Журавiнавая рэспублiка

Источник материала:  

Добры ўраджай журавiн сёлета сабралi гаспадары з пасёлка Ганчанскi Клiчаўскага раёна. Плантацыi буйнаплодных журавiн, закладзеныя вяскоўцамi прама ў лесе на пачатку крызiсных 1990-х гадоў, цяпер даюць магчымасць дадатковага заробку.

— Сёлета я ўжо 800 кiлаграмаў сабраў са сваёй падсобнай гаспадаркi ў 30 сотак, — паказвае на мех з ярка-чырвонымi журавiнамi Аляксей Несцярэнка. — I яшчэ будзе. Праўда, пасля замаразкаў ягада стане iншая: мяккая, больш сакавiтая, смачная. Збiраць яе будзе больш складана, аднак справiмся.

Калiсьцi Аляксей Аляксеевiч разам з сябрамi папрасiлi ў мясцовага торфапрадпрыемства выдзелiць iм адпрацаваныя ўчасткi зямлi для эксперыменту. Энтузiясты ягаднай справы з'ездзiлi ў Ганцавiчы, за складзеныя грошы набылi парасткi буйнаплодных журавiн амерыканскага гатунку, высадзiлi на лясных пляцоўках з канавамi для вады i сталi чакаць ураджаю. Давялося чакаць доўга: толькi ў апошнiя пяць гадоў "амерыканка" стала даваць на клiчаўскай зямлi прыстойны ўраджай.

Журавiнавая рэспублiка— Пасадзiлi журавiны ў першы крызiс, а прыбытак ад тых выдаткаў атрымалi ў другi! — смяюцца ўдзельнiкi таварыства ўласнiкаў журавiнавых плантацый.

— смяюцца ўдзельнiкi таварыства ўласнiкаў журавiнавых плантацый.

Дарэчы, яны лiчаць сваё таварыства адкрытым, i прапануюць парасткi буйных журавiн усiм ахвотным у пасёлку. Месца на балоце ўсiм хопiць. Праўда, папярэджваюць спрактыкаваныя плантатары, тут патрабуюцца цярплiвасць i ўпартасць.

Працы шмат: на зборы ўраджаю цяпер працуюць дацямна не толькi 12 сем'яў, якiя ўваходзяць у склад таварыства, але i ўсе iх сваякi i сябры. "Гэта пякельная праца, бо грабём ручкамi", — кажуць людзi.

Аляксей Несцярэнка — школьны настаўнiк музыкi, яго жонка выкладае мову i лiтаратуру. Аднак яны не бачаць нiякага супярэчання ў тым, што ў вольны ад настаўнiцтва час займаюцца журавiнамi.

— Гэта i задавальненне, i пэўны заробак, — кажа Аляксей Аляксеевiч. — Натуральна, што мы iмкнёмся зарабiць. У мяне няма гаспадаркi i жывёлы, а ёсць толькi школа i журавiнавая плантацыя.

Журавiны з Ганчанскага адрознiваюцца ад дзiкiх, якiя растуць на балоце. Гэта буйныя ягады, мясiстыя, не вельмi кiслага смаку. "Амерыканку", калi шчыра, не вельмi любяць перапрацоўчыя прадпрыемствы: кажуць, што яна не вельмi прыдатная для вырабу вiна. Затое джэмы i кампоты з буйнаплодных журавiн атрымлiваюцца выдатныя. Хатнiя гаспадынi з задавальненнем купляюць прыватным чынам ягады з ганчанскiх плантацый: сёлета тут просяць 5 тысяч рублёў за кiлаграм.

Але i сабраныя на балоце, i вырашчаныя на плантацыях журавiны аднолькава карысныя для здароўя.

— Як можна не любiць журавiны? — здзiўляецца Аляксей Несцярэнка. — Гэта самыя лепшыя лекi — ад цiску, ад грыпу i прастуды. Журавiны з мёдам, у кампоце цi морсе — смачна i карысна. Я аддаю перавагу тоўчаным журавiнам з цукрам. Ягады трэба прапусцiць праз звычайную мясарубку або размяць таўкачыкам i дадаць цукру, каб атрымалася 50 на 50. Атрымлiваецца ярка-ружовая сумесь: адна лыжка на дзень дадасць здароўя.

Можна рабiць i журавiнавае варэнне. Праўда, тут давядзецца пазбаўляцца скурак. Ягадам трэба зрабiць першую прыпарку, каб яны далi сок, а потым мякаць працерцi праз марлю альбо друшляк. Дадаць цукар — i лепей не прыдумаць!

А яшчэ Несцярэнкi робяць журавiнавы квас. У бочку трэба налiць чыстай i, лепей за ўсё, крынiчнай вады. Чыстыя журавiны (цiснуць iх не трэба) дабаўляюцца ў разлiку: адно вядро на 30 лiтраў вады. Потым цукар, каб вада стала крыху салодкай.

— Зачыняй i чакай! — завяршае рэцэпт Аляксей Аляксеевiч. — Настойваць трэба тыдзень альбо два. Калi вада стала ружовай, можна пiць. Час ад часу трэба дадаваць ваду зноў, да поўнага, так бы мовiць, зносу ягады. У нас журавiнавы квас выдыхаецца толькi вясной.

Аднак усё гэта журавiнавыя прысмакi ўласнай вытворчасцi, а ганчанскiя плантатары мараць пра шырокую прамысловую перапрацоўку iх прадукту, i не толькi iх.

— Наша Клiчаўшчына — ягадная рэспублiка, — лiчаць у Ганчанскiм. — Тут шмат не толькi журавiн, але i чарнiц, i грыбоў. Таму хацелася б мець у нашым раёне перапрацоўчы камбiнат. Каб на месцы не толькi марозiць ягады, але i рабiць сокi, джэмы i розныя папулярныя прысмакi. Напрыклад, журавiны ў цукры альбо ў цукровай пудры. Вось гэта быў бы высокi ўзровень!

Калi ёсць гарантыя збыту прадукцыi, то можна i пашыраць справу. Яшчэ некалькi гадоў таму нарадзiлася iдэя пасадзiць на лясных плантацыях буякi.

Канадскiя буякi — гэта буйныя ягады, дыетычныя, — расказвае плантатар. — Куст дасягае двух метраў у вышыню, а ягады памерам з пазногаць. Захоўваюцца яны больш працяглы час, чым чарнiцы. Мы робiм з буякоў варэнне.

Але вырошчваць гэтыя ягады на ганчанскiх плантацыях нялёгка: трэба агароджваць пляцоўкi ад лясных жывёл, i да таго ж выспяваюць буякi ўлетку, калi камары ды аваднi з вялiкiм задавальненнем "паядуць" зборшчыкаў ураджаю... Таму канадскiя буякi пакуль растуць толькi на агародзе Несцярэнкаў. У лесе iм хапае пакуль журавiн.

— Як вам падаецца, ваш занятак — гэта наватарства ў жыццi беларускай глыбiнкi альбо вяртанне да каранёў? — пытаюся на заканчэнне ў Аляксея Несцярэнкi.

— Гэта цiкавасць да жыцця. На нашых балотах растуць журавiны, i яны для нас добры заробак. На гэтым i стаiм: на выжываннi i iнтарэсе.

Iлона Iванова.

Клiчаўскi раён.

Усе журавiны

набудзе ў насельнiцтва Магiлёўскi аблспажыўсаюз. У гэтым запэўнiў начальнiк упраўлення нарыхтовак Аляксандр Уткiн

Пакуль кампанiя нарыхтовак журавiн у Магiлёўскай вобласцi iдзе не самымi шпаркiмi тэмпамi — сабрана каля сотнi тон, хоць толькi на экспарт аблспажыўсаюз можа накiраваць замарожаных журавiн у 10 разоў болей.

Тлумачыцца гэта ўмовамi надвор'я — у балотах стаiць вада, а яшчэ болей — сцiплымi цэнамi на журавiны.

— Сёлета мы плацiм за журавiны 2300—2400 рублёў за кiлаграм, — расказаў Аляксандр Мiкалаевiч. — Летась было болей: 3500—4000. Але сусветны рынак дыктуе свае ўмовы.

Посткрызiсныя цэны не вельмi падабаюцца насельнiцтву, якое, вiдаць, прытрымлiвае ягаду да лепшых часiн. Тым больш, што ў раёнах, якiя пацярпелi ад чарнобыльскай радыяцыi, журавiны купляюць толькi на прамысловую перапрацоўку для вырабу вiна яшчэ танней — 2000—2300 рублёў за кiлаграм.

— На экспарт iдзе ўся ягада толькi з Асiповiчаў, Глуска i Бабруйска, — патлумачылi ва ўпраўленнi нарыхтовак. — Што датычыцца Клiчаўскага раёна, то там узнiкаюць праблемы па радыяцыi на палове тэрыторыi. Норма ўтрымання радыенуклiдаў для экспарту журавiн, а таксама вырабу з iх джэмаў i сокаў, напалову меншая за перапрацоўку на вiно. Але мы набудзем у людзей усе журавiны, якiя ёсць! Усе крамы i нарыхтоўчыя пункты аблспажыўсаюза працуюць без выхадных, на месцы i без затрымак выдаюць грошы!

←Семь семерок продали за Br23 миллиона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика