Каму пенсiйная прыбаўка за заслугi?

Источник материала:  

Нма сумненняў, што ўзнагароды цi ганаровыя званнi за поспехi ў працы — рэч заўсёды прыемная. Аднак прыемная асаблiва, калi ўзяць пад увагу не менш цiкавы факт — пры пэўных умовах за гэта можна атрымаць дадатковую "прыбаўку" да пенсii. Калi, за што i ў якiх памерах? Зрэшты, разабрацца з гэтымi пытаннямi падрабязней мы паспрабуем з дапамогай вядучага спецыялiста аддзела прызначэння i выплаты пенсiй камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Нiны Паўлаўны Судзянковай.

Увогуле варта заўважыць, што кола прэтэндэнтаў на пенсiю за асаблiвыя заслугi вельмi абмежаванае. Напрыклад, у Мiнску, дзе знаходзiцца значная частка буйных прамысловых прадпрыемстваў, найбольш значныя ўстановы навукi i культуры, такiм правам карыстаецца крыху больш за 2,4 тысячы чалавек. У iншых рэгiёнах гэты паказчык яшчэ меншы. I зусiм не выпадкова. Паводле заканадаўства, пенсiя за асаблiвыя заслугi, у прыватнасцi, можа быць прызначаная толькi Героям Беларусi i Савецкага Саюза; Героям Сацыялiстычнай Працы; кавалерам ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы цi ордэна "За службу Радзiме ва Узброеных Сiлах СССР" адразу трох ступеняў; удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны — мужчынам не менш чым з пяццю i ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай — жанчынам не менш чым з трыма баявымi або працоўнымi ордэнамi; камандзiрам, камiсарам цi начальнiкам штабоў партызанскiх брыгад i атрадаў; асобам, якiя маюць ганаровыя званнi Рэспублiкi Беларусь або СССР "народны" або "заслужаны"; лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii Беларусi, лаўрэатам Ленiнскай i Дзяржаўнай прэмii СССР; а таксама найбольш выдатным спартсменам — пераможцам i прызёрам Алiмпiйскiх гульняў, чэмпiёнам свету i Еўропы.

— Па сутнасцi на гэтым спiс прэтэндэнтаў на пенсii за асаблiвыя заслугi амаль заканчваецца, — кажа Нiна Судзянкова. — Права на такую пенсiю не маюць тыя ж лаўрэаты прэмii Ленiнскага камсамола, кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, грамадзяне, якiя маюць медалi, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета цi Савета Мiнiстраў.

Нялiшне адзначыць i такi момант. Знаходжанне ў "неабходным" пералiку катэгорый — яшчэ не гарантыя прызначэння пенсii за асаблiвыя заслугi. Такая прыбаўка вызначаецца персанальна спецыяльнай камiсiяй пры Савеце Мiнiстраў. Прычым толькi пасля папярэдняга хадайнiцтва аблвыканкамаў цi Мiнгарвыканкама, мiнiстэрстваў цi ведамстваў, Нацыянальнай акадэмii навук. I абавязкова — з улiкам меркавання цяперашнiх або ранейшых працоўных калектываў.

— Да хадайнiцтва дадаюцца дакументы, што пацвярджаюць асаблiвыя заслугi, улiковы лiсток з аддзела кадраў, сцiслая бiяграфiя або аўтабiяграфiя, характарыстыка, даведка аб зарплаце i аб памеры пенсii, а ў выпадку iнвалiднасцi — i даведка медыка-рэабiлiтацыйнай экспертнай камiсii, — заўважае Нiна Судзянкова. — I, дарэчы, рашэнне аб прызначэннi або не прызначэннi пенсii за асаблiвыя заслугi камiсiя пры Савеце Мiнiстраў павiнна прыняць не пазней чым праз месяц пасля атрымання ўсяго гэтага пакета. Тая ж урадавая камiсiя па прызначэннi пенсiй за асаблiвыя заслугi вызначае i канкрэтныя памеры прыбаўкi — з улiкам значнасцi тых самых заслуг, ступенi страты працаздольнасцi цi наяўнасцi ўтрыманцаў. Нейкай нiжняй рысы тут няма, ёсць выпадкi, калi павышэнне за асаблiвыя заслугi прызначалася ў памеры 85—90 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце. Дакладна "замацавана" ў заканадаўстве толькi верхняя планка — 250 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце. Пры гэтым мiнiмальная пенсiя па ўзросце пераразлiчваецца штоквартальна i складае 25 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму. Або на сёння — 62 350 рублёў.

— Неабходна нагадаць, што Законам "Аб пенсiйным забеспячэннi" зноў-такi Героям Беларусi i Савецкага Саюза, Героям Сацыялiстычнай Працы, кавалерам ордэнаў Славы i Працоўнай Славы трох ступеняў, iнвалiдам i ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны таксама прадугледжваецца павышэнне пенсii, прычым такое павышэнне можа дасягаць 500 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце, — працягвае Нiна Судзянкова. — I сапраўды можа атрымацца так, што чалавек будзе мець права як на гэта павышэнне, так i на пенсiю за асаблiвыя заслугi. У такiм разе нiякага выбару рабiць не давядзецца — дзве выплаты будуць рабiцца адначасова. Праўда, iснуе норма: павышэннi паводле Закона "Аб пенсiйным забеспячэннi" i "прыбаўка" за асаблiвыя заслугi ў суме не могуць перавышаць 750 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце.

Звычайна пенсii за асаблiвыя заслугi прызначаюцца мужчынам, якiм ужо споўнiлася 60, i жанчынам, якiм споўнiлася 55 гадоў. Гэта ж датычыцца i асобаў, якiя выйшлi на пенсiю па выслузе. Аднак у агульным правiле ёсць пэўныя выключэннi. Напрыклад, iнвалiды могуць атрымлiваць прыбаўку за асаблiвыя заслугi незалежна ад узросту. А грамадзянам, якiя працавалi ў шкодных цi небяспечных умовах, выплаты такой прыбаўкi пачынаюцца з моманту ўзнiкнення права на датэрмiновую пенсiю.

— Разам з тым, па выплатах пенсiй за асаблiвыя заслугi iснуюць i некаторыя абмежаваннi, — адзначае Нiна Судзянкова. — Так, не будзе выплачвацца частка такой пенсii асобам, якiя пражываюць у дамах-iнтэрнатах, пансiянатах цi тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Не робiцца выплата пенсiй за асаблiвыя заслугi i дзяржслужачым, якiя займаюцца прадпрымальнiцкай дзейнасцю або працягваюць працаваць.

Сяргей ГРЫБ.

Рэальны памер пенсii за верасень зменшыўся

— у параўнаннi з вераснем 2008-га на 9,7 працэнта, у параўнаннi са жнiўнем 2009-га — на 0,3 працэнта.

БЕЛТА.

←Главврача уволили с работы за падение на ребенка книжного шкафа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика