Прычына залiцця падвала — усё ж грунтовыя воды?

Источник материала:  

Яўген Мiтрафанавiч Каркотка прыжывае ў аграгарадку Нарач Вiлейскага раёна ў двухпавярховым доме на чатыры кватэры па вулiцы Моладзевай. І вось якая неспадзяванка адбываецца ў падвале гэтага дома трэцi год запар — якраз з пачаткам ацяпляльнага сезона. Як толькi падключаюць цяпло, падвал пачынае залiваць.

— Зараз там можна хадзiць толькi ў гумавых ботах, вада даходзiць недзе да сярэдзiны абутку. Куды ўжо толькi нi звяртаўся з гэтай нагоды — нiчога дабiцца не магу, — надзвычай эмацыянальна даводзiў нам сутнасць сваёй праблемы заяўнiк. — Кажуць, што нiводная са службаў не мае дачынення да той цечы, падтаплення падвала, маўляў, гэта грунтовыя воды...

Як зазначыў у адказ на наш запыт галоўны iнжынер Вiлейскай ЖКГ Валянцiн СУСЛО, нядаўна, яшчэ да таго, як Яўген Мiтрафанавiч патэлефанаваў у рэдакцыю, да яго выязджала спецыяльная камiсiя ў складзе прадстаўнiкоў райвыканкама i прадпрыемства. Яна нават узяла ваду на аналiз, якi засведчыў — гэта менавiта грунтовыя воды, яна не з цепласетак.

— Тым больш што летась мы памянялi тут магiстральную трубу на новую сучасную, — дадаў Валянцiн Пятровiч. — I летась, i сёлета перад пачаткам ацяпляльнага сезона яна паспяхова прайшла выпрабаваннi, умоўна кажучы, дзiркi ў ёй няма. Так, побач праходзяць i камунiкацыi, што належаць водаканалу, але, наколькi я ведаю, яны таксама праводзiлi праверку, аднак нiчога не выявiлi. Сапраўды, цеча пачынаецца з пачаткам ацяпляльнага сезона, але чаму так здараецца, я дакладна патлумачыць не магу. Увогуле, можна меркаваць, што прычына ў памянёных грунтовых водах. У нас пад жыллём вашага заяўнiка ёсць неглыбокая тэхналагiчная нiша, дык яна сухая. У падвале грамадзянiна ўзровень вады складае недзе каля пяцi сантыметраў. Вiдавочна, падвал значна глыбейшы за нашу тэхналагiчную нiшу. Калi гэта сапраўды так, што можна параiць? Хiба толькi падняць вышэй падлогу, падсыпаць яе, залiць бетонам.

Як сказаў далей галоўны iнжынер, прычына можа быць i ў парушаных пры правядзеннi зямельных работ слаях глебы — вада цяпер знайшла новыя шляхi, якiя, на жаль, "перакрыжавалiся" з падвалам пад домам на вулiцы Моладзевай. "Не забывайце таксама, якiя дажджы яшчэ нядаўна iшлi. Вiльгаць пайшла ў зямлю, а далей як я ўжо гаварыў, — па новых шляхах".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Сто акварельных рисунков

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика