Перамены да лепшага
Знiжаем утрыманне натрыю ў рацыёне
Натрый адыгрывае важную ролю ў падтрымцы правiльнага балансу вадкасцi ў арганiзме, з'яўляецца ключавым элементам перадачы нервовых iмпульсаў, якiя кiруюць скарачэннем i расслабленнем мускулатуры.
Калi ў крывi назапашваецца надта шмат калiю, аб'ём крывi павялiчваецца, паколькi натрый прыцягвае ваду i ўтрымлiвае яе ў крывяным рэчышчы. Каб перакачаць вялiкi аб'ём крывi, сэрцу даводзiцца працаваць больш, а значыць, узрастае i цiск на сценкi артэрый. Да таго ж, некаторыя людзi больш адчувальныя за iншых да высокага ўтрымання натрыю ў арганiзме. Больш шанцаў да такой адчувальнасцi ў тых, каму за 65 i ў тых, хто пакутуе ад цукровага дыябету.
Заходнiя праграмы навучання хворых на артэрыяльную гiпертэнзiю рэкамендуюць усiм ужываць не больш за 2400 мг натрыю ў дзень. Такая мера дапаможа знiзiць цiск. Абмежаванне натрыю ў комплексе з камбiнаванай дыетай, а таксама iншымi аспектамi здаровага ладу жыцця, магчыма, будзе дастатковым для нармалiзацыi сiтуацыi з цiскам.
Каб зменшыць утрыманне натрыю ў рацыёне:
Ешце больш сырых прадуктаў або такiх, што падпадаюць пад мiнiмальную кулiнарную апрацоўку.
Уважлiва чытайце этыкеткi. Не выбiрайце гатовыя прадукты з высокiм утрыманнем солi.
Не падсольвайце ежу. Дадайце лепей лiмон, перац або iншыя спецыi.
Абмяжуйце ўжыванне прыпраў. Запраўкi да салатаў, соусы, гарчыца, смакавыя прыправы, марынады i алiўкi ўтрымлiваюць багатую колькасць натрыю.
Апалосквайце перад ужываннем кансерваваныя прадукты. Прамыванне кансерваванай гароднiны i мяса дазваляе выдалiць да 1/3 натрыю.
Знiжаем вагу
Калi вы пакутуеце ад артэрыяльнай гiпертэнзii або ў вас павышаная рызыка гэтага захворвання, вам неабходна iмкнуцца да такой масы цела, якая спрыяла б вашаму здароўю. Вядома, што артэрыяльны цiск узрастае з павышэннем вагi i знiжаецца з яе панiжэннем.
Тытунь, алкаголь, кафеiн
Павышаны артэрыяльны цiск у спалучэннi з курэннем павялiчвае рызыку з'яўлення тлушчавых адкладанняў у сценках артэрый, галоўнага фактару рызыкi iнфаркту мiякарда. Знiжэнне ўжывання алкаголю можа знiзiць артэрыяльны цiск. Для большасцi мужчын дапушчальна не больш (!) за 2 чаркi ў дзень, для жанчын — не больш за 1. Для нiзкарослых, сцiплай камплекцыi мужчын i жанчын пасля 65 гадоў — не больш за 1 чарку моцных напояў у дзень. Кафеiн спрыяе павышэнню артэрыяльнага цiску. Таму не варта выпiваць больш за 2 кубкi кавы або 4 кубкi чаю ў дзень. Пазбягайце ўжывання кафеiну перад дзейнасцю, якая i без таго можа павысiць цiск — перад заняткамi спортам, цяжкай фiзiчнай працай.
Стрэс
Калi вы рэгулярна зведваеце стрэс, то пад'ёмы цiску могуць стаць працяглымi, што прывядзе да пашкоджання сасудаў. Змена распарадку дня i прымяненне тэхнiк рэлаксацыi дапаможа пазбегнуць стрэсу або лепш спраўляцца з iм.
Вядучая рубрыкi Святлана БАРЫСЕНКА.