Як галодныя кітайцы на Мінск хадзілі

Источник материала:  
20.10.2009 08:38 — Новости Общества
Міліцыя затрымала 60 кітайцаў на падыходзе да Пружанаў. Іх вярнулі ў вёску Шчарчова, дзе яны працавалі ўсё лета, бясплатна накармілі і пакінулі чакаць на заснавальніка замежнага прадпрыемства, які павінен прывезці кітайцам заробак.

Улетку беларусы даведаліся пра кітайскае прадпрыемства "Шэнян", якое пачало вырошчваць гародніну недалёка ад Пружанаў — у вёсцы Шчарчова. Пра прадпрыемства хадзілі легенды, нібыта 100 кітайцаў, якія там працуюць, карыстаюцца толькі рыдлёўкамі ды матыкамі, здымаюць вялікія ўраджаі і зарабляюць на гэтым па 800 долараў у месяц.

А днямі міліцыя затрымала 60 кітайцаў каля Пружанаў. Яны выправіліся ў паход на беларускую сталіцу. Ішлі пешшу каля 30 кіламетраў, бо сродкаў на аўтобус у іх не было. Грошай у іх не было ўвогуле, пра што яны хацелі распавесці амбасадару Кітая, каб той неяк паўплываў на кіраўніцтва "Шэняна", якое ўжо які месяц не выплочвае заробак.

Мясцовыя ўлады пераканалі кітайцаў вярнуцца ў Шчарчова, куды да іх прыехалі прадстаўнікі кітайскай амбасады ды беларускае кіраўніцтва прадпрыемства. І зараз канфлікт вырашаны, кажа камерцыйны дырэктар "Шэняна" Ўладзімір Ярамееў. Заснавальнік Сунь Лі Ю павінен прывезці грошы, а каб кітайцы не памерлі з голаду, іх бясплатна кормяць.

Уладзімір Ярамееў: "Ужо ўсё супакоілася. Канфлікт адразу быў вырашаны. Зараз часова не працуюць, таму што няма чаго прадаваць. Пакуль гуляюць. Чакаем на заснавальніка. Харчаванне ім забяспечваюць. Іх там 88 плюс яшчэ 8. Разам — 96".

Прадпрыемства ўсё лета гандлявала на рынках Брэста, Кобрына і Пружанаў, але, паводле слоў Уладзіміра Ярамеева, "Шэнян" сябе не акупае.

Уладзімір Ярамееў: "Пакуль хваліцца няма чым. Пакуль прадпрыемства сябе не акупае. Не ведаю, ці жадаюць яны (кітайцы. — Еўрарадыё) з'ехаць. Калі людзі жадаюць, то заўсёды могуць з'ехаць. А я ў іх кішэню не гляджу, і ўмоў аплаты я не ведаю".

Вельмі дзіўна, што камерцыйны дырэктар не ведае, колькі зарабляюць на яго прадпрыемстве. Сакратарка "Шэняна" кажа, што заробак для кітайцаў ідзе не праз бухгалтэрыю, а напрамую з Кітая, а пра сітуацыю з паходам ніхто праўды не кажа.

Сакратарка "Шэняна": "Проста ніхто тут праўды не кажа. Тыя, хто пайшоў, яны ў нас у штаце не працуюць, таму я не ведаю, што пра іх распавесці. Яны атрымоўваюць камандзіроўкі і заробак з Кітая".

Карэнная жыхарка Шчарчова Алена Сцяпанаўна распавяла Еўрарадыё, што аднавяскоўцы часцяком бачаць галодных кітайцаў.

Алена Сцяпанаўна: "Яны жывуць, як мы кажам, у "хатках", дзе ваенная частка была. Калі яны ідуць па вёсцы, дык штосьці паміж сабой гавораць, але мы іх мовы не разумеем. А яны нас не чапаюць, тут усе старыя. Да мяне не прыходзілі. Людзі кажуць, што галодныя ходзяць. А чаго галодныя — ці грошай няма, ці што — не ведаю. Кажуць, што яны зараз не працуюць".

Мясцовыя ўлады на гэтую тэму гаварыць адмаўляюцца, а тэлефон адзінага перакладчыка Інь Тао, альбо, як яго клічуць на наш манер, Антона, адказвае такім рынгтонам:

"О, моя маленькая бэйба…"

←За пять дней переписи респондентами стали уже 63% населения Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика