Мастацтва дэкаратараў

Источник материала:  

У Нясвiжскiм замку скляпеннi вырабiлi з гiпсакардону, а старую ляпнiну замянiлi на новую. Разбiрацца на месцы выехаў мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка

Вы бывалi ў тэатры? Бачылi, як ствараюцца дэкарацыi? Глядзiце на сцэну — i там сапраўдны дамок, адкуль выходзяць людзi, а на вокнах стаяць кветкi. Падыходзiце блiжэй — i дамок ператвараецца ў кардонку альбо фанерку.

Мне чамусьцi падалося, што менавiта такiм спосабам цяпер аднаўляецца Нясвiжскi замак. Праблемы гэтага аднаўлення было вырашана разгледзець на выязным пасяджэннi Рэспублiканскай навукова-метадычнай рады з удзелам мiнiстра культуры Беларусi Паўла Латушкi. Тым больш, што такiя пасяджэннi не праводзiлiся ўжо два гады — як i ў Мiрскiм замку, дзе Павел Латушка пабываў у лiпенi, зрабiўшы шэраг крытычных заўвагаў. Рада сабралася ў Нясвiжы, каб прааналiзаваць правiльнасць ходу рэстаўрацыi. Спачатку сябры Рады прайшлiся па замку, агледзелi выкананую працу. Iскры ляцелi ва ўсе бакi.

Мастацтва дэкаратараў— Сяргей Аляксандравiч, чаму вы закрываеце сучаснай цэглай кавалкi старой бастыённай сцяны, якiя мы бачым на валах? — запытаўся ў навуковага кiраўнiка работ Сяргея Друшчыца Павел Латушка.

— Iх немагчыма захаваць, яны разбурацца! — адказаў спадар Друшчыц спадару Латушку.

— Гэта значыць, чатырыста гадоў прастаялi, а тут возьмуць — i пабурацца? — з iронiяй перапытаў мiнiстр. Затым павярнуўся да замкавага рова i адразу аддаў распараджэнне:

— А гэта што за бутэлькi ў рове плаваюць?! Прыбраць неадкладна!.. Тут праз некалькi дзён будзе канферэнцыя, прыедуць Радзiвiлы!

Ацяпленне ў замку яшчэ не ўключылi, таму бутэлькi з-пад алкаголю сустракалiся мiнiстру яшчэ неаднойчы — праз iх давялося пераступаць у адкрытым падчас рэстаўрацыi падземным ходзе мiж бастыёнамi. Непасрэдна ў падземным ходзе Павел Паўлавiч падказаў iдэю рэстаўратарам.

— У гэтым ходзе можна ладзiць экскурсii для турыстаў з факеламi цi свечкамi, як раней хадзiлi. Гэта будзе карыстацца шалёным попытам!..

Сур'ёзныя пытаннi ў мiнiстра ўзнiклi ў замкавым двары. Там нядаўна прыбралi ўсю ляпнiну з фасада галоўнага корпуса. Дзе раней былi старадаўнiя пано, сёння — голая цэгла.

— Няўжо нiяк нельга было захаваць?! — некалькi разоў перапытаў мiнiстр.

— Нiяк!.. — некалькi разоў адказалi рэстаўратары. I паведамiлi, што назад вернецца толькi 15 % ляпнiны, астатняе вылепяць нанава.

Дазволю сабе звярнуць увагу на тое, што падчас сумнавядомага пажару гарэла менавiта гэтая частка замка. Ляпнiна вытрымала. Пажарныя, каб уратаваць замак, лiлi менавiта туды ваду i пену з брансбойтаў. Ляпнiна вытрымала. А тут, бачыце, апынулася ў "катастрафiчным стане"...

— Падкрэслiваю яшчэ раз: пры любых працах у замку i на iншых помнiках архiтэктуры найважнейшая задача — максiмальна захаваць аўтэнтычныя, старадаўнiя часткi, — звярнуўся да рэстаўратараў Павел Латушка.

