Тытул чэмпiёна Еўропы аддалi татарыну, якога збiў беларус
На працягу ўсяго двубою наш Вiталь Гуркоў матлошыў Уралбека Есенкулава, але з-за надуманых дысцыплiнарных папярэджанняў пераможцам абвясцiлi мясцовага байца
Фiналы чэмпiянату Еўропы сярод прафесiяналаў праходзiлi ў расiйскай Казанi ўначы ў пятнiцу. Мясцовыя бiзнэсмены змаглi прыцягнуць на турнiр многiх зорных байцоў. Але i пераможцаў выбiралi, падобна на тое, па сваiх няпiсаных правiлах.
Знакамiты беларускi тайбаксёр Вiталь Гуркоў (70 кг) сышоўся з мясцовым Уралбекам Есенкулавым — татарынам па нацыянальнасцi, земляком арганiзатараў турнiру.
Уралбек здолеў дастаяць да канца, i яму сенсацыйна аддалi перамогу.
— Як такое магло здарыцца? — тэлефануем старшаму трэнеру зборнай Беларусi Дзмiтрыю Пясецкаму пасля двубою.
— тэлефануем старшаму трэнеру зборнай Беларусi Дзмiтрыю Пясецкаму пасля двубою.— Мой вучань бясспрэчна быў лепшы, але, як разумееце, гаспадары аддалi пояс свайму байцу, ? каментуе сумную навiну трэнер. — Вiталiк прабiў Есенкулаву печань, адбiў левую нагу, моцна патрапляў з рук. Але татарын здолеў прастаяць. Суддзя рабiў сваю працу брудна, даваў Гуркову неабгрунтаваныя папярэджаннi. Што ж, здараецца i такое, калi перамогу ў байца папросту адбiраюць. Тым не менш для нас гэта будзе добры досвед. Галоўныя паядынкi наперадзе, i маральна мой вучань, вядома, не зламаўся. Ды й тытул аспрэчваўся не самы прэстыжны.
Перад двубоем Есенкулаў заважыў 73 кг, хоць максiмальна дазволеная вага была да 70 кг. Зноў жа татарына дапусцiлi баксiраваць без анiякiх дысцыплiнарных папярэджанняў.
У нядзелю каманда Вiталя Гуркова вярнулася дадому. У нашага байца "Звязда" запыталася, цi не атрымаў ён сур'ёзных траўмаў. Усё ж такi рынг Казанскай "Татнафтаарэны", дзе праходзiў двубой, быў залiты крывёю, як ратнае поле.
— З Есенкулавым мы сутыкнулiся галовамi, у мяне невялiкае рассячэнне, а вось яму дасталася куды больш, — адказаў Вiталь Гуркоў на тэлефанаванне. — Адчуваю сябе нармальна, сёння iду трэнiравацца — наперадзе чэмпiянат свету.
— Як лiчыце, хто насамрэч перамог?
— Я дакладна не прайграў. Праўда, за два тыднi да двубою захварэў, трымалася тэмпература. Можа быць, гэта i перашкодзiла мне выйсцi ў найлепшай форме i накаўтаваць Есенкулава.
Нагадаем, што ў казанскай "Татнафтаарэне" чэмпiёнскiя тытулы разыгрывалiся ў трох вагавых катэгорыях. У вазе да 80 кг заслужана перамог расiянiн Аляксандр Сцецурэнка, у суперцяжкай вазе — Эшвiн Балрак з Галандыi. Наш суперцяжкавагавiк Iгар Бугаенка прайграў у двубоi за трэцяе месца ўкраiнцу Сяргею Лашчанку.
26 лiстапада ў Тайландзе распачнецца чэмпiянат свету па тайскiм боксе. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусi Вiталь Гуркоў зможа паквiтацца з байцамi зборнай Расii. Зазвычай на такiх спаборнiцтвах нават гаспадарам не падсуджваюць.
Нагадаем, што за шэсць гадоў выступленняў на чэмпiянатах свету Вiталь Гуркоў не прайграў анiводнага(!) двубою i мае шэсць залатых медалёў.
На чэмпiянаце свету перад зборнай Беларусi стаiць цяжкая задача апярэдзiць тайцаў, украiнцаў i расiян.
Яўген ВАЛОШЫН.