Мокры нос — наша страхоўка ад пандэмiчнага грыпу?
На канец тыдня колькасць ахопленых супрацьгрыпознымi прышчэпкамi мiнчан перавысiла ўжо 182 тысячы чалавек. За кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту былi прышчэпленыя асобы з так званых груп рызыкi. А за кошт сродкаў гарадскога бюджэту ажыццяўлялася вакцынацыя выхаванцаў дашкольных устаноў, вучняў мiнскiх школ i прадстаўнiкоў прафесiй, якiя адказваюць за жыццядзейнасць горада (камунальных службаў, службаў энерга- i водазабеспячэння i грамадскага транспарту). З выкарыстаннем вакцын "Ваксiгрып" (Францыя) i "Флюарыкс" (Германiя), набытых за сродкi мясцовага бюджэту, былi прышчэпленыя больш як 61 тысяча дзяцей i 25 тысяч дарослых. Цяпер у палiклiнiках горада засталiся толькi адзiнкавыя дозы вакцыны, прызначаныя для завяршэння вакцынацыi супраць грыпу дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў, якiя прышчапляюцца ўпершыню, а таксама асобаў з груп рызыкi, якiм па стане здароўя немагчыма было зрабiць прышчэпку раней.
За кошт уласных сродкаў пажадалi прышчапiцца каля 7 тысяч мiнчан. I 45 тысяч чалавек былi прышчэпленыя за кошт сродкаў прадпрыемстваў i арганiзацый. Арганiзавалi вакцынацыю сваiх работнiкаў кiраўнiкi больш як 650 сталiчных арганiзацый i прадпрыемстваў.
Мiж iншым, днямi была агучана сенсацыйная выснова, да якой прыйшлi адначасова некалькi груп еўрапейскiх спецыялiстаў, прычым незалежна адна ад другой. На думку даследчыкаў, распаўсюджванню ўзбуджальнiка грыпу А/H1N1 на тэрыторыi Еўропы перашкаджае рынавiрус, якi выклiкае запаленне слiзiстай абалонкi носа i праяўляецца ў нас у выглядзе насмарку. Жан-Себасцьян Касаленьё з Лiёнскага ўнiверсiтэта (Францыя) заўважыў, што захваральнасць на грып у краiне павысiлася ў пачатку верасня, а затым знiзiлася да ўзроўню 160 захварэлых на 100 тысяч насельнiцтва, на якой i заставалася да канца кастрычнiка. А ў лiстападзе захваральнасць зноў пачала расцi. Па словах французскага спецыялiста, знiжэнне ўзроўню захваральнасцi на грып супала з ростам колькасцi запаленняў слiзiстай носа, якiя выклiкаюцца рынавiрусамi. Мiя Брытынг са Шведскага iнстытута па кантролi за iнфекцыйнымi захворваннямi таксама заўважыла рост iнфiцыравання рынавiрусамi i адначасовае знiжэнне захваральнасцi на грып напрыканцы жнiўня ў Швецыi. Аналагiчную карцiну ў жнiўнi назiраў i супрацоўнiк аўстралiйскага ўнiверсiтэта Квiнсленда Ян Макей, а таксама даследчыкi з Нарвегii. Усе яны ў адзiн голас сцвярджаюць, што пацыенты з рынавiруснай iнфекцыяй у меншай ступенi падвержаны заражэнню iншымi рэспiраторнымi вiруснымi захворваннямi. Пiк захваральнасцi рынавiруснай iнфекцыяй у паўночным паўшар'i звычайна прыпадае на канец лета цi пачатак восенi, у той час як узбуджальнiкi грыпу найбольш актыўныя ў зiмовы перыяд. Аднак эпiдэмiя грыпу распачалася сёлета ў Еўропе раней чым звычайна, што i прывяло да сутыкнення ўзбуджальнiкаў.
Надзея НIКАЛАЕВА.