Наколькi выконваецца гэта цяпер, маглi пабачыць усе сябры Рады. I гiпсакардонныя скляпеннi, i новую ляпнiну на месцы старой, i кандыцыянеры на самым бачным месцы ў гатэльнай частцы замка. У Бальнай зале, дзе яшчэ вясной была старадаўняя ляпнiна, цяпер — зашытыя гiпсакардонам столi i большасць новай ляпнiны. Хаця мiнiстра пераконвалi, што "значная доля захаваная", ваш карэспандэнт даведаўся праўду простым журналiсцкiм спосабам.

— Спадарынi, пакажыце, калi ласка, дзе тут засталiся старыя часткi, — звярнуўся я, калi ўсе выйшлi, да жанчын, якiя працавалi з ляпнiнай на рыштаваннях.

— Вунь там, бачыце, цёмны такi кавалак, i яшчэ во ў куце, — паказалi мне 20 сантыметраў у адным месцы i столькi ж у другiм. I я схiльны верыць гэтым жанчынам, бо адказвалi яны шчыра i без усялякай задняй думкi.

Выбух эмоцыяў у высокай камiсii адбыўся ў замкавых пакоях, дзе будзе адчынены рэстаран. Там падчас працаў было зроблена сенсацыйнае адкрыццё — фрэскi XVIII-ХIХ стагоддзяў на сценах. Захавалiся яны не цалкам. I рэстаўратары ўжо паспелi дзе-нiдзе "дамаляваць" кавалкi, якiх неставала.

— Што вы робiце!.. — не стрымаўся доктар архiтэктуры, дэкан архiтэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў. — Вы ўсё псуяце! Каму будзе цiкава пабачыць фрэскi, якiя глядзяцца, як новыя?! Так нельга рабiць!.. Трэба закансерваваць тое, што ёсць — i так пакiнуць!..

Армена Сяргеевiча падтрымаў старшыня камiтэта архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Мiнгарвыканкама Вiктар Нiкiцiн, iншыя сябры Рады.

— Тады прымаем рашэнне проста зараз спынiць працы i прадумаць гэты момант дэталёва, — падсумаваў дыскусiю Павел Латушка. — Таксама варта падумаць, цi не наробiць шкоды гэтым фрэскам рэстаран, якi тут будзе.

Рэч у тым, што для рэстарана ўжо ўсё падрыхтавана: зроблена вентыляцыя, закуплена абсталяванне. Як кампрамiснае рашэнне прагучала прапанова не выкарыстоўваць гэтую залу штодня (бо рэстаран займае некалькi залаў), а паказваць яе турыстам i праводзiць тут толькi важныя дзяржаўныя прыёмы.

Вялiкую дыскусiю выклiкала пытанне аб мэблi для адноўленага замка.

— У Еўропе iснуюць два падыходы, — распавёў Сяргей Друшчыц. — Напрыклад, у Францыi адноўлены пэўны замак — i набытыя для яго гарнiтуры гэтага перыяду. Аднак нават панi Эльжбета Радзiвiл сказала нам: калi вы набудзеце гарнiтур, якi знаходзiўся на вiле Радзiвiлаў на Мiжземным моры — гэта будзе не Нясвiжскi замак... Iншы шлях — на падставе iконаграфiчнага матэрыялу вырабiць мэблю нанава.

Аднак iснуе i трэцi шлях. Яго агучыў начальнiк Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Iгар Чарняўскi.

— Як распавядала шаноўная панi Эльжбета Радзiвiл падчас лiпеньскага знаходжання ў Нясвiжы, яе бацька, князь Альбрэхт Радзiвiл, рабiў наступным чынам. Купляў недзе ў Гданьску адно прыгожае дарагое крэсла (ён вельмi любiў Гданьскую мэблю), аддаваў сваiм майстрам — i яны выраблялi для яго цэлы такi камплект.

Такi метад быў ухвалены многiмi сябрамi Рады як кампрамiсны. Бо ўсе разумеюць, што грошай на старадаўнюю мэблю з аўкцыёнаў (а трэба больш за 5 мiльёнаў долараў) цяпер няма...

Доктар мастацтвазнаўца Надзея Высоцкая выказала меркаванне наконт верагодных спосабаў папаўнення замка эскпанатамi.

