Лябедзька: Мясцовыя выбары могуць зрабіць адносна дэмакратычнымі, а прэзідэнцкія зноў возьмуць пад кантроль

Источник материала:  
23.10.2009 13:19 — Новости Общества

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына агучыла меркаваныя змены ў выбарчым заканадаўстве.

У першую чаргу гаворка пра гарантаванае ўваходжанне прадстаўнікоў палітычных партый і няўрадавых арганізацый у выбарчыя камісіі, а таксама абмежаваная колькасць чыноўнікаў у іх.

Будуць змены ў артыкуле аб правах назіральнікаў. «Мы прапаноўваем уключыць у Выбарчы кодэкс норму аб тым, што назіральнік павінен назіраць за падлікам галасоў ва ўмовах, якія дазваляюць яму бачыць гэтую працэдуру», — паведаміла кіраўнік ЦВК.

Пры датэрміновым галасаванні будзе прадугледжана магчымасць штодзённага складання пратакола аб колькасці грамадзян, якія атрымалі выбарчы бюлетэнь.

Плануецца таксама істотна спрасціць парадак вылучэння кандыдатаў палітычнымі партыямі. Партыя зможа вылучаць сваіх кандыдатаў незалежна ад таго, ці ёсць у рэгіёне структура арганізацыі.

Гэта пакуль толькі вусныя прапановы, якія павінны быць выкладзеныя ў законапраекце і прадстаўлены на разгляд парламенту. Ярмошына адзначала, што змены прадыктаваныя прапановамі АБСЕ і палітычных партый.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька аналізуе магчымыя змены ў выбарчым заканадаўстве.

«Наша Ніва»: Спадар Анатоль, як Вы ацэньваеце прапанаваныя змены?

Анатоль Лябедзька: Хай і невялікай, але нашай перамогай.

«НН»: А якія Вашы прапановы не прайшлі?

АЛ: Ідэальным варыянтам была б адмена датэрміновага галасавання, якое стварае ўладам прэферэнцыю ў 20‑30% галасоў. Хутчэй за ўсё, што на гэта ніхто не пойдзе. Увогуле ж, калі няма закону, то пра нешта гаварыць занадта рана. Тут, ведаеце, як у тым вядомым сказе «пакараць нельга памілаваць», шмат што будзе залежыць нават ад расстаўленых косак.Ну вось прывяду прыклад, што раней у выбарчай камісіі павінен быў быць адзін чыноўнік. Праўда, яшчэ адзін вылучаўся зборам подпісаў, а трэці — працоўным калектывам. Цяпер жа гаворыцца, што чыноўнікаў не павінна быць больш за траціну. Дык гэта нават павелічэнне іх колькасці! Пытанне наконт партый і арганізацый у выбарчых камісій таксама адкрытае. Хто сказаў, што гэта не могуць быць сябры БРСМ, Саюзу ветэранаў, Сацыяльна‑патрыятычнай партыі. Добра, што працэс пайшоў, але яшчэ важней, што мы атрымаем у канчатковым выглядзе.

«НН»: Чаму ўлады ўвогуле пайшлі на гэты працэс?

АЛ: Дзеля паляпшэння іміджу рэжыму ў вачах міжнародных арганізацый. Уладам трэба прадаць як мага даражэй выбарчую кампанію. АБСЕ і іншыя арганізацыі ў выніковых дакладах напішуць, што мясцовыя выбары праходзілі з невялікімі недахопамі, але пазітыўныя змены нашмат большыя. Гэта робіцца для таго, каб прэзідэнцкія выбары ўспрымаліся ўжо праз пэўную прызму дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне.

«НН»: Калі я правільна Вас разумею, то Вы гаворыце пра адносную дэмакратычнасць толькі мясцовых выбараў?

АЛ: Менавіта так. Наконт прэзідэнцкіх выбараў у мяне няма асаблівых ілюзій. Не выключаю, што ўлады створаць «аазісы дэмакратычнасці» на некаторых рэгіянальных участках вясной наступнага году. Гэта дакладна не будзе Мінск, Гродна, ці іншы горад з моцнай апазіцыяй. Пакажуць, што апазіцыянеры могуць трапіць у мясцовыя Саветы. Глядзіце, усё было справядліва. Думаю, што прэзідэнцкія выбары будуць зноў узятыя пад жорсткі кантроль.

←Глава "Газпрома" надеется встретить Новый год без проблем с партнерами из ближнего зарубежья

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика