Дарагое задавальненне?
Займацца спортам цяпер становiцца модным i — калi ласка, фiтнэс-цэнтры i спартыўныя клубы будуюцца ў кожным раёне, амаль што ў вас пад бокам.
Але калi мы становiмся гатовымi карыстацца гэтымi спартыўнымi паслугамi, цi даступныя яны для нас, а асаблiва для дзяцей? Цi можа мода на спорт спрыяць таму, што нашы сыны i дочкi вырастуць здаровымi? Цi таму, што павялiчыцца прыток свежай крывi ў прафесiйны спорт.
Я апытала некалькi дзясяткаў сталiчных мам, паспрабавала сама пабегаць па iх маршрутах, зазiрнула на дзiцячыя пляцоўкi ў дварах. І штосьцi мне падаецца, што дзiцячы спорт трэба выратоўваць... Ад тых, каму нестае на яго грошай, ад тых, хто грошы на iм зарабляе, i нават... ад нас самiх, сучасных бацькоў.
Iнфармацыйны голад
Мы — звычайныя мамы, якiя хочуць, каб нашы дзецi вялi здаровы лад жыцця. Мы — сучасныя мамы, якiя падхапiлi iдэю, што з дзецьмi трэба займацца спортам амаль што з пялюшак. Мы шукаем хоць якую зачэпку, куды прыстроiць сваiх малых, i атрымлiваем iнфармацыю ў асноўным ад такiх жа мам на разнастайных камп'ютарных форумах i на дзiцячых пляцоўках. Многiя са спартыўных педагогаў — нарасхват, адну за адной яны прымаюць групы дзяцей, i часу на нейкiя зносiны з бацькамi ў iх нестае. А да таго, каб нашых дзяцей паглядзелi, пакруцiлi i далi хоць якую параду, цi варта iм iсцi менавiта ў гэты спорт, — дык i наогул не даходзiць. Ствараецца ўражанне, што для многiх арганiзацый, якiя набiраюць дзяцей у спорт на камерцыйнай аснове, наогул усё адно, што за хлопчыкi ды дзяўчаткi да iх прыходзяць, абы клiентаў было больш.
Мы асаблiва актыўныя з восенi. Мы штурмуем спарткомплексы, стаiм у чэргах па абанементы ў дзiцячыя басейны i кiдаемся на першыя ж спартыўныя аб'яўкi. Мы даверлiва ўручаем сваiх дзетак першаму ж клубу, пра якi атрымаецца хоць нешта даведацца.
Попыт ёсць, прапановы не хапае
Накiроўваюся ў спарткомплекс на Калiноўскага, 111. Аблазiла ўвесь будынак, але нiдзе не знайшла хаця б проста пералiку секцый i клубаў, што тут праводзяць заняткi з хлопчыкамi ды дзяўчаткамi. На дошцы аб'яў толькi запрашэннi займацца спартыўнай i мастацкай гiмнастыкай, ды i тое на платнай аснове. Прапановы вывучае жанчына, побач з якой хлопчык гадоў шасцi:
— Вось бы тут якi спiс спартыўных школ хаця б нашага раёна, iх тэлефоны, расклад, па якім яны працуюць, i звесткi, з якога ўзросту бяруць дзяцей, мы б табе што-небудзь падабралi.
— А якi спорт вас цiкавiць? — умешваюся я.
— Для пачатку хоць што-небудзь знайсцi, каб гэта было нядорага. Нам школьны псiхолаг раiў займацца каманднымi вiдамi спорту, для таго, каб Мiша стаў больш разняволеным, навучыўся наладжваць сувязi з аднагодкамi, бо ён вельмi сарамлiвы, закрыты. Сяброў яму не хапае, яму сумна, ён сам просiцца на барацьбу. Я ўжо згодная i павазiць яго ў якi iншы раён горада, абы толькi ў зручны час, каб мне паспяваць пасля працы. Вядома ж, хочацца, каб секцыя была побач з домам, а чаму нельга нейкiя фiлiялы спартыўных клубаў рабiць пры школах? Так i бацькам зручна, i дзецям — малыя самi могуць хадзiць на заняткi. Тым больш, што месцаў для заняткаў малым не хапае. Бачылi б вы, што ў гэтым спарткомплексе робiцца ўвечары ў зале гiмнастыкi: яна лiтаральна забiтая дзецьмi. У распранальнях малым нават няма дзе сесцi, каб пераапрануцца ў спартыўную форму. Яшчэ i некаторыя мамы, што чакаюць дзяцей з заняткаў, грувасцяцца проста на вопратцы. Хтосьцi — у калiдоры. А мне падаецца, што i для бацькоў тут патрэбная якая-небудзь спартыўная зала, каб пакуль малыя займаюцца, дарослыя таксама маглi б заняцца сваёй фiзiчнай формай. Акрамя таго, гэта i для дзiцяцi прыклад, калi мама нiчым не займаецца, чаму яно павiнна рабiць нейкiя практыкаваннi? Такiя сямейныя праграмы, напэўна, ёсць толькi ў дарагiх фiтнэс-цэнтрах...