— Па-першае, трэба максiмальна выкарыстаць музейны фонд Беларусi. Трэба разумець, што ствараецца, пасутнасцi, трэцi нацыянальны музей — i гэта справа дзяржаўнай важнасцi. Па-другое, трэба аднавiць дзейнасць мытнай камiсii — бо праз мяжу часам намагаюцца нелегальна пераправiць сапраўдныя мастацкiя шэдэўры. Некаторыя з iх могуць заняць месца ў замку. Па-трэцяе, трэба звярнуцца да касцёлаў i цэркваў — шмат дзе захоўваюцца свецкiя старадаўнiя рэчы, якiя трапiлi туды рознымi спосабамi. I, нарэшце, трэба актыўней працаваць з нясвiжцамi — я ведаю, што ў людзей у хатах захоўваецца шмат лыжак-вiдэльцаў з княжацкага стала...

Мастацтва дэкаратараўIншым значным пытаннем стала аднаўленне замкавай каплiцы. Сяргей Друшчыц паведамiў, што ў Кракаве ўдалося знайсцi каштоўныя звесткi пра iнтэр'еры каплiцы: падрабязны iнвентар рэчаў, якiя былi там адразу пасля пабудовы. Гэтыя звесткi мусяць быць выкарыстаны цяпер. У каплiцы будзе размешчаны арган.

— Даруйце, а як будзе выкарыстоўвацца каплiца? — задала дарэчнае пытанне Надзея Высоцкая.

— У асноўным як канцэртная зала, экспазiцыйная зала для турыстаў, — адказаў дырэктар Нацыянальнага гiсторыка-культурнага музея-запаведнiка "Нясвiж" Валеры Сталярчук. — Але мы вядзём таксама перамовы з ксяндзом, каб часам ладзiць там службы.

На гэтай высокай нарадзе далi слова i карэспандэнту "Звязды". Рэч у тым, што я ўжо два гады займаюся зборам i апрацоўкай радзiвiлаўскiх фотаздымкаў, браў чынны ўдзел у падрыхтоўцы летняга вiзiту князёў Радзiвiлаў у Беларусь. Усе гады рэстаўрацыi я фiксаваў на фота, на маю думку, памылкi рэстаўратараў — ад знiшчэння трохпавярховай галерэi да руйнавання скляпенняў XVI стагоддзя. Маё дваццацiхвiлiннае выступленне, зразумела, было моцна раскрытыкаванае Сяргеем Друшчыцам. Маўляў, ты нiчога не разумееш, не разбiраешся i ўвогуле дылетант. Так, дылетант, бо не маю адпаведнай адукацыi. Аднак пабачыў, што робiце вы, прафесiяналы. Каб зразумець, што нельга руйнаваць старое i замяняць новым, — не трэба быць вялiкiм рэстаўратарам.

— Я бачу, вы адвыклi ад крытыкi, — спынiў сварку мiнiстр Павел Латушка. — Лiчу, што крытыка карысная, бо дае розныя погляды на справу i дазваляе прымаць правiльныя рашэннi. Нагадваю, што вельмi важным пры рэалiзацыi працаў на падобных аб'ектах з'яўляецца навуковы нагляд, дакладнае размежаванне будаўнiчых работ i рэстаўрацыi. Вельмi важна, каб падобныя аб'екты не пераўтварылiся ў вынiку ў аб'екты ХХI стагоддзя, а захавалi ў сабе рысы тых часоў, калi яны будавалiся.

У фiнале пасяджэння мiнiстр звярнуў увагу сяброў Рады на яшчэ адну хiбу.

— Я перагледзеў пратаколы папярэднiх пасяджэнняў, — сказаў Павел Латушка. — Вы прымалi шмат рашэнняў. Але я не пабачыў, каб хоць раз было пракантралявана iх выкананне. Гляджу ў дакумент i бачу рашэнне максiмальна захаваць старую бастыённую сцяну, а на месцы бачу нешта iншае...

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

←Главврача уволили с работы за падение на ребенка книжного шкафа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика