Сiмвалiзацыя дарогi
Дарога ў культуры ўсходнiх славян была надзелена мноствам рытуальных i сакральных функцый. Яна заўсёды суадносiлася з жыццёвым шляхам, таму нашы продкi казалi, што ў кожнага з нас "свая" дарога, хоць, уласна кажучы, кожнаму з нас наканавана прайсцi адну дарогу — ад роднай калыскi цi роднага парога i да могiлак, або ад покуцi роднай хаты i да храма (зямнога цi нябеснага). Дарога была сувязным шляхам памiж светам жывых i "светам" продкаў. Аб памiраючым чалавеку казалi, што ён стаiць на "смяротнай" дарозе i забаранялi спачуваць яму слязьмi i енкамi, каб ён не "сышоў з дарогi".
Дарога стала тым месцам, дзе найбольш выразна праяўляецца лёс чалавека, яго доля, поспех, шчасце.
Поспех у дарозе прадказвала сустрэча з каровай, сабакам, ваўком, чалавекам, якi нясе поўныя вёдры вады, бяздольным чалавекам. Няўдалай будзе дарога пры сустрэчы са святаром, з цяжарнай цi жанчынай, якая не так даўно нарадзiла, з чалавекам, якi iдзе з пустымi вёдрамi, пахавальнай працэсiяй, а таксама кошкай, зайцам, змяёй.
Сустрэча вясельнага картэжу i пахавальнай працэсii была вельмi непажаданай — яна прадказвала магчымую смерць або недаўгавечнасць першынца ў маладой сям'i.
Дарога — гэта месца, дзе "жывуць" мiфалагiчныя персанажы, якiя цi палохаюць вандроўнiка, цi наадварот, дапамагаюць яму не збочыць з дарогi або адшукаць шлях дадому: лесуны, сустрэчнiкi, дарожныя цар i царыца, блукаючыя агеньчыкi, "дарожны страх", чэрцi. У выглядзе вандроўнiка цi згубленай жывёлiны (пеўня, кабана, барана) яны сядаюць на калёсы, i тады чалавек знiкае ў царстве смерцi назаўсёды.
У такiх выпадках сачылi за паводзiнамi каня. Калi пры сустрэчы з чалавекам цi жывёлай конь паводзiў сябе спакойна, значыць, можна не хвалявацца, калi ж конь станавiўся, быццам укапаны, — чакай бяды. Лiчылася вельмi дрэннай прыкметай, калi перад адпраўленнем у дарогу конь пачынаў бiць зямлю капытом.
Асаблiвым аб'ектам увагi ў народнай культуры стала скрыжаванне дарог, разнастайныя месцы iх разгалiнавання, перасячэння дарог i варотаў, мяжы вёскi, маста i iншых перашкод.
Народная традыцыя па-рознаму ставiлася да кожнага дня тыдня. Лiчылася, што найбольш спрыяльнымi для адпраўлення ў далёкую дарогу з'яўляюцца аўторак i чацвер; асаблiва няўдалым — панядзелак.
Аксана Катовiч, Янка Крук.