Асудзiлi бацьку за катанне маленькага сына
Судом Сенненскага раёна асуджаны бацька, якi няўдала пакатаў на матацыкле свайго 4-гадовага сына.
Як паведамiла "Звяздзе" памочнiк пракурора Сенненскага раёна Наталля Катульская, мужчына па просьбе жонкi катаў сына на матацыкле. Апошнi, дарэчы, быў няспраўны. Ехаў з невялiкай хуткасцю — 40 кiламетраў у гадзiну. Убачыўшы гару смецця на дарозе, не скiдваючы хуткасцi, хацеў аб'ехаць. Дарога была няроўная. Кiроўца не справiўся з матацыклам. У вынiку матацыкл упаў у адзiн бок, а ён з сынам — у другi. Ад матацыкла адвалiўся бензабак, якi ўпаў хлопчыку на жывот.
За парушэнне правiлаў дарожнага руху, што па неасцярозе прывяло да траўмавання, матацыклiст асуджаны да 1 года абмежавання волi без накiравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго таксама пазбавiлi правоў кiравання транспартнымi сродкамi тэрмiнам на пяць гадоў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.