Пытанне з суседскай каналiзацыяй — на кантролi ў раённай санслужбы
Заяўнiца з вёскi Магiльнае Уздзенскага раёна Лiдзiя Аляксееўна Гурская распавяла па "гарачай лiнii" пра сваю набалелую праблему, якая пэўны час не дае ёй спакою. Сутнасць у тым, што побач з яе домам колькi гадоў таму людзi набылi даволi вялiкi ўчастак (каля 50 сотак), на якiм распачалi будаўнiцтва новага дома. Справа, як кажуць, добрая, за людзей можна было б толькi парадавацца. Аднак потым з новымi суседзямi пачалiся праблемы.
— Недзе ў 2008 годзе, — расказвала Лiдзiя Аляксееўна, — iнiцыятары будоўлi пачалi ўладкаванне каналiзацыi. I, нягледзячы на просьбы не "прыцiскацца" блiзка да майго ўчастка, новыя гаспадары праклалi каналiзацыю ў 1,5 метра ад склепа i, галоўнае, калодзежа. Я звярталася з гэтай нагоды спачатку да старшынi сельскага Савета, аднак яе ўшчуванняў работнiкi не паслухалi, маўляў, заказчыкi сказалi рабiць менавiта так. Давялося звяртацца ўжо ў санстанцыю.
Паводле слоў жанчыны, прыязджаў яе прадстаўнiк, якi папярэдзiў гаспадароў будоўлi, што iм трэба перанесцi каналiзацыю на адлегласць 30 метраў ад калодзежа. Пазней спадарыня Гурская атрымала паперу-прадпiсанне з санстанцыi, дзе афiцыйна пацвярджалася: эксплуатаваць каналiзацыю ў згаданых умовах яе суседзям забараняецца, патрэбны перанос. Праўда, казала нам Лiдзiя Аляксееўна, у прадпiсаннi не была пазначана дата, да якой суседзi павiнны былi перанесцi каналiзацыю на новае месца.
— Дом пакуль недабудаваны, у iм нiхто не пражывае i каналiзацыяй не карыстаецца. Але нiхто яе i не пераносiў. Прадстаўнiкi гаспадароў неяк адказалi, што ў iх для гэтага няма грошай. У санстанцыi адказалi, каб не хвалявалася, бо калi будоўля будзе завершана, дом не прымуць у эксплуатацыю, не падпiшуць гаспадарам патрэбныя паперы, пакуль яны не выканаюць прадпiсанне. А калi нейкiм чынам атрымаецца iнакш? Я вельмi хвалююся з гэтай нагоды, — даводзiла нам заяўнiца.
Праверыць выкладзеныя факты i даць рэдакцыi кампетэнтны адказ адносна сiтуацыi, што ўзнiкла, мы папрасiлi спецыялiстаў Уздзенскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii. Рэагаванне атрымалi за подпiсам выканаўцы абавязкаў галоўнага дзяржаўнага санiтарнага ўрача Уздзенскага раёна Аляксандра АНДРОСIКА.
"Па сутнасцi гэтага пытання паведамляю наступнае: у сакавiку 2008 года пры разглядзе вуснага звароту Л.А. Гурскай было вызначана, што каналiзацыйныя збудаваннi (два калодзежы-сэптыкi) ад дому, што будуецца, размешчаны прыкладна ў 6 метрах ад дому заяўнiцы i 30 метрах — ад яе шахтавага калодзежа.
У адпаведнасцi з "Санiтарнымi правiламi для сiстэм водаадвядзення населеных пунктаў", адлегласць ад жылых будынкаў да сэптыкаў (памыйных ямаў) трэба прымаць не меншую за 5 метраў. Згодна з "Санiтарнай аховай i гiгiенiчнымi патрабаваннямi да якасцi вады крынiц нецэнтралiзаванага пiтнога водазабеспячэння насельнiцтва", крынiцы нецэнтралiзаванага водазабеспячэння павiнны размяшчацца не менш чым на 50 метраў вышэй па плынi грунтовых водаў ад наяўных цi магчымых крынiц забруджвання (памыйных ямаў, прыбiральняў, складоў угнаенняў i ядахiмiкатаў, каналiзацыйных збудаванняў i iнш.)".
Далей паведамляецца, што па вынiках праверкi суседзям заяўнiцы накiравана прадпiсанне аб неабходнасцi пераносу сэптыкаў на адлегласць, не меншую за 50 метраў, ад яе шахтавага калодзежа. Зроблена гэта павiнна быць да ўводу дома ў эксплуатацыю. Думаецца, Лiдзiя Аляксееўна можа быць спакойнай, паколькi, пiшацца ў адказе, пытанне застаецца на кантролi ў Уздзенскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii.
Сяргей РАСОЛЬКА.