Сёння Рада ЕС абмяркуе пытанне аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў
Сітуацыя ў Беларусі і пытанне аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў будуць абмяркоўвацца 17 лістапада ў Бруселі міністрамі замежных спраў краін Еўрасаюза.
13 лістапада агенцтва Рэйтэр паведаміла, што праект рэзалюцыі па Беларусі, які будзе прапанаваны для разгляду Радзе ЕС, прадугледжвае працяг частковага прыпынення санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 года.
Як вынікае з праекта дакумента, ЕС заклікае Мінск правесці рэформу выбарчага заканадаўства і паважаць правы чалавека, у прыватнасці спыніць ціск на палітычных актывістаў і незалежныя СМІ. Брусель таксама выказаўся за ўвядзенне ў Беларусі мараторыя на пакаранне смерцю.
У прэс‑службе Рады ЕС не сталі каментаваць гэтую інфармацыю.
***
Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, да 2006 года спіс павялічыўся да 41 чалавека.
У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 асоб з гэтага спісу. У ім засталіся пяць чалавек — тыя, каго Еўропа падазрае ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999—2000 гадах (экс‑міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман і камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка), а таксама кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
16 сакавіка 2009 года на пасяджэнні ў Бруселі замарожванне санкцый была прадоўжаная ўжо на дзевяць месяцаў. Пры гэтым дзеянне гэтага спісу працягвалася на год. Тады ж было заяўлена аб магчымасці поўнай адмены ўсіх абмежавальных мер.
Брусель удакладніў пяць прыярытэтных галін, дзе Беларусі неабходныя паляпшэнні: рэформа выбарчага заканадаўства; забеспячэнне свабоды аб’яднанняў; стварэнне ўмоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый; свабода прэсы; зняцце абмежаванняў для свабоды асобы.