Лукашэнка ўзяў на перамовы з Юшчанкам сына Колю з шабляй
Украінскія СМІ пішуць пра падрабязнасці візіту беларускага кіраўніка ва Украіну.
Як піша Gazeta.ua, 6 лістапада Прыкарпацце наведалі кіраўнікі Украіны і Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прывёз гуманітарную дапамогу: маскі, супрацьвірусныя прэпараты. Ён прыляцеў з 5‑гадовым Мікалаем.
Раніцай Івана‑Франкоўскі аэрапорт патрулявалі супрацоўнікі Службы бяспекі, кожныя 15 хвілін аб’язджалі тэрыторыю ў радыусе кіламетра. Першым прызямліўся самалёт Юшчанкі.
«Ну як вы тут? Як здароўе? Усе жывыя?» ‑‑ спытаў прэзідэнт Украіны журналістаў. Не дачакаўшыся адказу, сеў за стол. Побач з ім губернатар Нікалай Палійчук, 37 гадоў, і гарадскі старшыня Івана‑Франкоўска Віктар Анушкевічус, 46 гадоў.
«Па ўсіх абласцях Заходняй Украіны ёсць адчуванне, што пік эпідэміі мінуў. Трэба выходзіць з гэтага ажыятажу», ‑‑ кажа Юшчанка. Праз 10 хвілін у залу ўвайшоў Аляксандр Лукашэнка за руку з сынам. Мікалай крыху саромеўся, сеў каля бацькі, насупраць беларускага сцяжка. Стаў адкручваць яго ад падстаўкі.
«Мы прыбылі, каб засведчыць ‑ мы з вамі, ‑ кажа Юшчанка. ‑ Дзякуй Аляксандру Лукашэнку, які сваім прыездам у Івана‑Франкоўск паказаў: не трэба панікаваць».
«Тата, яшчэ доўга?» ‑‑ гучна спытаў сын Лукашэнкі і пацягнуў яго за рукаў. Аляксандр Лукашэнка ўсміхнуўся, стаў шаптаць нешта Колі на вуха, дапамагаць укруціць сцяжок. Хлопчык супакоіўся.
«Гэта не чума і не зараза страшная. Гэта вылечныя хваробы. А паніка ‑ самая страшная хвароба, ‑ сказаў Лукашэнка. ‑‑ Я вельмі рады, што вы мяне запрасілі на захад, бо тут я калісьці ў маладосці бываў «.
Праз некалькі хвілін пасля брыфінгу Лукашэнку‑малодшага павялі да трапу самалёта. Мікалай быў апрануты ў вязаную шапку, чорную куртку і цёмна‑сінія штанішкі. З боку на поясе ў яго была прывязаная цацачная шабля. На вуліцы хлопчык сарваўся і пабег да самалёта. Яго дагнаў мужчына ў доўгім чорным плашчы. Узяў дзіця за руку, правёў у салон.
Праз паўгадзіны ў самалёт зайшоў Аляксандр Лукашэнка. Юшчанка перад гэтым перадаў яму вышыванку, пацалаваў на развітанне.
Як нагадваюць ўкраінскія СМІ, па стане на 9 лістапада на Украіне зафіксавалі 65 выпадкаў захворвання на свіны грып.