Прынамсi, мне ўдалося знайсцi месца, якое б адпавядала ўсiм патрабаванням гэтай мамы: заняткi i для малых, i для дарослых, праца дзiцячага спартыўнага клуба па вольным графiку, прычым так, што малы можа займацца ў спартыўным клубе хоць цэлы дзень, па буднях з 7 да 23, па святах i выхадных — з 9 да 22. Пры гэтым яшчэ дзiцячы абанемент уключае ўрокi танцаў, урокi з элементамi гiмнастыкi, рухомыя гульнi, лячэбную фiзкультуру, заняткi ў басейне i iншае. Вось толькi адзiн iстотны мiнус: каб прыстроiць дзiця сюды (гэта дзiцячы спартыўны клуб пры "Свеце фiтнэсу"), неабходна выкласцi адразу суму, большую за мiльён (столькi каштуе гадавы абанемент на дзiця 3—6 гадоў). Хаця, калi разбiць гэтую суму на 12 месяцаў, ды яшчэ ўлiчыць, што дзiця можа займацца там кожны дзень i столькi часу, колькi пажадае, атрымлiваецца выгадная прапанова (для прыкладу, толькi заняткi адзiн раз на тыдзень, калi паўгадзiны дзiця ў вадзе, а паўгадзiны размiнаецца ў зале, у тым жа спарткомплексе на Калiноўскага каштуюць 88 тысяч). Але дальнабачных мам, ды яшчэ i здольных выкласцi такую суму, хапае — у "Свеце фiтнэсу" мне адказваюць, што месцаў няма i што ў чарзе ўжо паўсотнi ахвотных прыстроiць туды сваiх нашчадкаў.
Калi вы шукаеце для дзiцяцi больш прыдатныя з пункту погляду фiнансаў заняткi, паспяшайцеся. У бясплатных i недарагiх секцыях, танцавальных гуртках набор абмежаваны. Калi вы не парупiлiся яшчэ ў жнiўнi, альбо не прыстроiце малога лiтаральна зараз, тады лавiць не будзе чаго.
Калi ж вы можаце дазволiць сабе выдаткi на фiзiчную падрыхтоўку вашага нашчадка, то дзiця можна ўсунуць не толькi ў абраны спартыўны клуб, але, пры пэўнай дамоўленасцi з трэнерам, нават запiсаць на iндывiдуальныя заняткi. Толькi трэнiроўкi (спецыяльная экiпiроўка, удзел дзiцяцi ў спартыўных спаборнiцтвах патрабуюць дадатковых укладанняў) вам абыдуцца: хакей — ад 35 тысяч у месяц за заняткi ў спартыўнай секцыi, i ад 20 тысяч — за iндывiдуальную трэнiроўку, вялiкi тэнiс — 100 тысяч у групе, 40 тысяч — iндывiдуальны ўрок. Тая ж гiмнастыка можа забiраць 50, 70 тысяч i больш. У розных арганiзацыях за танцы для шасцiгадовай дзяўчынкi могуць папрасiць 25, 70, 100 тысяч. Асобныя трэнеры гатовыя нават узяцца за месяц з нуля навучыць ваша дзiця плаваць, што можа абысцiся ў больш чым тры сотнi долараў.
Сяджу на тэлефоне i абзвоньваю сталiчныя басейны. У большасць з iх немагчыма трапiць. Абанемент, што дае права на працягу месяца займацца ў вадзе, як высвятляецца трэба было закупляць яшчэ паўтара месяца таму. Але адзiн i той жа басейн можа здавацца ў арэнду некалькiм арганiзацыям, якiя за заняткi з дзецьмi бяруць ужо не 37 тысяч (столькi каштуе абанемент), а 50, 70, 88 i больш. Але нават прыватныя структуры ўжо панабiралi групы, i альбо ўжо месцаў няма, альбо застаўся нязручны час (напрыклад, дашкольнiкам прапануюць плаваць тады, калi яны павiнны спаць). Але, калi вам i гавораць, што на паўгода месцаў у абраным басейне няма, не думайце, што сюды няма сэнсу больш прыходзiць. Гэта напачатку восенi — аншлаг, але праз месяц-другi могуць з'явiцца "вакансii", асаблiва ў групах самых юных.
Прынамсi, як адзначала большасць мам, якiх я апытвала, дзяцей у спорт яны аддаюць выключна дзеля ўмацавання здароўя. Многiя скардзяцца, што ў школах i дзiцячых садках заняткаў, прысвечаных менавiта ўмацаванню здароўя i фiзiчнаму развiццю дзiцяцi, павiнна быць больш, нават гурткi, якiя прапануюцца для дзяцей на платнай аснове, — у асноўным развiвальныя.
Пагуляем у спорт?
Дзiцячы вольны час паступова ператвараецца ў прыбытковы бiзнэс. Але, на жаль, той прадукт, якi прапануюць платныя спартыўныя клубы, не заўсёды добрай якасцi. Напрыклад, многiя клубы абяцаюць аздараўляльную гiмнастыку, гавораць, што дзякуючы заняткам дзiця будзе фiзiчна развiвацца, што трэнiроўкi распрацоўваюцца зыходзячы з iндывiдуальных здольнасцяў i патрэбаў маленькага чалавека. Але нiхто не правярае, якiя хваробы ёсць у дзiцяцi, якiя практыкаваннi маглi б быць яму карыснымi. Калi вы будзеце назiраць за заняткамi, убачыце, што не пра якiя iндывiдуальныя падыходы не можа i гаворкi весцiся, усе дзецi займаюцца па наезджанай праграме, часта ў перапоўненых групах трэнер нават i заўвагi не зробiць вашаму дзiцяцi, калi яно няправiльна выконвае практыкаванне.
Ствараецца ўражанне, што ў многiх клубах з дзецьмi не займаюцца спортам, а гуляюць у спорт. Iм не прывiваюць сур'ёзнага стаўлення, павагi да фiзiчных заняткаў. Першыя месяцы дзецi займаюцца з задавальненнем, але цэлы год проста скакаць, як жабка, i бегаць, як казуля, iм надакучвае. I яны адмаўляюцца хадзiць у клуб проста таму, што нецiкава, у iх няма мэты, iм не трэба паказваць нейкiя вынiкi, не трэба старацца, каб быць лепшымi. Даволi часта i бацькi самi правакуюць гэту нецiкавасць, яны проста здаюць дзiця, як у любы iншы гурток, а пасля нават i не спытаюцца ў малых, чым тыя займалiся, чаго дасягнулi. Ды i спартыўныя секцыi некаторыя з мам часта ўспрымаюць, як няхай i карысную, але забаву для дзiцяцi. У вынiку дзецi, што прайшлi праз усялякiя фiтнэс-клубы, могуць нiколi не дайсцi да сапраўднага спорту. I добра, калi мамы разумеюць, што iх дзiця згубiла ахвоту да заняткаў не таму, што яно не спартыўнае, а таму, што яму проста надакучыла гуляць у адну i тую ж гульню.
Сучасныя двары становяцца ўсе больш вузкiмi: падчас капрамонтаў абсталёўваюцца паркоўкi для машын цi з'яўляюцца папулярныя зараз кветнiкi з альпiйскiмi горкамi. Не хапае элементарна дваровай пляцоўкi, дзе дзецi змаглi б пагуляць у футбол. Калi дзецi i пачынаюць гуляць з мячом, дык адразу да iх кiдаецца якая-небудзь злосная бабулька — выратоўваць кветкi i газоны. Безумоўна, добра, што ёсць ролерныя трасы, але, калi яны знаходзяцца далёка ад дома, дзецi, асаблiва малодшыя школьнiкi, адны туды не пойдуць. Усе iх сябры тусуюцца побач з домам, а ў двары — толькi абсталяванне для самых маленькiх (горкi ды каруселi), я штосьцi не бачыла, каб зараз яшчэ ставiлi турнiкi, абсталяванне для старэйшых дзяцей.
Ды мы самi не надаём здароваму ладу жыцця асаблiвай увагi. Калi за дзiцячы вольны час трэба плацiць, мы лепш абяром заняткi з рэпетытарамi, моўныя курсы для дзяцей — выдаткоўваць грошы яшчэ i на спорт нам ужо не па кiшэнi. А на бясплатную прабежку вакол дома цi футбол са сваiм нашчадкам у нас чамусьцi нестае часу. Алена Дзядзюля.