Супрацоўнiкi СІЗА, якiя збiлi вязня, застануцца на волi?

Источник материала:  

Вяртаючыся да надрукаванага

Вярхоўны Суд адмовiў у завядзеннi новай крымiнальнай справы ў дачыненнi да былога кантралёра бабруйскага СIЗА-5, якi адчыняў камеру Дзянiса Клiмачова. Тым не менш следствам i судом вызначана, што вязня перад смерцю збiвалi. Але супрацоўнiкаў, якiя ўчынiлi злачынства, дагэтуль не выявiлi.

Выпадак здарыўся ў бабруйскiм следчым iзалятары яшчэ ў снежнi 2001 года.

А судовая цяганiна доўжылася да кастрычнiка 2008-га. Справа праходзiла пад грыфам "асаблiва важнай". Яе галоўны фiгурант, кантралёр Мазгавой, абвiнавачваўся па артыкуле "бяздзеянне службовай асобы". Суд Глускага раёна Магiлёўскай вобласцi прызнаў кантралёра вiнаватым, але вызвалiў яго ад крымiнальнай адказнасцi "ў сувязi са сканчэннем тэрмiнаў прыцягнення". Iншых супрацоўнiкаў, якiя беспадстаўна нанеслi вязню ад "33 да 35 удараў тупым прадметам", увогуле караць не сталi. Яны ў крымiнальнай справе праходзiлi як "нявызначаныя асобы" i сёння знаходзяцца на волi. Усе гэтыя акалiчнасцi не маглi прайсцi незаўважна для Генеральнай пракуратуры, якая ў кастрычнiку гэтага года дабiвалася ад Вярхоўнага Суда новага перагляду крымiнальнай справы.

"Мазгавой прызнаны вiнаватым у тым, што працуючы кантралёрам СIЗА-5 горада Бабруйска, у перыяд з 3 гадзiн да 3 гадзiн 30 хвiлiн 19 снежня 2001 года наўмысна не выканаў ускладзеныя на яго службовыя абавязкi, — пазначана ў пратэсце Генпракуратуры на пастанову суда Глускага раёна. — Сумесна з нявызначанымi супрацоўнiкамi СIЗА-5 Мазгавой вывеў асуджанага Клiмачова, якi ўтрымлiваўся ў камеры № 39, у калiдор, дзе яго збiлi нявызначаныя супрацоўнiкi СIЗА-5. Мазгавой, у жаданнi пазбегнуць адказнасцi, не спынiў гэтае злачынства, не замiнуў збiццю Клiмачова i не паведамiў пра гэта службовым асобам iзалятара".

Аднак Прэзiдыум Вярхоўнага Суда гэты пратэст адхiлiў:

"Паколькi пратэсты не ўтрымлiваюць абгрунтаваных довадаў, якiя сведчаць пра наяўнасць прадугледжаных законам падстаў для адмены пастаноў суда, яны задавальненню не падлягаюць", — пазначана ў пастанове Прэзiдыума.

Алена Абрамовiч, стрыечная сястра Дзянiса Клiмачова, якая амаль дзевяць гадоў з моманту смерцi брата змагаецца за асуджэнне вiнаватых, сцвярджае, што кропку ў расследаваннi смерцi брата ставiць рана. А ў Вярхоўным Судзе ёй падказалi, як дзейнiчаць далей.

"З аднаго боку, Вярхоўны Суд адхiлiў пратэст Генпракуратуры, з iншага — у мяне спыталiся, якая ў мяне пазiцыя наконт "нявызначаных асобаў", — расказвае Алена Абрамовiч "Звяздзе". — Я адказала: "Лiчу, што да крымiнальнай адказнасцi трэба прыцягнуць не толькi кантралёра Мазгавога, але i "нявызначаных асобаў", якiя збiлi брата". Яшчэ адзiн кампетэнтны супрацоўнiк Вярхоўнага Суда падказаў мне, што варта ў чарговы раз звярнуцца ў Генпракуратуру, каб нарэшце вызначыць "нявызначаных асобаў". I сапраўды, абсурдна, што за столькi гадоў iх не пакаралi. А выявiць iх, я лiчу, не так складана. Следчы iзалятар — не прахадны двор, а рэжымны аб'ект. I следствам вызначана, што ў ноч смерцi брата апынуцца побач з яго камерай маглi старшы па корпусе i дзяжурны памочнiк начальнiка СIЗА-5. Праходзiў каля камеры з братам яшчэ i зампалiт, але гэта адбылося ранiцай, калi Дзянiс ужо быў нежывы. Я ўжо шмат гадоў б'юся над тым, каб у дачыненнi да гэтых людзей завялi крымiнальную справу. I пасля пасяджэння Прэзiдыума Вярхоўнага Суда звярнулася ў Генпракуратуру з гэтай просьбай".

Цi будзе заведзена крымiнальная справа на "пярэваратняў у пагонах", стане вядома ў другой палове лiстапада.

Яўген ВАЛОШЫН.

Як загiнуў Дзянiс Клiмачоў?

29-гадовага мужчыну змясцiлi ў бабруйскае СIЗА-5 усяго на тры месяцы, за нявыплату алiментаў. Чаму не выплачваў? Па словах сваякоў, не было чым. За некалькi месяцаў да змяшчэння ў СIЗА Дзянiса Клiмачова скарацiлi з прадпрыемства, новую працу знайсцi ён не здолеў.

Смерць мужчыны шакiравала блiзкiх. На яго целе не было жывога месца — шматлiкiя гематомы i ранкi. Жахлiвыя фотаздымкi трупа ёсць i ў рэдакцыi "Звязды", але друкаваць такое немагчыма па этычных меркаваннях.

Супрацоўнiкi СIЗА спярша сцвярджалi, што вязень сам сябе пакалечыў аб сцены камеры. Ды камера № 39, дзе ўтрымлiваўся Дзянiс Клiмачоў, была абшытая гумай, пакалечыць сябе тут было немагчыма. Справу спрабавалi "замазаць", але праз некалькi гадоў стрыечная сястра Алена Абрамовiч дабiлася ўзнаўлення следства. Тады i сталi вядомыя акалiчнасцi трагiчнай ночы ў бабруйскiм СIЗА-5.

Жанчыны, якiя ўтрымлiвалiся ў суседняй камеры, у адзiн голас казалi, што Дзянiса бiлi супрацоўнiкi iзалятара. Не хаваў праўды i былы начальнiк медыцынскай службы СIЗА Васiль Пугач.

— Па матэрыялах справы, яны i каталiся на iм, i ганялi яго. Напэўна, кантралёрам захацелася пацешыцца, — пацвердзiў свае словы начмед i ў размове з карэспандэнтам "Звязды".

— пацвердзiў свае словы начмед i ў размове з карэспандэнтам "Звязды".

Ды амаль за дзевяць гадоў, якiя прайшлi з моманту смерцi Дзянiса Клiмачова, тыя, што "каталiся", дагэтуль на волi.

←Школа выживания, но не за счет родителей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика