не працуе па стане здароўя (маўляў, матэрыяльна дапамагаюць сваякi), а сын неафiцыйна недзе падпрацоўвае, аднак што атрымае — прапiвае, скандалiць, мэблю пераламаў. У гэты пакой ужо наведваўся ўчастковы iнспектар мiлiцыi, але нiчога не мяняецца. А доўг па аплаце за жыллё працягвае ўзрастаць.
— Распiску я напiшу, але што аплачу толькi сваю долю запазычанасцi, — кажа жанчына. — А за сына плацiць не буду.
Праўда, ужо два месяцы яна не плацiла i часткова, як кажа, за сябе. I дзе ж выйсце? Звяртацца з заявай у мiлiцыю, каб сына накiравалi ў ЛПП, а самой, каб не выселiлi з iнтэрната, усё ж разлiчыцца з доўгам? Iншага варыянту не бачна.
Апошнiмi ў гэты дзень на пасяджэннi камiсii пабывалi дзве дзяўчыны — сёстры. Два тыднi таму ў гэтым жа кабiнеце была iх мацi — клятвенна абяцала, што разлiчыцца з доўгам, якi разам з пеняй наблiжаецца да 1 мiльёна рублёў, пакiнула распiску. I ўсё на тым, нават адключэнне электрычнасцi не падзейнiчала. А цяпер, калi паўторна выклiкалi, прыслала апраўдвацца сваiх дачок. Але "нумар" не пройдзе.
— Калi атрымае матэрыялы на высяленне з гэтай, размешчанай у цэнтры горада, кватэры ў iншую — нiкуды не дзенецца, заплацiць па даўгах, — перакананы Анатоль Лiтвiн.
Сцвярджэнне зусiм не галаслоўнае. Усе чатыры iскi ў суд па перасяленнi ў кватэры меншай плошчы, якiя былi падрыхтаваныя УЖРЭП Ленiнскага раёна г. Гродна, прымусiлi неплацельшчыкаў усё ж знайсцi грошы i пагасiць запазычанасць. I да перасялення не дайшло. Як кажуць, пакуль гром не грымне...
Цяпер афармляюцца чарговыя iскi ў суд, у тым лiку па спагнаннi запазычанасцi з зарплаты ўсiх працуючых кватэраздымшчыкаў. Па законе можна спаганяць да 50 працэнтаў ад заробку. Мера, на думку Анатоля Лiтвiна, даволi эфектыўная, праўда, ёсць такiя сем'i, дзе гэта сума складае толькi 10—20 працэнтаў. Рэч у тым, што на гэтых людзях "вiсiць" шэраг iншых плацяжоў (алiменты, крэдыты) i ўжо потым даходзiць да кватэрнай платы.
Не абыходзiцца i без так званых безнадзейных даўгоў. Запазычанасць па актах аб немагчымасцi спагнання па УЖРЭП Ленiнскага раёна г. Гродна на сёння складае 135, 4 мiльёна рублёў. 21,5 мiльёна рублёў з гэтай сумы па 51 асабовым рахунку (доўг з 2006 года) у канцы года прадпрыемства будзе спiсваць сабе на страты.
Галоўнае, зразумела, каб не даходзiла да такой безнадзейнасцi. Для чаго, лiчыць Анатоль Лiтвiн, трэба пастаянна працаваць у гэтым кiрунку, выкарыстоўваючы ўсе сродкi. I прынцыповую пазiцыю камiсii па жыллёва-камунальных даўгах, i абнародаванне неплацельшчыкаў праз мясцовыя газеты, "Дошкi iнфармацыi" ЖЭСаў i дамоў, i адключэнне камунальных паслуг — святла, а дзе магчыма, i вады. I, безумоўна, працягваючы людзям руку дапамогi ў складаных жыццёвых абставiнах.
Барыс ПРАКОПЧЫК.