Пазыка на развiццё

Источник материала:  

Цi атрымае Беларусь 200 млн долараў ад Сусветнага банка, будзе вырашана Саветам дырэктараў у канцы лiстапада

— Пазыка на мэты развiцця — гэта падтрымка ўрада, скiраваная на паглыбленне структурных рэформаў эканомiкi i перш за ўсё ўзмацненне сiстэмы сацыяльнай абароны, а таксама павышэнне ролi прыватнага сектара ў эканомiцы, спрашчэнне заканадаўства i працэдур адкрыцця бiзнэсу, яго вядзення, удасканаленне фiнансавай дысцыплiны, — падкрэслiў падчас сустрэчы з журналiстамi Iван ВЕЛЕЎ, пастаянны прадстаўнiк Сусветнага банка ў Беларусi.

Ён паведамiў, што работа па падрыхтоўцы выдачы пазыкi Беларусi падыходзiць да завяршэння.

— Мы плануем давесцi праект на разгляд Савета дырэктараў у канцы лiстапада. Мы ведаем, што для ўрада вельмi важна, каб выдача пазыкi адбылася ў гэтым фiнансавым годзе.

Адказваючы на пытаннi аб магчымай патрэбе Беларусi ў дадатковым фiнансаваннi з-за цяжкасцяў з апошнiм траншам расiйскага крэдыту, спадар Велеў адзначыў, што дыскусiй з Сусветным банкам на гэты конт не было — нi аб павелiчэннi пазыкi, нi аб прадастаўленнi дадатковых.

I. Велеў назваў гэты год рэкордным у адносiнах з Беларуссю:

— Мы прафiнансавалi праекты на 185 млн долараў — гэта самы вялiкi аб'ём iнвестыцый, якiя мы далi ўраду Беларусi за ўсю гiсторыю нашага супрацоўнiцтва. Сусветны банк падтрымлiвае меры ўрада, скiраваныя на паглыбленне лiбералiзацыi эканомiкi. Мы таксама лiчым, што наш дыялог — канструктыўны. У нас пашыраецца партфель iнвестыцыйных праектаў. Сёлета мы вылучылi сродкi на праект па павышэннi энергаэфектыўнасцi, таксама прайшоў праект па развiццi сiстэмы водазабеспячэння i водаадвядзення. Мы працягваем фiнансаваць праекты, якiя ўжо ў працэсе рэалiзацыi, напрыклад, па рэабiлiтацыi раёнаў, якiя пацярпелi ад чарнобыльскай аварыi. Зазiраючы наперад, скажу — 2010 год напэўна таксама будзе выбiтным па аб'ёмах нашага фiнансавання: з улiкам пазыкi на мэты развiцця i праекта па абыходжаннi з бытавымi адходамi, магчыма, будзе 260 млн долараў фiнансавання.

Наступны стэнд-бай?

Прадстаўнiк МВФ у Беларусi Наталля Калядзiна адзначае зацiкаўленасць беларускiх уладаў у яшчэ адной праграме па заканчэннi бягучай

15-месячная праграма стэнд-бай пачала рэалiзоўвацца ў Беларусi сёлета ў студзенi. Першапачаткова размова iшла пра 2,5 млрд долараў, але затым у вынiку першага агляду яна была павялiчана яшчэ на 1 млрд долараў — з-за таго, што знешнеэканамiчная сiтуацыя аказалася горшай, чым прагназавалася.

— На сёння мы завяршылi два агляды гэтай праграмы i абодва яны былi паспяховымi, — адзначыла прадстаўнiк МВФ у Беларусi Наталля КАЛЯДЗIНА. — Апошнi агляд быў лiтаральна днямi, наступны (трэцi) транш у памеры прыкладна 700 млн долараў паступiць беларускiм уладам лiтаральна ў наступныя днi. Якiя мэты нашай праграмы? Перш за ўсё — макраэканамiчная стабiлiзацыя. I ў адрозненне ад iншых краiн крызiс у Беларусi — гэта практычна крызiс плацежнага балансу. Безумоўна, у гэтай галiне быў дасягнуты прагрэс. I цяпер мы ўжо глядзiм у будучыню — не толькi як завяршыць праграму (мы разлiчваем, што праграма будзе завершаная ў тэрмiны i здавальняюча), але i што патрабуецца далей, каб эканомiка Беларусi вярнулася да станоўчых тэмпаў эканамiчнага росту i для таго, каб гэтыя тэмпы эканамiчнага росту былi ўстойлiвыя. Мы глядзiм на тое, якiя структурныя пераўтварэннi неабходныя цяпер. I наступная мiсiя, якая прыбудзе прыкладна праз два тыднi, будзе працаваць у гэтым кiрунку. Мы таксама збiраемся працаваць з уладамi у кiрунку больш доўгатэрмiновых структурных пераўтварэнняў, якiя будуць разлiчаныя на год-два. I паколькi ўлады ўжо зацiкавiлiся наступнай праграмай, пасля таго, як гэта скончыцца, магчыма, гэтыя захады будуць адлюстраваныя ў наступнай праграме.

Глабальным выклiкам — глабальныя рашэннi

Многiя праблемы ў Беларусi, актуальныя для ўсёй мiжнароднай супольнасцi, вырашаюцца сiламi ААН

Праграма развiцця ААН скiраваная на садзейнiчанне ў галiне аховы здароўя, навакольнага асяроддзя, трансгранiчнага супрацоўнiцтва, правасуддзя, правоў чалавека, дапамогi iнвалiдам, эканамiчнага, сацыяльнага развiцця i iншых. У нашай краiне на нацыянальным i абласных узроўнях рэалiзуецца 24 праекты.

— Яны садзейнiчаюць з'яўленню адчувальных паляпшэнняў у жыццi насельнiцтва, — адзначыў Антонiус БРУК, прадстаўнiк ААН/ПРААН у Беларусi падчас сустрэчы з журналiстамi з нагоды Дня ААН, якi адзначаецца 24 кастрычнiка. — Летась агульны аб'ём выдаткаў па праектах ПРААН перавысiў 10,5 млн долараў. Мы чакаем, што ў 2010 годзе гэта лiчба дасягне 12,6 млн долараў, з iх 9 млн ужо патрачаныя. Сёлета мы зрабiлi значны ўнёсак у прафiлактыку распаўсюджання ВIЧ-iнвекцыi, сухотаў, распрацоўку чарнобыльскiх iнiцыятыў, рэнатуралiзацыю забалочаных тэрыторый Беларусi, паляпшэнне дзелавога асяроддзя i барацьбу з гандлем людзьмi.

Вось ужо 17 гадоў працягваецца дзейнасць ПРААН у Беларусi ў супрацоўнiцтве з уладнымi структурамi, партнёрскiмi арганiзацыямi, грамадзянскай супольнасцю i прыватным сектарам.

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Крокодил гена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика