Вязень Андрэй Бандарэнка галадае ўжо 2 тыдні
31.10.2009
—
Новости Общества
Андрэй Бандарэнка
“Асаблівых скаргаў не было, калі мы апошні раз бачыліся. Але, ужо адчуваецца, што чалавек ужо амаль два тыдні без нармальнага харчаваньня. Трэба адзначыць, што асаблівых праблем з боку адміністрацыі СІЗА няма. Яны разумеюць ягоную пазыцыю, але нічым дапамагчы ня могуць, бо прысуд вынесены”.
Першамайскі суд Менску прызнаў Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьць фірмы, якую ён сам і заснаваў. Прадпрымальнік кажа, што яму пачалі пагражаць яшчэ падчас выбарчай кампаніі і адпомсьцілі за тое, што пасьля выбраў ён не супакоіўся, а пачаў абскарджваць вынікі.
Адвакат Зьміцер Лаеўкі паведаміў, што ўжо падаў скаргу на прысуд, які вынес Першамайскі суд Андрэю Бандарэнку.
Арцём Дубскі
Актывісту “Маладога фронту” Арцёму Дубскаму, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі, гэтак і не далі працу. Пра гэта паведаміла маці актывіста, Алена Дубская. Паводле яе зьвестак, у лістападзе да сына ў калёнію паедзе адвакатка для ўзгадненьня пэўных працэсуальных пытаньняў. Алена Дубская, спасылаючыся на адвакатку, верыць у хуткае вызваленьне сына.
“Яна сказала, што будзе палова тэрміну і што, калі ня будзе парушэньняў, то, магчыма, адпусьцяць дамоў”.
Другі варыянт, на які таксама спадзяецца маці Дубскага, — што яму зьменяць зьняволеньне на “хімію”.
У справе Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі няма бачных зрухаў. Праваабаронца Алег Воўчак, які з пачатку займаецца гэтай справай, мяркуе, што сьледзтва будзе працягнутае яшчэ на месяц, інакш справу ўжо б перадалі ў суд.
“Я б параўнаў гэтую справу са справай Захаранкі. Сьледчыя правялі пэўныя дзеяньні, выніку няма, і цяпер цягнуць час у чаканьні, як бы выйсьці з гэтага складанага становішча”.
Адвакат Павал Сапелка паведаміў карэспандэнту “Свабоды”, што на гэтым тыдні не наведваў у ізалятары свайго падабароннага Мікалая Аўтуховіча.
Паводле лістоў ад Уладзімера Асіпенкі, сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам на мінулым тыдні не вялося.