Супрацьстаянне правага i левага
Вялiкае касмiчнае супрацьстаянне Святла i Цемры, асэнсаванае ў традыцыйнай культуры як дыялог Жыцця i Смерцi, сталася вельмi прадуктыўным у "канструяваннi" абрадавых дзеянняў.
Першыя дзеяннi ў жыццi толькi што народжанага дзiцяцi iмкнулiся выканаць на правы бок цi справа: яго ўкладвалi ў калыску цi ложачак на правы бок, прыкладвалi да грудзей мацi з правага боку i г.д. Гэтым самым людзi iмкнулiся паспрыяць развiццю дзiцяцi ў адпаведнасцi з традыцыйнымi ўяўленнямi пра шчаслiвыя лёс-долю.
У народным асяроддзi станоўча ставiлiся да праварукiх людзей. Стаўленне да тых, хто валодаў навыкамi пiсаць левай рукой, заўсёды было насцярожана-стрыманым. Сёння навукоўцы ўсяго свету даказалi, што леўшуны — людзi, якiя ў большай меры валодаюць творчымi схiльнасцямi, чым праварукiя.
Лiчылася: калi ўбачыць маладзiк першы раз з правага боку, то ўвесь месяц будзе спадарожнiчаць прыбытак, калi ж з левага — чакай непрыемнасцяў.
Калi ўвесну пачуць першае кукаванне зязюлi справа — увесь год ва ўсiх справах i распачынаннях будзе спадарожнiчаць поспех, калi злева — не пашанцуе. А ў народзе казалi, што калi, пачуўшы зязюлю справа, загадаць самае патаемнае жаданне, яно абавязкова спраўдзiцца ў гэтым жа годзе.
Дасведчаныя рыбакi i паляўнiчыя раiлi на рыбалцы i паляваннi ўсе падрыхтоўчыя дзеяннi выконваць з правай рукi.
Добрая гаспадыня ведае, што стол заўсёды павiнен быць засланы абрусам. Вельмi строга сачылi за тым, якiм "бокам" яго паслалi. Выварат, цi "левы" бок абруса, сiмвалiзаваў "выключанасць" (рытуальнае выключэнне) з паўсядзённага жыцця: так засцiлалi толькi памiнальны стол.
І сёння жыве народная прыкмета: калi чалавек, выходзячы з хаты, зачапiўся за парог правай нагой — гэта абяцае поспех, левай — няўдачу.
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.